Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дачка плакала, прасіла абняць тату хоць на хвіліначку». Як сям’я з чацьвярымі дзецьмі чакае бацьку-палітвязьня з калёніі


Сямʼя Мікалая Шэметава

Шматдзетнаму бацьку Мікалаю Шэметаву 16 ліпеня прысудзілі 2 гады калёніі за нібыта арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Ужо амаль год ён знаходзіцца ў няволі. Жонка 31-гадовага Мікалая Аксана засталася дома адна зь дзецьмі. Пра тое, як зьмянілася жыцьцё сям’і пасьля арышту, жанчына расказала Свабодзе.

«Дачка па начах рыдала, клікала тату»

«Празь месяц пасьля затрыманьня мужа я нарадзіла чацьвёртае дзіця, якога ён, натуральна, яшчэ ня бачыў», — расказвае Аксана Шэметава.

Ужо амаль год яна сама спраўляецца з усімі хатнімі і працоўнымі абавязкамі. 21 сьнежня яе мужа Мікалая затрымалі пасьля таго, як ён завёў дачку ў школу. Калі мужчына спусьціўся зь лесьвіцы навучальнай установы, яго схапілі сілавікі, пасадзілі ў бус і павезьлі на працу, каб правесьці там вобшук. З таго часу сваякі Мікалая на волі яго ўжо ня бачылі.

Аксана кажа, што спачатку дзеці цяжка пераносілі расстаньне з татам.

«Сярэдні сын спрабаваў узяць на сябе ролю бацькі. Яму 7 гадоў, але ўжо пасталеў даволі моцна, знаходзіць нейкую адвёртку і спрабуе нешта рамантаваць, — расказвае Аксана. — Дачка ў нас вельмі татава, яны засыналі і прачыналіся разам. Адразу ёй было цяжка адаптавацца. Шмат было ўсякіх нюансаў: па начах рыдала, клікала бацьку. Амаль паўгода мы хадзілі да псыхоляга. Цяпер ужо стала крыху лягчэй».

Аксана расказала, што цягам некалькіх месяцаў не паведамляла дзецям, дзе знаходзіцца бацька:

«Адразу Коля прасіў прыдумаць якую-небудзь байку, што, маўляў, паехаў па футра на Паўночны полюс. У дзяцей цяпер такі ўзрост дапытлівы, складана ад іх было нешта ўтойваць. Яны ўжо ўсё бачаць, разумеюць, ад гэтага прысутнічала нейкая напруга. Урэшце ў красавіку я ім расказала, што тату злыя дзядзькі пасадзілі ў турму і не адпускаюць».

Па словах Аксаны, дзеці не пыталіся, за што менавіта Мікалай знаходзіцца за кратамі.

«Яны ўяўлялі, што тату забралі несправядліва, што яго проста скралі, бо нехта так захацеў; разумелі, што ён нікога, напрыклад, не забіваў. Справа ў тым, што мы жывём на Пушкінскай і дзеці чулі выбухі, бачылі ўсё, што адбывалася пасьля выбараў. Каб трапіць у краму, нам трэба было прайсьці „ланцуг салідарнасьці“ і г .д. І, хочаш ня хочаш, мы станавіліся сьведкамі вядомых падзей толькі таму, што мы там жывём».

«На спатканьні прасіла абняць тату хоць на хвіліначку, хоць на імгненьне»

Па словах суразмоўцы, пасьля суду дзеці змаглі пабываць зь Мікалаем на спатканьні.

«Кожны зь іх хадзіў спачатку на Валадарскага, потым пасьля апэляцыі мы езьдзілі ўжо ў Баранавічы», — расказвае Аксана. Яна кажа, што сустрэча з бацькам у СІЗА паўплывала на дзяцей станоўча.

«Стала неяк спакайней, нейкі такі выдых, бо яны ўжо ведалі, што тата жывы, што зь ім усё добра, ён сябе нармальна адчувае. Раней гэта выклікала ў іх сумневы, — кажа Аксана. — Толькі ў Баранавічах дачка перанесла спатканьне даволі эмацыйна. Яна плакала, прасіла абняць тату хоць на хвіліначку, хоць на імгненьне. Там няма кратаў і, у прынцыпе, мы знаходзіліся за 2 крокі ад яго. Яна гэта разумела, але, вядома, правілы ёсьць правілы, і якраз там яны выконваюцца».

Аксана і Мікалай Шэметавы
Аксана і Мікалай Шэметавы

Аксана зазначыла, што пакоі для спатканьняў у двух СІЗА значна адрозьніваюцца.

«На Валадарцы было страшнавата, адчувалася нейкае нагнятаньне, у пакоі старая плітка, краты, шкло... А ў Баранавічах было больш цывілізавана, там стаяць шклопакеты, акуратныя тэлефонныя трубкі...»

Па словах Аксаны, у Баранавічах, каб трапіць у пакой, дзе адбываюцца спатканьні, яна павінна была пасьля праверкі на ўваходзе ў СІЗА прайсьці 50-60 мэтраў праз калідор іншых камэр.

«Вось ты ідзеш, і напісана на сьцяне: „Пакой № 6“, Коля мне расказваў, што ён там сядзеў у карцары. І ты разумееш, што, магчыма, у гэтай камэры хтосьці якраз у гэты момант знаходзіцца», — кажа жанчына.

«СІЗА ў Баранавічах — гэта другое Акрэсьціна ці нават горш»

Аб умовах утрыманьня зьняволеных у СІЗА на Валадарскага і Баранавічах жанчына кажа наступнае:

«На Валадарскага з таго, што я бачыла, імкнуцца „трымаць планку“. Зразумела, што ёсьць усюды зьдзекі — камусьці лістоў не аддаюць, камусьці забараняюць перадачы — але там да людзей ставяцца як да людзей. Маю на ўвазе, ня будуць іх штурхаць, напрыклад, нагамі. Баранавічы — гэта другое Акрэсьціна ці нават горш. Усе, хто туды прыяжджаюць, праз тыдзень-два апынаюцца ў карцары. Для палітычных там перарабілі былую стайню: падлогі няма, замест яе гліна; са сьцен тырчаць камяні, кругом цьвіль — „усё самае лепшае“ для іх падрыхтавалі, як маглі».

Аксана думае, што матрацаў і пасьцельнай бялізны палітычным там таксама не выдавалі:

«Такую выснову я зрабіла пасьля таго, як на апошнім спатканьні Коля сказаў: „Спадзяюся, калі пераеду ў калёнію, у мяне там будуць хаця б матрац і бялізна“. Яшчэ ён расказаў, што ў іх былі „палітхвілінкі“, на якіх „вучылі радзіму любіць“: іх выводзілі з камэры і білі па нагах».

Нядаўна ў справе Мікалая адбыўся яшчэ адзін суд. На гэты раз «Менсктранс» выставіў мужчыну пазоў з мэтай спагнаньня зь яго шкоды за «блякаваньне дарог» 27 верасьня 2020 году.

«Зыходзячы з таго, што майго мужа прызналі каардынатарам маршу, яго абвінавацілі ў перакрыцьці руху, і цяпер ён мусіць аплаціць выдаткі „Менсктрансу“ за той працоўны дзень (на гэты момант тая сума складае звыш 33 тысяч беларускіх рублёў. — РС)», — удакладняе Аксана Шэметава.

Паводле яе, пакрыць шкоду за 27 верасьня абавязаны і іншыя фігуранты, дакладная колькасьць якіх на гэты момант невядомая. Пазоў у выніку неабходна будзе выплаціць у салідарным парадку, калі ўсіх абвінавачаных выявяць і іхныя справы разгледзяць у судзе.

«Шануе простыя рэчы, якіх раней не заўважаў»

Цяпер Мікалай знаходзіцца ў калёніі № 22 у Івацэвічах. Там яго ўжо перавялі ў атрад пасьля адбыцьця карантыну. Нядаўна Аксана змагла пагутарыць з мужам празь відэасувязь.

«Мы пагаварылі літаральна 4 хвіліны. Ён расказаў, што ў параўнаньні з усімі папярэднімі месцамі тут (у калёніі) рай. Прынамсі, вакол лес, пахне журавінамі і ёсьць сонца — адным словам, ён цяпер шануе простыя рэчы, якіх раней абсалютна не заўважаў».

Аксана падзялілася, што ў іх з мужам зьявіліся нават свае «традыцыі»: напрыклад, у лістах яны дамовіліся піць гарбату «разам» а 15-й гадзіне.

«Цяпер ужо кожны раз думаю, што напісаць яму ў лісьце, чым падзяліцца, і не банальным, а нечым цікавым. Каб выклікаць пазытыўныя эмоцыі і заглушыць гэты страх, боль, жах», — кажа жанчына.

«Усё будзе, пытаньне толькі часу»

Аксана кажа, што спраўляецца з усімі справамі, якія зваліліся на яе плечы за час адсутнасьці мужа.

«Спачатку было страшней, чым цяпер, але я ня проста нейкі дурны чалавек, у якога рэзка ўсё стала дрэнна. Я разьбіраюся ў шмат якіх рэчах, адукацыяй я эканаміст, саўладальніца фірмы мужа (у сям’і Шэметавых кветкавая крама. — РС). Калі на працы камусьці з нашых супрацоўнікаў трэба дапамагчы, я бяру дзіця, саджуся ў машыну і еду. Там усе сына возьмуць на рукі, па чарзе яго носяць, і ў выніку пасьпяваеш шмат зрабіць».

Мікалай, як падлічыла Аксана, выйдзе на волю прыкладна ў 20 днях ліпеня 2022 году. Жанчына кажа, нават калі яе муж адсядзіць цалкам увесь тэрмін, шкадаваць аб змарнаваным часе няма сэнсу.

«Цяпер усё адбываецца насуперак разумнаму сэнсу, нейкім чалавечым паняцьцям, не паддаецца адэкватнаму аналізу. Я ведаю, што мой муж не шкадуе аб тым, што праходзіць гэты шлях, — кажа Аксана, — Прайграць у нейкім баі яшчэ не азначае прайграць вайну. Вінаваціць кагосьці ў нечым ня мае сэнсу, нашы людзі адкрылі свае вочы на многія рэчы і крыўдзіцца на нешта, мне здаецца, нелягічна. Значыць, гэта камусьці было патрэбна. Усё роўна ўсё будзе, пытаньне толькі часу», — кажа жонка палітвязьня Аксана Шэметава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG