Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кветкі ад палітвязьня: Ігар Лосік з-за кратаў даслаў жонцы 17 букетаў


Кветкі, ілюстрацыйнае фота

Зьняволены блогер і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік ужо амаль 500 дзён у зьняволеньні, але здолеў зьдзівіць сваю жонку Дар’ю.

«Усё пачалося а 8.44-й раніцы са званка ў дамафон. Я паглядзела на гадзіньнік і падумала, што для ператрусу ўжо позна. Але вось што мяне чакала на лесьвічнай пляцоўцы», — піша Дар’я Лосік у сваім Instagram і дзеліцца фота і відэа букетаў.

Арганізаваць сюрпрыз Ігару Лосіку дапамаглі розныя нераўнадушныя людзі. Мяркуючы па сторыс, кветкі працягваюць прыносіць.

«Як гэта выдатна! Дзякуй, муж і ўсім вам, хто яму дапамог! Ня ведаю, што і рабіць: дома ўжо скончыліся вазы і слоікі», — напісала Дарʼя Лосік.

Падтрымаць палітвязьня можна лістом, паштоўкай ці тэлеграмай: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Ігар Аляксандравіч Лосік.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
  • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
  • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
  • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
  • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
  • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG