Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страшна не дажыць». Што новага ў фігурантаў «справы Аўтуховіча»?


Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава

Амаль 11 месяцаў таму арыштавалі Мікалая Аўтуховіча, удзельніка вайны ў Афганістане, былога прадпрымальніка і палітвязьня. Яго і яшчэ 12 чалавек вінавацяць у тэрарызьме, у тым ліку былую актывістку АГП Вольгу Маёраву і краязнаўца Ўладзімера Гундара. Што новага ў іхным жыцьці за кратамі?

«Выглядае лепш»

Ад пачатку сьнежня ў ізалятары КДБ па абвінавачаньні ў тэрарызьме ўтрымліваюць Мікалая Аўтуховіча. Пра тое, як ідзе сьледзтва, дагэтуль мала што вядома, кажа дачка былога прадпрымальніка Кацярына, якая жыве ў Польшчы.

Паводле Кацярыны, апошнім разам адвакатка сустракалася зь Мікалаем у верасьні.

«Адвакат сказала, што бацька выглядаў лепш, чым на папярэдняй сустрэчы, і ня скардзіўся, што дрэнна сябе адчувае, як было раней», — расказала Кацярына.

Перапісваецца Мікалай Аўтуховіч з маці і сястрой, таксама да яго даходзяць лісты ад незнаёмых людзей і ён ім адказвае, сьцьвярджае Кацярына. Што да справы аб тэрарызьме, якую расьсьледуюць супраць ейнага бацькі, дзяўчына ня ведае, ці завершана расьледаваньне.

«Пра гэта нічога невядома. Адвакат не гаворыць зь вядомых прычынаў. Ці вядуцца сьледчыя дзеяньні, незразумела. Ці ўжо ідзе азнаямленьне з матэрыяламі справы, таксама нічога не вядома», — паведаміла дачка Мікалая Аўтуховіча Кацярына.

У СІЗА КДБ Мікалай Аўтуховіч перанёс каранавірус.

«Улетку быў у карцары 4 разы, а цяпер спакойна»

Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Выдавец і краязнаўца Ўладзімер Гундар зь вясны сядзіць у СІЗА Берасьця. За гэты час Уладзімера Гундара асудзілі паводле артыкулу аб нападзе на міліцыянта пры затрыманьні ў сьнежні на 3 гады зьняволеньня. Жонка краязнаўцы Алена Гундар з прысудам нязгодная.

«Які там напад мог быць? Каб інвалід без нагі напаў на міліцыянта, гэта немагчыма. Валодзя проста разьбіў свой мабільнік, каб нікому не дастаўся. Але вось палічылі, што гэта напад», — кажа Алена.

У калёнію пасьля суду Ўладзімера Гундара не накіравалі, бо ён фігурант яшчэ і справы Мікалая Аўтуховіча аб тэрарызьме, якая да суду яшчэ не дайшла. Між тым ад абаронцы Ўладзімера Гундара вядома, што ягоная справа цалкам расьсьледаваная.

«Адвакат кажа, што Валодзя ўжо азнаёміўся з матэрыяламі сваёй справы. Суд мусіць быць у Менску, але пакуль ён застаецца ў Берасьці. А ў чым пэўна нібыта ягоная віна, па-ранейшаму ня ведаю. Ведаю толькі, што вінаватым сябе ў гэтай справе муж не прызнае», — расказала Алена Гундар.

Уладзімер Гундар — інвалід, ня мае адной нагі. Да арышту Уладзімер карыстаўся пратэзам, цяпер — мыліцамі.

«Як забіралі ў СІЗА КДБ „Амэрыканку“, дык пратэз не дазволілі браць, і дагэтуль „вандруе“ па турмах без пратэза. Але на мыліцах ходзіць, нават на прагулкі выбіраецца. А як паедзе ў калёнію, тады перадам яму пратэз. Хаця не ўяўляю дагэтуль, як можна чалавека без нагі трымаць за кратамі, і ўвогуле, як такое магчыма ў нас ў Беларусі, што столькі невінаватых людзей цяпер сядзіць па турмах. Вось даравалі мы тое, што было ў 30-х, не дамагліся суду над сталінізмам, цяпер за гэта цярпім», — лічыць Алена Гундар.

У сувязі з захворваньнем, якое і прывяло да ампутацыі нагі, Уладзімер Гундар штогод мусіць праходзіць курс адмысловага лячэньня. У поўным аб’еме правесьці такі курс цяпер немагчыма, кажа Алена Гундар. Але жанчына робіць усё магчымае, каб яе мужу ў вязьніцы аказалі хаця б мінімальную дапамогу.

«Яго штогод на нейкі час клалі ў шпіталь. Ставілі кропельніцы, давалі лекі, уколы рабілі. Падала праз адваката заяўку на такое лячэньне, перадала лекі і ампулы для ўколаў, але ў СІЗА адказалі, што дадуць яму толькі лекі, уколаў і кропельніц нельга. Можа, хаця б гэта выканаюць», — спадзяецца Алена.

Улетку Ўладзімера Гундара прызналі схільным да экстрэмізму і абавязвалі падчас штодзённых праверак камэры дакладаць пра свой статус дзяжурным ахоўнікам. Уладзімер Гундар адмаўляўся гэта рабіць, за што яго чатыры разы запар каралі карцарам. Што зь вязьнем цяпер?

«Пасьля апэляцыі ў канцы жніўня нам далі спатканьне і ўдалося ўгаварыць Валодзю не абвастраць далей сытуацыю. Зразумела, які зь яго экстрэміст? І як быў прызначаны гэты статус? Сабраліся некалькі міліцыянтаў-начальнікаў, спыталі пра ягоныя палітычныя погляды, ён ня ўтойваў, што думае інакш, чым яны. У выніку прызналі „схільным да экстрэмізму“. Безумоўна, ён меў рацыю, што абураўся. Але мы зь ім пагаварылі, цяпер усё нармальна», — расказала Алена пра нядаўнія пакараньні мужа карцарам.

Ці не захварэў на ковід?

Паводле Алены Гундар, яе муж у вязьніцы пачуваецца нармальна, ковід яго абмінуў, а вось на волі сярод сваякоў не абышлося бяз стратаў.

«Тут у Баранавічах ад ковіду памерла Валодзева родная сястра. Тэрмінова напісала яму, але прасіцца на пахаваньне было ўжо позна, ды і не адпусьцілі б. Дзяцей нашых ковід у лёгкай форме закрануў. Мяне абыходзіць», — падзялілася Алена Гундар.

Фрагмэнт ліста ад Уладзімера Гундара
Фрагмэнт ліста ад Уладзімера Гундара

На ліставаньне з мужам Алена Гундар ня скардзіцца, кажа, што лісты з вязьніцы цяпер даходзяць рэгулярна.

«Жыць мне ня страшна, жыцьцё сваё люблю. Страшна не дажыць... Аб гэтым стараюся не думаць», — напісаў у апошнім лісьце дамоў у Баранавічы Ўладзімер Гундар.

«Ізалятар у Менску забіты пад завязку»

Вольга Маёрава, архіўнае фота
Вольга Маёрава, архіўнае фота

У пачатку студзеня супрацоўнікі КДБ прыехалі ў вёску Нача Крупскага раёну, дзе арыштавалі мясцовую жыхарку, былую актывістку АГП і валянтэрку руху аховы жывёлаў Вольгу Маёраву.

Жанчыну вінавацяць паводле 289-га артыкулу аб тэрарызьме, пасьля СІЗА КДБ яе трымаюць у ізалятары ў Горадні. Сын Вольгі Сяргей Зіямаў мяркуе, што з абвінавачаньнем маці ў сьледзтва «нешта не складаецца».

«Справу нібыта завяршылі, мусяць даць маці на азнаямленьне, але гэта павінна адбывацца ў Менску, а туды яе ўсё не перавозяць. Чаму — незразумела. Але відаць, што нешта ў іх не складаецца. Пэўна, усё ж ім патрэбны сапраўдныя доказы, а іх няма. Маці ў лістах паўтарае, што невінаватая», — кажа сын Вольгі Маёравай.

Паводле зьвестак Сяргея Зіямава, улетку ягоную маці каралі карцарам і закончылася гэтая гісторыя, як лічыць Сяргей, незвычайна.

«З карцара маці вярнулася, а потым даведалася, што турэмнае начальства ўсё ж прыструніла тых ахоўнікаў, якія да яе чапляліся», — расказаў Сяргей Зіямаў.

«Сьлядоў цьвілі ня знойдзена»

У пачатку году, калі Вольга Маёрава была ў «амэрыканцы», Сяргей расказваў, што яна перанесла каранавірус. Як цяпер пачуваецца арыштантка горадзенскай турмы?

«На спатканьні выглядала стомленай. Па сымптомах лічыць, што другі раз перахварэла на ковід. Накіроўваў заяву на яе абсьледаваньне жаночым доктарам, але дагэтуль ніхто яе не паглядзеў.

Настрой у яе нармальны, на ўмовы ў камэры цяпер ня скардзіцца. Пасьля майго звароту пракуратура правярала ўмовы яе ўтрыманьня і адказ даслалі адвакату. Там адзначана, што раней яна скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і на сьверб скуры. Яе аглядаў лекар-псыхіятар, але „захворваньняў не выявіў“.

Пра ўмовы напісалі, што ў яе камэры на вязьня прыпадае больш за два квадратныя мэтры, а гэта лічыцца нармальным. „Сьлядоў цьвілі ня знойдзена“, затое на сьценах цёмныя плямы: „сьляды ад курэньня“, як напісалі правяральнікі. Праверка была ў ліпені. Але ведаю, што маму пераводзілі з аднаго корпусу ў другі, таму, як цяпер, незразумела. Цёплыя рэчы для яе прымаюць, у пасылках атрымлівае прадукты. У Горадні нават сухое малако прымаюць, з харчаваньнем у яе нармальна», — расказаў сын Вольгі Маёравай.

Справаздача пра вынікі праверкі ўмоваў у камэры Вольгі Маёравай
Справаздача пра вынікі праверкі ўмоваў у камэры Вольгі Маёравай

«Нібыта ўчастковы, а нічым у вёсцы не цікавіўся»

22 кастрычніка Вользе Маёравай споўнілася 55 гадоў. На наступны дзень у вёску Нача прыяжджаў міліцыянт, які назваўся ўчастковым, расказаў сын актывісткі.

«Нібыта ўчастковы, але нічым, акрамя нашага дома, у вёсцы не цікавіўся. Зайшоў, паглядзеў і паехаў. Яўна правяраў, ці не было каго ў доме на дзень народзінаў маці, ці не засталося якіх сьлядоў. То бок дом застаецца над пільным наглядам органаў», — мяркуе сын Вольгі Маёравай, якую абвінавачваюць у тэрарызьме.

Што зь іншымі фігурантамі «справы Аўтуховіча»?

26 кастрычніка беларускія праваабаронцы ў сумеснай заяве прызналі палітвязьнямі фігурантаў справы Мікалая Аўтуховіча Ірыну Мельхер, Антона Мельхера, Галіну Дзербыш, Сяргея Разановіча, Любоў Разановіч і Паўла Разановіча.

Паводле КДБ, у «групу Мікалая Аўтуховіча», апроч яго самога, уваходзілі 12 чалавек. Гэта сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Прозьвішчаў астатніх сяброў «групы» не называлі.

Фігурантам справы аб падрыхтоўцы тэракту пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG