Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зь Віктарам Бабарыкам не дазваляюць нават гаварыць». Былы студэнт не атрымаў адказу на прашэньне аб памілаваньні


Выпускное фота Максіма Тужыка
Выпускное фота Максіма Тужыка

20-гадовы Максім Тужык, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку, яшчэ ў чэрвені напісаў прашэньне аб памілаваньні, аднак дагэтуль не атрымаў ніякага адказу.

Былога студэнта тэхналягічнага ўнівэрсытэту (БДТУ) Максіма Тужыка абвінавацілі ў зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў паводле артыкулу 370 і хуліганстве паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу.

5 кастрычніка мінулага года Максім Тужык зьняў з галоўнага ўваходу аўтавакзала «Цэнтральны» дзяржаўны сьцяг Рэспублікі Беларусь. Гэта ўбачыў 62-гадовы мінак Аляксей Абрамаў, які схапіў заплечнік Максіма, пакінуты хлопцам на зямлі. Тады Максім ударыў Абрамава кулаком у твар, а потым тронкам сьцяга. Максім прызнаў сваю віну часткова. Ён сказаў, што ня меў хуліганскіх намераў, а хацеў адабраць свой заплечнік, дзе знаходзіліся дакумэнты. Потым ён выкінуў тронак у траву, а сьцяг у сьметніцу.

Затрымалі Максіма Тужыка 8 кастрычніка. 4 сьнежня Кастрычніцкі суд Менску прысудзіў яму чатыры гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

МУС паказала відэа з допытам Максіма, аголеным да пояса і ў кайданках. Хлопец сказаў, што ўдзельнічаў у маршах, бо яго ўразілі відэа, дзе сілавікі б’юць дэманстрантаў. Зьняць афіцыйны сьцяг было яго ініцыятывай, бо ён абурыўся, што здымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.

Сям’я Максіма жыве ва Ўзьдзе.

«Амаль увесь травень Максім правёў у ШЫЗА, вельмі схуднеў і маральна зьнясілеў, таму напісаў прашэньне аб памілаваньні, — кажа маці вязьня Юлія Тужык. — Пасьля гэтага ціск на яго зьменшылі. Аднак дагэтуль Максім не атрымаў ніякага адказу».

У ШЫЗА Максіма зьмясьцілі за тое, што ён заснуў на працы, меў неналежны вонкавы выгляд, дрэнна пагаліўся, няправільна прывітаўся.

У калёніі Максім Тужык пазначаны жоўтай біркай, як і іншыя зьняволеныя з палітычных матываў. Таксама яго паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму.

«Зараз ён у атрадзе, працуе, як і раней, 6 дзён на тыдзень. Стамляецца, але трымаецца. Працуе на мэталаломе: разьбірае старыя кабэлі, медзь пакуе асобна», — кажа Юлія.

Бацькі бачыліся з Максімам двойчы на кароткіх спатканьнях.

«Апошні раз у верасьні. Ён вельмі асьцярожна расказвае пра побыт і ўмовы, запэўнівае, што ўсё добра. І сапраўды я бачу, што ён у адноснай бясьпецы. Стараецца ўсьміхацца, жартуе, відаць, пачуцьцё гумару дае моцы трымацца. Расказваў, што мае добрыя стасункі зь іншымі вязьнямі. Толькі зь Віктарам Бабарыкам ім не дазваляюць нават гаварыць: тых, хто падышоў павітацца, адразу адправілі ў ШЫЗА», — кажа Юлія.

У лістах Максім супакойвае бацькоў, што ў яго ўсё добра.

«Вельмі цікавіцца, што ў нас адбываецца, але я таксама ня ўсё магу пісаць. Неяк напісала пра мігрантаў, пра выставу „Арт-Менск“, дык палову ліста, дзе якраз пра гэта, не аддалі яму, — кажа Юлія. — Вольнага часу ў яго вельмі мала, бо трэба парадкаваць свае рэчы, мыць, пасьля працы штосьці прыгатаваць, бо хочацца есьці пасьля сталовай. Стараецца ўрваць паўгадзіны, каб пачытаць. Чытае Дастаеўскага, шмат гістарычнай літаратуры».

У адным з апошніх лістоў з калёніі Максім піша, што ў яго ўсё добра, атрымаў пасылку і перадачу.

«Перайшлі на зімовую форму адзеньня. Дазволена сподняя бялізна, шалік, пальчаткі. Па раніцах халаднавата, таму цёпла апранаюся. Лісьце ападае, амаль кожны дзень выходзім на тэрыторыю прыбіраць лісьце, лужыны. Уключылі новы музычны канал па тэлевізары: Муз-ТВ. Значна лепшы, чым Ru.tv, — піша Максім. — Я трымаюся, у мяне ўсё выдатна, зычу вам таго ж добрага настрою, што і ў мяне. Верце ў лепшае і не сумуйце», — піша Максім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG