Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на год перанесьлі канцэрты расейскага сьпевака-прапагандыста. У чым прычына


Яраслаў Дронаў, Shaman. Архіўнае фота
Яраслаў Дронаў, Shaman. Архіўнае фота

Беларускія фанаты расейскага сьпевака Яраслава Дронава, які выступае пад творчым псэўданімам Shaman і прапагандуе «русский мир», сёлета ня змогуць наведаць ягоныя канцэрты ў Беларусі.

Як паведаміў тэлеканал «Белсат», перанос на адзін год ягоных канцэртаў у Беларусі імаверна зьвязаны з тым, што гледачы не раскупілі квіткі.

Shaman плянаваў выступіць у Берасьці 10 сьнежня, у Горадні — 11-га і ў Гомлі 14-га. Вартасьць квіткоў для берасьцейцаў і гарадзенцаў пачынаўся з 80 рублёў, для гамельчукоў — з 105. Але Горадзенская філярмонія паведаміла, што канцэрты перанесьлі больш як на год: на 20, 21 і 23 сьнежня 2026 году. Прычыны скасаваньня канцэртаў не назвалі, а новыя даты выступаў пацьвердзілі на афіцыйным сайце сьпевака.

Раней выданьне «Наша Ніва» паведамляла, што на канцэрт Shaman у Менску 1 лістапада да продажу квіткоў, праз тое, што яны не прадаваліся, падключылі прафсаюзы і райвыканкамы. Але ўсё адно за некалькі гадзін да выступу прадалі толькі прыблізна 80 % квіткоў.

Такая сытуацыя ня толькі ў Беларусі. Нават у Расеі летась пачалі нечакана скасоўваць канцэрты Shaman. Напрыклад, гэта адбылося ў Стаўрапалі, Екацярынбургу і Ніжнім Тагіле, дзе за некалькі дзён да канцэрту не змаглі прадаць нават паловы квіткоў. Не прадаваліся квіткі і сёлета ў Сочы.

Днямі канцэрт Shaman скасавалі і ў расейскім Белгарадзе. Афіцыйна — нібыта праз пагрозы Ўзброеных сіл Украіны, але і там змаглі прадаць ня ўсе квіткі.

Расейскія СМІ называюць Shaman «голасам вайны» супраць Украіны, які скарыстаўся канфліктам, каб перазапусьціць творчую кар’еру. Кінарэжысёр і журналіст Мумін Шакіра адзначаў, што сьпявак знаходзіцца ў вобразе «ўзору арыйскай расы. І ўсе яго песьні — „Мой бой“, „Мая барацьба“, Mein Kampf — гэта яркі выраз новага расейскага парадку».

Яраслаў Дронаў — адзін з самых пасьпяховых расейскіх поп-музыкаў, якія выступаюць з пракрамлёўскіх пазыцый. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у канцэртах у падтрымку вайны ва Ўкраіне і анэксіі Крыму, выказваўся як гарачы прыхільнік кіраўніка Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай палітыкі. Сьпявак трапіў у санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу за падтрымку вайны і канцэрты на акупаваных тэрыторыях Украіны. «Я русский» — адна з найбольш вядомых песень выканаўцы.

Сёлета ў кастрычніку Яраслаў Дронаў падаў заяўкі ў Фэдэральную службу па інтэлектуальнай уласнасьці Расеі на рэгістрацыю таварных знакаў «Я русский».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG