Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы сказалі сваё слова ў 2020-м і будзем яго трымацца». Чыноўнік, звольнены за пратэсты, распачаў бізнэс у Варшаве


Дзьмітры і Натальля Шмігельскія, архіўнае фота
Дзьмітры і Натальля Шмігельскія, архіўнае фота

Дзьмітры Шмігельскі да падзей 2020 году ўзначальваў прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» ў Жлобіне. Ягоная жонка працавала ў прыватным мэдыцынскім цэнтры. Пасьля арышту паводле артыкулу 23.34 Дзьмітрыя звольнілі. Працы на радзіме ён не знайшоў. Цяпер Шмігельскія маюць фудтрак у Варшаве і кормяць людзей хатнімі блінцамі.

«Вясной 2020 году было адчуваньне, што ўлада знарок злуе народ»

«Мне 37 гадоў, жонцы на год меней. Я нарадзіўся і ўсё жыцьцё, за выняткам атрыманьня вышэйшай юрыдычнай адукацыі, пражыў у Жлобіне. Сюды і жонку прывёз — на вучобе пазнаёміліся. У нас двое дзяцей — 8 і 11 гадоў, дачка і сын. У Жлобіне працаваў юрысконсультам у Цэнтры алімпійскага рэзэрву, потым у вядомай тады страхавой кампаніі «B&B Insurance Co». Яна цяпер ліквідаваная. У тыя гады я яе пасьпяхова разьвіваў у Жлобіне, Сьветлагорску і Рагачове.

Мяне запрасілі ўзначаліць прадстаўніцтва «Белдзяржстраху». Пэрспэктыва кар’ернага росту, досьвед працы кіраўніком пераважылі іншыя фактары, і я з 2014 году кіраваў прадстаўніцтвам.

Калі пачалася «гэтая гісторыя» для мяне? Мусіць, вясной 2020 году. Я глядзеў беларускую тэлевізію і бачыў жаданьне ўлады прыхарашыць сябе — з аднаго боку. З другога боку было такое, што і не было чаго станоўчага паказаць. Гледзячы на сытуацыю з каранавірусам, я бачыў бязьдзеяньне ўлады, абразы ўсяго беларускага народу і канкрэтных людзей, сямей, нагнятаньне абстаноўкі. Было такое адчуваньне, што ўлада хоча як мага больш раззлаваць людзей. Можа быць, неабдумана, сьлепа.

Тым часам перадвыбарная кампанія пачалася даволі цікава праз тых людзей, якія прэтэндавалі стаць кандыдатамі. Гэта была ня тая шматгадовая апазыцыя, а новыя фігуры. Граматныя, пасьпяховыя мэнэджары, якія паказалі, што могуць працаваць, рэалізаваць свае праекты нават ва ўмовах беларускага заканадаўства, беларускай „стабільнасьці“ — я бяру гэтае слова ў двукосьсі. Яны прэзэнтавалі сябе не як прэзыдэнт, які ведае, як лячыць людзей і чым карміць кароў, а як мэнэджары, якія могуць сабраць каманду, якая зоймецца эканомікай краіны».

«Улада адважылася на ўмоўную хатнюю гаспадыню — але і тут яна пралічылася»

«Калі б Бабарыка і Цапкала трапілі ў бюлетэні і былі справядлівыя выбары, мы маглі б вызначыць, каму зь іх больш сымпатызуе беларускі народ. Але ва ўлады быў панічны страх перад імі. Улада адважылася на ўмоўную хатнюю гаспадыню — але і тут яна пралічылася, таму што тады беларускі народ быў зьяднаны як ніколі. Мы прагаласавалі б за любога чалавека, апроч аднаго. І за Ціханоўскую мы галасавалі ў адзіным парыве. З майго атачэньня я ня ведаю людзей, якія галасавалі б за Лукашэнку. Можа быць, яшчэ нейкія людзі пажылога веку і галасавалі за яго, за „стабільнасьць“.

Няма ў сьвеце такога прыкладу стабільнасьці, каб пры ёй разьвівалася эканоміка краіны. Мы ўсё ж жывём у цэнтры Эўропы і бачым, як можна жыць, разьвівацца.

Мы ведалі, што Лукашэнка прайграе выбары. Так яно і адбылося.

Тры цяжкія дні, 9–11 жніўня, мы не разумелі, што ў іншых гарадах Беларусі. Калі даведаліся пра той жах, які адбываўся, то з жонкай далучыліся да ўсіх мірных акцый у Жлобіне».

Акцыя пратэсту ў Жлобіне 14 жніўня 2020 году
Акцыя пратэсту ў Жлобіне 14 жніўня 2020 году

«Для мяне як юрыста рашэньне пра 10 сутак было шокам»

«Што мы чакалі тады ад улады? Нашы мірныя акцыі мелі пасланьне да іх: спыніцеся, пакайцеся, прызнайце памылкі, акажыце дапамогу тым, хто пацярпеў. У Жлобіне таксама старшыня райвыканкаму і начальнік міліцыі выходзілі на плошчу для размовы зь людзьмі. Але што яны казалі? Што ніхто не пацярпеў ад гвалту, што ў шпіталі толькі пацярпелыя міліцыянты. Было страшна і брыдка слухаць гэтую нахабную хлусьню.

Але ў Жлобіне хоць была „перадышка“ недзе з тыдзень, калі ўдзельнікаў мірных акцый не чапалі. Потым на акцыі стала хадзіць менш людзей, і ўлада пачала затрыманьні, суды і „суткі“. Нас з жонкай судзілі „па 23.34“ у адзін і той жа час, толькі ў розных кабінэтах. Я спачатку нават не зразумеў рашэньня суду — пакараць мяне 10 суткамі. Для мяне як юрыста гэта быў шок — за што? Мы не парушалі ані закону, ані Канстытуцыі. Выйшлі з кабінэтаў. Я кажу жонцы, што мне далі 10, а яна адказвае: „А мне 20. А чаму табе менш, чым мне?“ — бо думала, што 10 базавых велічынь. А яна атрымала штраф 20 базавых, а ня „суткі“.

У параўнаньні з Акрэсьціна ці Жодзіна раённы ІЧУ быў такім „пяцізоркавым ізалятарам“. У нас было сем месцаў, столькі ж людзей і сядзелі. Цікава, што людзі, якія сядзелі „за наркотыкі“, казалі нам, „палітычным“: „Вы, калі пераможаце, не забудзьце пра нас“. Бо даваць людзям па 10-15 гадоў за наркотыкі — гэта зашмат. Змагацца з наркотыкамі трэба, але не такімі мэтадамі».

«Мяне хутка звольнілі, бо кожны з маіх кіраўнікоў хацеў застацца на сваёй працы»

«Калі я вярнуўся з „сутак“, пачаўся працэс звальненьня. Дзеяньні кіраўніцтва былі пасьпешлівымі і панічнымі. Бо кожны з маіх кіраўнікоў хацеў застацца на сваёй працы, таму так сьпяшаліся. Наколькі я ведаю, загад на маё звальненьне даў і Жлобінскі райвыканкам, і Гомельскі аблвыканкам. Ніхто не разьбіраўся. Іх не палохала, што я буду абскарджваць гэтае рашэньне.

Кожны хацеў пад страхам уласнага звальненьня як мага хутчэй „вырашыць гэтае пытаньне“ і даць справаздачу. Са мной кіраўніцтва не размаўляла, я нібыта стаў ізгоем. У кіраўніцтве не знайшлося ніводнага сьмелага чалавека, які проста патэлефанаваў бы мне, па-чалавечы. Гэта было крыху балюча. Калектыў падтрымліваў мяне, пісаў зварот. Але начальства ім патлумачыла, што ўсё, рашэньне прынятае.

Дзьмітры і Натальля
Дзьмітры і Натальля

Фармальна яны аформілі мне вымовы, хоць за шэсьць гадоў ня меў ніводнай. Тут жа — дзьве вымовы за два тыдні. І звольнілі. Я мог бы пайсьці ў суд, але вырашыў не марнаваць часу.

Я веру ў справядлівасьць, якая некалі будзе ў нашай краіне. Мы некалі зоймемся рэабілітацыяй усіх незаконна звольненых і кампэнсацыямі ім. Пажадана — за кошт тых, хто звальняў».

«Зразумелі, што ў Жлобіне мы застацца ня можам»

«Я шукаў працу. Але з кожным днём прыходзіла разуменьне, што ў Жлобіне мы застацца ня можам, пакуль ня зьменіцца ўлада. Я выдатна разумеў, што маё прозьвішча будзе яшчэ доўга згадвацца ў дзяржаўных кабінэтах. У дзяржаўныя структуры мне шлях быў закрыты. У прыватных я сам не хацеў прыносіць непрыемнасьці.

Шукаў працу і ў іншых гарадах. Але патэнцыйныя наймальнікі адразу не адмаўлялі, прасілі паўзу. З кожным днём гэтая паўза павялічвалася. Відаць, яны самі чакалі, глядзелі, ці зьменіцца сытуацыя.

Я ня мог проста сядзець і маўчаць. Каб застацца і працаваць у Беларусі, я мусіў стаць зусім непрыкметным, ні з кім не размаўляць, нічога не камэнтаваць. Я такога сабе не ўяўляў. Мы ўсе сказалі сваё слова ў 2020 годзе і сказалі, што далей маўчаць мы ня будзем, будзем трымацца сваёй лініі. Для мяне мець голас, магчымасьць выказвацца — такое ж базавае права, як права на жыцьцё.

Мы вырашылі пераехаць у Польшчу, таму што, як мінімум, тут няма вялікага моўнага бар’еру. Мова нескладаная для вывучэньня. Адзінае, што мы пераймаліся за дзяцей — каб забясьпечыць ім школу, гурткі, спартовыя сэкцыі. Сын займаўся ў Жлобіне хакеем, але ў Польшчы з хакеем складаней, тут няма лядовых палацаў. Мы знайшлі хакейны клюб для яго, і цяпер ён пасьпяхова займаецца. У ягонай камандзе ёсьць і іншыя беларускія падлеткі. Дачка працягвае займацца валейболам.

Дзецям тут падабаецца, цікава праходзяць урокі ў школе, тут усё па-іншаму. Меншыя вакацыі, але часам незаплянавана кляса ідзе на экскурсію ці на нейкія забавы, на пікнік. З нашай сям’і малодшая дачка цяпер найлепш ведае польскую мову.

Дарэчы, тая дапамога, пра якую заяўлялі розныя фонды, — гэта ўсё працуе. Мы таксама атрымлівалі дапамогу ад беларускіх фондаў, розную. У тым ліку нам далі валянтэра, які дапамагаў з уладкаваньнем дзяцей у школу, са зносінамі зь дзяржаўнымі інстанцыямі».

«Застаецца толькі крычаць на ўвесь сьвет пра тое, што адбываецца ў Беларусі»

«Я атрымаў другую адукацыю ў Варшаўскім унівэрсытэце. Гэта былі дыпляматычныя курсы. Але пакуль паклаў дыплём на паліцу. У нас з жонкай нарадзілася ідэя — гастранамічны праект. Мы пачалі з малога — з фудтраку. Усё рабілі самі, з нуля, без ніякага фінансаваньня звонку — пакуль так. Пакуль мы разьлічваем на свае сілы. Калі зразумеем, што ўсё ідзе добра, то будзем думаць аб прыцягненьні нейкіх сродкаў.

Пакуль гэта сямейны бізнэс. Мы пячом вялікія бліны з рознымі начынкамі. У Варшаве шмат падзей, фэстаў, туды запрашаюць уласьнікаў фудтракаў за пэўныя грошы. Гэтая сфэра — вулічнай ежы — вельмі разьвітая ў Варшаве. У нас ёсьць адзін канкурэнт (маю на ўвазе бліны), але ён прэзэнтуе сваю ежу як „француская кухня“. У нас жа беларуская. І фудтрак наш — пад нашым беларускім свабодным сьцягам.

Перамены ў нашай краіне непазьбежныя, гэта пытаньне часу. Цяпер толькі застаецца крычаць на ўвесь сьвет пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Каб людзі не забыліся, каб усё вырашылася ў прававым рэчышчы, у тым ліку міжнародным. Каб усе, хто чыніў зло, былі пакараныя.

Яшчэ хочацца, каб тыя апошнія людзі, якія неяк пераканалі сябе, што гэтая ўлада гадзіцца для кіраваньня краінай, каб яны зразумелі, што памыліліся, і што самі яны таксама вартыя лепшай долі. Насамрэч нас шмат, тых, хто за перамены, і ў Беларусі ў нас шмат аднадумцаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG