Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нікарагуа завяршыліся выбары прэзыдэнта. Усе асноўныя супернікі аўтарытарнага прэзыдэнта ў турме


Сустрэча Даніэля Артэгі і ягонай жонкі Разарыа Мурыльё зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шойгу, 2019
Сустрэча Даніэля Артэгі і ягонай жонкі Разарыа Мурыльё зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шойгу, 2019

Апазыцыя заяўляе, што выбары праігнаравала вялікая колькасьць выбарнікаў, а дыктатару складалі «масоўку» яго памагатыя.

У Нікарагуа завяршылася галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле інфармацыі дзяржаўных органаў, вынікам стане перавыбраньне Даніеля Артэгі на прэзыдэнцкую пасаду. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў выбары «падстаўнымі». Цягам перадвыбарчай кампаніі ў Нікарагуа пасадзілі некалькі апанэнтаў рэжыму, а іншых Артэга выціснуў на эміграцыю і кпіў зь іх, піша «Голас Амэрыкі».

Выбары, як адзначае выданьне, праходзілі пры ахове 30 тысяч вайскоўцаў і паліцыянтаў. Сямёра апазыцыйных кандыдатаў, якія кінулі выклік 75-гадоваму Артэгу, знаходзяцца ў турме ад чэрвеня па палітычна матываваных абвінавачаньнях.

Для Артэгі новы тэрмін стане ўжо пятым, а ягоная жонка, 70-гадовая Разарыя Мурыльё, зноў будзе віцэ-прэзыдэнткай краіны. Афіцыйныя лічбы назавуць празь некалькі дзён.

Супернікамі дыктатара на выбарах былі пяць чалавек, аднак у апазыцыі ўсіх іх называюць памагатымі рэжыму. Апанэнты Артэгі кажуць аб тым, што на выбарах была нізкая яўка — многія з дэмакратычна настроеных жыхароў Нікарагуа не пайшлі галасаваць, ведаючы пра фальсыфікацыі.

Даніель Артэга падчас галасаваньня зноў накінуўся з крытыкай на сваіх праціўнікаў, заявіўшы, што выступае супраць тых, хто «прапагандуе тэрарызм, фінансуе вайну, сее тэрор і сьмерць».

Ён меў на ўвазе нікарагуанцаў, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту супраць дыктатуры ў 2018 годзе, але іх сустрэлі гвалтоўным разгонам, які забраў больш за 300 жыцьцяў у самай беднай краіне Цэнтральнай Амэрыкі. З таго часу каля 150 чалавек апынуліся за кратамі, у тым ліку 39 дзеячаў апазыцыі. Яшчэ каля 100 000 нікарагуанцаў апынуліся ў выгнаньні.

Нягледзячы на адсутнасьць канчатковых вынікаў, Артэгу ўжо павіншаваў самаабвешчаны прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура.

Даніель Артэга — марксіст, дзеяч «герыльлі» супраць праамэрыканскага дыктатара Анастасіё Самосы Дэбалье, — прыйшоў да ўлады ў 1979 годзе і кіраваў ёй да 1990-га. У 2007-м вярнуўся да ўлады і ўсталяваў у Нікарагуа жорсткі аўтарытарны рэжым, адправіўшы за гэтыя гады за краты мноства дзеячаў апазыцыі. За гэта ён і яго прадстаўнікі знаходзяцца пад санкцыямі ЗША і шэрагу іншых дзяржаў.

У турме на гэты момант сядзіць галоўны рэдактар апошняй апазыцыйнай газэты La Prensa. Кіраўніцтва Facebook напярэдадні выбараў заявіла, што заблякавала «фэрму троляў» ад нікарагуанскага ўраду, якая распаўсюджвала непраўдзівыя зьвесткі пра супернікаў Артэгі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG