«Я сказаў, што калі мне папросяць меней, чым „карупцыянэру“ (Віктару Бабарыку. — РС), то я ўспрыму гэта як абразу», — піша палітзьняволены.
Ён паведамляе, што ведае пра сытуацыю, калі «палітычныя» месяцамі сядзяць у штрафных ізалятарах.
«Адзін чалавек расказваў, як там у ШЫЗА замярзаеш, і потым уночы ногі сутаргай зводзіць. А людзі думаюць, што палітычных проста ў турме ізалююць ад грамадзтва, і зусім ня ўлічваюць, што іх проста павольна забіваюць, нэрвы і здароўе губляюцца беззваротна. Бог ім судзьдзя. Шкада сьляпых ці тых, хто мае вушы, але ня чуе. Хрыста ж за словы таксама судзілі, яго абвінавацілі, што ён народ падбухторваў. Так што нічога ў сьвеце не зьмяняецца», — напісаў Ціханоўскі.
Ён дадае, што калі нешта непазьбежна — то і перажываць тут няма аб чым. «Трымацца трэба тым, у каго ёсьць варыянты: паварочваць галаву ці адварочваць — вось каму цяжка. А ў мяне такіх праблем няма, мне чырванець няма за што, хіба толькі за іншых», — піша палітвязень.