Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацелі, каб я агаварыў Ціханоўскага». Вялікая размова са Зьмітром Фурманавым


Зьміцер Фурманаў адразу па вызваленьні 21 кастрычніка 2021 году
Зьміцер Фурманаў адразу па вызваленьні 21 кастрычніка 2021 году

Экс-палітвязень расказвае, чаму выехаў зь Беларусі ў першыя ж гадзіны пасьля вызваленьня, як ад яго дамагаліся абгавору Ціханоўскага і чым варта жыць беларусам далей.

Гарадзенца Зьмітра Фурманава вызвалілі зь віцебскай калёніі 21 кастрычніка. Ён адбыў увесь тэрмін зьняволеньня, які прысудзілі. У першыя гадзіны пасьля вызваленьня былы палітвязень даў некалькі кароткіх інтэрвію, затым разам з бацькамі даехаў да Менску, дзе сеў на аўтобус да Кіева. У размове са Свабодай Зьміцер расказаў аб прычынах такога хуткага ад’езду, а таксама пра тое, што зь ім адбывалася пасьля затрыманьня на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у канцы траўня 2020 году.

«Думаў, што зараз проста паеду дадому»

«Калі я выйшаў з калёніі, я думаў, што зараз паеду дадому і на гэтым мая гісторыя будзе скончаная, — гаворыць Зьміцер. — Я буду жыць, як і раней, як да тых падзей травеньскіх, калі мяне выкралі. Але не. Мне сказалі, што ўсё толькі пачынаецца. Што калі я зараз не пакіну краіну, то, магчыма, больш не змагу гэтага зрабіць. Мяне пачнуць зноў перасьледаваць, я зноў магу трапіць за краты. У дадатак у мяне быў абавязак адзначыцца ў міліцыі цягам трох дзён пасьля вызваленьня. Мне нічога не заставалася, як ехаць».

Зьміцер кажа, што на яго ад’езьдзе настойвалі ў тым ліку і бацькі. Адразу пасьля вызваленьня яны хутка адвезьлі яго ад будынкаў калёніі. Патлумачылі, што сытуацыя безвыходная і ён павінен ехаць. Праз чатыры гадзіны пасьля вызваленьня былы палітвязень разьвітваўся з бацькамі на вакзале ў Менску.

«Яны селі на маршрутку, якая адвезла іх у Горадню. А я на аўтобус, які мяне вывез за мяжу, — расказвае Зьміцер Фурманаў. — Я нават не даехаў да Горадні, не пабыў дома. З бацькамі я бачыўся толькі ў аўтамабілі, пакуль ехаў да Менску. Цяпер мы размаўляем зь імі па тэлефоне, празь відэасувязь. Гэта лепш, чым знаходзіцца ў страху і чакаць кожны момант, што нехта за мной прыйдзе. Магчыма, гэтага і не здарылася б. Але рызыка неапраўданая ў маім выпадку. Мне трэба было выбраць, жыць на свабодзе ўмоўнай, але не адчуваць сябе вольным, альбо жыць у свабоднай краіне».

З моманту вызваленьня Фурманава прайшло больш за тры дні (размова запісвалася 27 кастрычніка. — РС), але пакуль яго ў Беларусі ніхто не шукаў. Пра гэта Зьміцер ведае ад бацькоў.

«Групу захопу для нас рыхтавалі яшчэ ў Слуцку»

Зьміцер Фурманаў успамінае, што за некалькі дзён да горадзенскіх падзей быў зь Сяргеем Ціханоўскім у Слуцку. Ужо пасьля вызваленьня ён даведаўся, што там для групы Ціханоўскага рыхтавалі групу захопу, аднак затрыманьне зь нейкай прычыны адбылося толькі праз тры дні на пікеце ў Горадні.

«Нядаўна я даведаўся, што існуюць нейкія запісы перамоваў сілавікоў пра гэта, — гаворыць Фурманаў. — Сам яшчэ ня слухаў іх. Але мы і тады ведалі, што за намі ўжо пачалі паляваць, былі такія чуткі. Як толькі мы зь Менску паехалі па іншых гарадах, то пачалося паляваньне. Але тады я проста зьбіраў подпісы, быў сябрам ініцыятыўнай групы. Мне нават у галаву не магло прыйсьці, што гэта можа быць нечым незаконным. Я і цяпер гэтага не разумею».

Па словах былога палітвязьня, у матэрыялах ягонай справы не было ніякіх доказаў віны, толькі асобныя, не зьвязаныя паміж сабой паперы і дакумэнты. Характарыстыкі, лісты на яго адрас, адказы Фурманава людзям, якія пісалі яму. Зьміцер расказвае, што прысуд на рукі атрымаў, калі быў у карцары горадзенскай турмы. Зь яго ён даведаўся, у чым сьледзтва ўгледзела найбольшае злачынства.

«Гэта быў тапак, якія я падарыў Ціханоўскаму як сымбаль пратэсту, — гаворыць Фурманаў. — Я нарэшце тады зразумеў, за што сяджу ў турме ўжо год. Гэта была асноўная мая віна. Пры гэтым з самім Ціханоўскім падчас сьледзтва я нават ня бачыўся. Сьледчыя органы ўвогуле не асабліва цырымоніліся з допытамі. У іх была хутчэй задача прызнаньня мной віны. Падрабязныя пытаньні сьледчы пачаў задаваць, ужо калі я быў на „Валадарцы“, праз два месяцы пасьля затрыманьня. Яны таксама хацелі, каб я нагаварыў на іншых хлопцаў таго, што б ім было зручна. Але я ня меў чаго сказаць. Яны хацелі, каб я агаварыў Ціханоўскага. Пыталіся, што ён гаварыў, якія лёзунгі выказваў. Але я нічога ня чуў. Гэта моцна не падабалася сьледчым».

Па словах былога палітвязьня, ціск на яго аказваўся ў асноўным псыхалягічны, фізычна Зьмітра пабілі толькі ў момант затрыманьня. Тады яго ўдарылі ў твар, у выніку чаго Фурманаў на нейкі час страціў прытомнасьць. Падчас сьледзтва і зьняволеньня ў калёніі на палітвязьня ціснулі зьмяшчэньнем у карцар і ШЫЗА, а таксама пазбаўленьнем перапіскі з блізкімі.

«Пасьля 9 жніўня ў мяне раптам пачалі мяняцца сьледчыя»

«Мне цяжка сказаць, пра што думаюць супрацоўнікі сьледчых органаў, якія вядуць палітычныя справы, — гаворыць Зьміцер. — Я магу меркаваць, што яны разумеюць, што сапраўды адбываецца. Наіўна думаць, што яны ня ў курсе таго, што робіцца вакол іх. Думаю, яны абсалютна ўсё разумеюць. Я ведаю шмат выпадкаў, калі людзі са сьледчых органаў сыходзілі. Яны не маглі вытрываць хлусьню. А тыя, хто застаўся і працягнуў займацца сваволяй, для мяне загадка. Не разумею, як можна гэта рабіць узамен на сваё сумленьне».

Былы палітвязень расказвае, што за паўгода сьледзтва сьледчыя ў яго мяняліся пастаянна, пачалося гэта пасьля падзей 9 жніўня. Да таго справу Фурманава вёў адзін чалавек. Па словах Зьмітра, перамены ён зьвязвае з падзеямі ў дзень выбараў.

«Я 9 жніўня быў ужо ў жодзінскай турме, — прыгадвае Фурманаў. — У той дзень ад самай раніцы ў нас пачалі правяраць камэры. Калі звычайна больш ляяльна гэта рабілася, то тады праверылі дасканала ўсё. Нават газэту нельга было пакінуць на непатрэбным месцы. Падчас праверак у дзьвярах камэры стаялі супрацоўнікі ў чорнай вопратцы, у балаклавах. Амбалы такія. Пэўна, гэта рабілася на выпадак пачаткаў бунтаў у турмах, нечага такога. Пра гэтых амбалаў я чуў пазьней і ў калёніі. Расказвалі, што там нават былі салдаты з вайсковай тэхнікай».

Зьміцер Фурманаў гаворыць, што пра падзеі 9 жніўня і наступных дзён у Менску ён даведаўся толькі празь некалькі тыдняў. Пасьля 9 жніўня да яго ў камэру нейкі час не прыводзілі новых вязьняў, іх колькасьць толькі скарачалася. Усе навіны ён даведаўся на пачатку верасьня ад адваката.

«Тады таксама пачалі прыходзіць лісты, — расказвае былы палітвязень. — Натуральна, прама ніхто не пісаў мне аб пратэстах, але па нейкіх прыкметах можна было здагадацца. Таксама газэты. Асабліва выданьне „Новы час“ мне дапамагло, асноўная інфармацыя даходзіла ад іх. Гэта было цудоўна. Азначала, што мы не дарэмна ўсё пачалі. Вядома, было страшна чытаць пра пакалечаных і забітых. Але трэба ўсё адно дамагацца свабоды. Прыходзіцца нечым ахвяраваць».

«Галадоўкі родных я спачатку не падтрымаў»

У ліпені 2020 году маці і дзяўчына Зьмітра Фурманава зладзілі галадоўку пратэсту супраць яго ўтрыманьня пад вартай. На працягу некалькіх дзён яны знаходзіліся ля сьценаў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. У выніку Фурманава перавялі ў сьледчую турму Жодзіна.

«Пра галадаваньне родных я даведаўся ад майго адваката, — гаворыць Фурманаў. — Бацькі таксама пісалі мне пра гэта ў лісьце, але я яго атрымаў толькі праз 40 дзён, калі быў ужо ў Жодзіне. Адваката да мяне таксама пусьцілі са складанасьцямі ў тыя дні. Сьледчы хацеў мне задаць пытаньні, і таму адвакат змог прайсьці».

Зьміцер кажа, што адразу не падтрымаў учынку маці і сяброўкі. Ён гаворыць, што галадоўка — гэта ўжо значыць, што няма выйсьця. Калі застаецца мучыць свой арганізм, псаваць здароўе. Кажа, што ня бачыў лёгікі, не разумеў таго, як галадоўка родных можа дапамагчы яму вызваліцца з турмы. Аднак пазьней ён зьмяніў сваё стаўленьне.

«Аказалася, што калі б не галадоўка, то мае блізкія не пазнаёміліся б зь людзьмі, якія ў выніку іх падтрымалі, — гаворыць Зьміцер Фурманаў. — Якія цяпер дапамагаюць мне. Я б ня змог знаходзіцца цяпер у бясьпецы. Атрымалася так, што галадоўка маіх родных зблізіла людзей, якія мне цяпер дапамагаюць. У іх утварылася вялікая кампанія сяброў. Яны ўсе кантактуюць паміж сабой. Ведаю, што так нават утварылася адна пара, хлопец і дзяўчына закахаліся адно ў аднаго. Яны цяпер жывуць разам. Мне ўсё гэта было прыемна пачуць. Я зразумеў, што галадаваньне блізкіх прынесла свае плады, якія мне цяпер дапамаглі».

За час знаходжаньня за кратамі Зьміцер Фурманаў пабываў у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, сьледчай турме № 8 Жодзіна, перасыльным пункце ў Баранавічах, горадзенскай турме і віцебскай калёніі. Ён гаворыць, што паўсюль адміністрацыя старалася абмежаваць ягоныя кантакты зь іншымі «палітычнымі». Таму асабліва Зьмітру запомніўся толькі адзін такі выпадковы знаёмы.

«Аляксей Галаўкін, я быў зь ім у горадзенскай турме, — узгадвае Зьміцер. — Яго пасадзілі за абразу Шуневіча і Караева ў інтэрнэце. Мы разам літаральна суткі пабылі, ён таксама з Горадні, з Фолюша. Я таксама там у Горадні жыў, ягоны бацька таксама вайсковец. Мы пагаварылі, я зразумеў, што гэта вельмі разумны чалавек. Інвалід зь дзяцінства, але працуе айцішнікам, дыстанцыйна. Было вельмі дзіўна бачыць, што такі разумны чалавек цяпер за кратамі за нейкія камэнтары ў інтэрнэце. Ён мог бы шмат добрага зрабіць для краіны. Цяпер Андрэй у калёніі, яму далі тры гады».

«Гэта ўсё было не дарэмна»

Зьміцер расказвае, што ў асноўным сядзеў з крымінальнікамі. Пра сукамэрнікаў нічога дрэннага сказаць ня можа, сярод іх былі пераважна адэкватныя людзі.

«Магчыма, мне адміністрацыя такіх падбірала, — кажа Зьміцер. — Не садзілі невядома з кім. Здараліся невялікія сваркі, але я заўсёды стараўся ісьці на дыялёг, каб вырашаць сытуацыю. Галоўнае — падтрымліваць адзін аднаго, не рабіць нічога дрэннага. Не прыдумваць тэорый змовы, схемаў. Трэба быць самім сабой, гэта асноўнае ў зносінах з людзьмі. Зразумела, я не думаў, што калісьці траплю ў турму. Заўсёды стараўся трымацца законаў. Ня лез у нейкія схемы. Але я дагэтуль лічу, што мяне асудзілі несправядліва. Я працягваю абскарджваць свой вырак. Трэба змагацца».

Да канца вясны 2020 году Зьміцер Фурманаў ніколі не ангажаваўся ў палітыку і выбарчыя кампаніі. Сачыў за імі і ў 2010 годзе, і ў 2015-м, аднак думкі паўдзельнічаць самому не было. Яна магла б і не зьявіцца ў 2020-м, але ўмяшалася пандэмія. Фурманаў быў бяз працы, скончыў курсы праграмаваньня, пачаў вучыць ангельскую мову. Вольнага часу хапіла і на збор подпісаў.

«Я не шкадую ні аб чым нават цяпер, пасьля турмы, — гаворыць былы палітвязень. — Усё было б дарэмна, калі б не было тых падзей, якія адбыліся ў жніўні. Але яны адбыліся, таму я ні аб чым не шкадую. Зноў жа, гэта ня справа аднаго чалавека. Вельмі шмат зрабілі іншыя людзі. Сьвятлана Ціханоўская ня кінула ўсё, што было зроблена. Цяпер гэта сапраўды прэзыдэнтка краіны. Гэта крута. Нашая праца была недарэмнай».

Свой параўнальна невялікі тэрмін зьняволеньня Зьміцер ацэньвае неадназначна. Кажа, што нават гэтага зашмат для чалавека, які ня лічыць сябе вінаватым. З другога боку, паўтара года зьняволеньня на фоне выракаў у 5-7 і больш гадоў выглядае ня так і значна.

«Трэба таксама разумець, што гэтыя паўтара года для мяне не былі самымі простымі, — гаворыць Фурманаў. — Пачыналася ўсё добра і даволі проста. Але скончылася ў ШЫЗА, што было самым складаным. Таму я магу сказаць, што гэта вельмі доўга. Я думаў, што людзям, якія атрымалі больш за мяне, не давядзецца сядзець цэлыя тэрміны. Што я буду адзіным, хто адседзіць свой тэрмін цалкам. Здавалася, што перамога блізка і нас усіх хутка адпусьцяць. Але гэтага не адбылося. Ужо ёсьць людзі, якія выходзілі пасьля мяне. Калі некаму цяпер давядзецца сядзець па 10 гадоў і больш... У мяне гэта нават ня ўкладваецца ў галаве. Але калі ўсё будзе працягвацца так, як сёньня, то гэта магчыма».

«Зараз дастаткова проста нешта рабіць»

«Сьвятлана Ціханоўская пакуль ня зьвязвалася са мной, — гаворыць Зьміцер Фурманаў. — Я разумею, што ў яе цяпер шчыльны графік. Шмат працы. Я сам адчуваю, што яшчэ знаходжуся ў прастрацыі. Усе хочуць са мной пагаварыць, сустрэцца. Са Сьвятланай у нас сувязь праз трэціх асобаў пакуль. Мне дапамагаюць аформіць дакумэнты неабходныя. Я нават ня ведаю, у якім статусе знаходжуся. Я спадзяюся сустрэцца са Сьвятланай, пагаварыць. Калі ёй спатрэбіцца мая дапамога, то я буду толькі рады».

Зьміцер Фурманаў прызнаецца, што вельмі зьдзіўлены посьпехам Сьвятланы Ціханоўскай, яе дасягненьнямі.

«Я ніколі ня думаў, што чалавек, настолькі далёкі ад палітыкі, зможа столькі дамагчыся, — кажа Фурманаў. — Такога прызнаньня ў беларусаў. Выйсьці на ўзровень міжнароднага палітыка. У цэлым я не магу ацаніць, правільна дзейнічае штаб Ціханоўскай альбо не. Я пакуль ня маю ўсёй інфармацыі. З часам змагу, напэўна. Але я магу сказаць, што ў любым выпадку можна памыліцца. Цяпер такі час, што цяжка штосьці сплянаваць, ажыцьцявіць нешта. Мы толькі празь нейкі час зможам зразумець, што было правільна, а што не. Зараз дастаткова проста нешта рабіць».

Са сваёй дзяўчынай Вольгай Зьміцер яшчэ таксама ня бачыўся, іх сустрэча адбудзецца толькі празь некалькі дзён. Пакуль Зьміцер размаўляе зь ёй празь відэасувязь.

«Калі першы раз так пабачыліся, то я спытаў, ці яна мяне пазнала, — кажа былы палітвязень. — Я яшчэ без барады, лысы амаль. Моцна схуднеў за той час, што быў у ШЫЗА. Яна плакала ад радасьці. Сказала, што пазнае. Гэта былі радасныя хвіліны».

Зьміцер Фурманаў гаворыць, што знаходжаньне за кратамі яго зьмяніла. Ці зможа ён вярнуцца да ранейшага стану, пакажа толькі час. Пакуль цалкам разьняволіцца яму замінае сытуацыя ў Беларусі.

«Я вельмі моцна зьмяніўся, так, — прызнаецца былы палітвязень. — Думаю, гэтыя зьмены могуць пайсьці мне на карысьць. Але і дрэнныя звычкі турэмныя таксама зьявіліся. Працягваю пастаянна сачыць за тым, што гавару, за кожным словам. Лічу, гэта дрэнная звычка, ад яе неабходна пазбавіцца. Дагэтуль баюся званкоў у дзьверы альбо на тэлефон. Нечаканых гукаў. Мне здаецца, што зараз за мной прыйдуць і я зноў буду ў турме. З другога боку, ёсьць і добрыя звычкі. Я цяпер магу сам паклапаціцца пра сябе ў бытавым пляне. І ня толькі пра сябе, але і пра тых, хто навокал. У мяне зьявілася звычка дапамагаць усім. Гэта вельмі добра».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG