Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагражаюць — палацам, а б’юць — па «хрушчоўках». Чаму ў Беларусі ўвядзеньне падатку «на раскошу» маларэальнае


Рэзыдэнцыя Лукашэнкі на беразе возера Плаўна ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку. Ілюстрацыйнае фота.
Рэзыдэнцыя Лукашэнкі на беразе возера Плаўна ў Бярэзінскім біясфэрным запаведніку. Ілюстрацыйнае фота.

Пераняць ад камуністаў нянавісьць да багатых, да «буржуйчыкаў», да крамнікаў, абудзіць старыя хімэры сацыяльнай зайздрасьці і нецярпімасьці ўзору кастрычніка 1917 году — спакусьлівы спосаб, каб згуртаваць дэзарыентаванае і зьбяднелае насельніцтва вакол аўтарытарнага рэжыму.

Але ў сёньняшняй Беларусі гэта ўжо наўрад ці магчыма.

Аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі востра не хапае ідэі, якая б магла аб’яднаць людзей вакол правадыра. Цяжка ўявіць, што можна згуртаваць грамадзтва пад лёзунгам незьмяняльнасьці ўлады адной асобы. Вось бальшавіцкі рэжым, зь якога цяперашняя ўлада шмат у чым імкнецца браць прыклад, — іншая справа. Так, там была дыктатура — але ж была і прыцягальная ідэя (сьветлая мара пра царства ўсеагульнай роўнасьці), якая захапіла мільёны і была падтрымана імі.

Нацкаваць бедных на багатых — такая стратэгія, як паказвае гістарычны досьвед, можа «стрэліць» імгненна. Памяць пра рэвалюцыю 7 лістапада 1917 году, гадавіну якой у Беларусі дагэтуль адзначаюць як дзяржаўнае сьвята, — доказ таму. Такая ідэя хутка апаноўвае масы. Запыт на сацыяльную роўнасьць і справядлівасьць высокі, асабліва ў такія пэрыяды, калі колькасьць тых, хто жыве ад зарплаты да зарплаты, няспынна расьце, і калі прывід галечы палохае ледзь не палову насельніцтва краіны.

Помста «буржуйчыкам»

Летась у верасьні Лукашэнка, спрабуючы падвесьці тэарэтычную базу пад тое, што адбылося ў жніўні 2020-га, загаварыў пра «элемэнт дробнабуржуазнай рэвалюцыі» і зьдзекліва прайшоўся па «буржуйчыках»:

«Гэта падобна на элемэнт дробнабуржуазнай рэвалюцыі. У нас зьявіліся буржуйчыкі, багатыя людзі, айцішнікі, якіх я стварыў вось гэтымі ручышчамі, прадаставіўшы ім такія ўмовы, лепшых за якія нідзе не прадастаўляюць. І вось гэтыя новыя катэгорыі зьявіліся, няблага жывуць у асабняках, добрых дамах. І што ім захацелася? Ім захацелася ўлады» (цытата з інтэрвію расейскім СМІ 8 верасьня 2020 г.)

Першапачаткова дзяржаўная прапаганда актыўна падхапіла гэты тэзіс. Адусюль гучаў злосны сарказм на адрас дробных крамнікаў, зь яўным падтэкстам: «І гэтым людзям чагосьці не хапала».

Што праўда, пераважна рыторыкай справа тады і абмежавалася. Да «экспрапрыяцыі экспрапрыятараў» не дайшло, кампаніі па барацьбе з «эксплюататарамі працоўнага народу» не пачаліся. Але вось мінуў нейкі час — і тыдзень таму нечакана прагучала ініцыятыва дэпутата Андрэя Савіных — абкласьці «буржуйчыкаў» падаткам на багацьце:

«Калі чалавек мае некалькі кватэр, машын ці дамоў, то тут можа быць прагрэсіўная стаўка падатку... Я думаю, што мы ў гэтым напрамку ідзем. Гэта напрамак, у якім рухаецца ўвесь сьвет, гэта будзе зроблена рана ці позна».

Што адметна: іншыя афіцыйныя асобы ініцыятыву дэпутата Савіных як быццам і не заўважылі. Абышлі маўчаньнем. Дакладная прыкмета таго, што дэпутат сваю ідэю ў больш высокіх кабінэтах не ўзгадняў. Афіцыйныя мэдыя таксама пераважна прамаўчалі. Афіцыёзная БЕЛТА нават дазволіла сабе завуалявана і стрымана пакрытыкаваць: маўляў, «увядзеньне прагрэсіўнай шкалы ставак падаходнага падатку зьяўляецца дыскусійным пытаньнем». Зацята прамаўчаў галоўны рупар прапаганды «СБ. Беларусь сегодня», хоць звычайна актыўна адклікаецца і не на такія эпахальныя прапановы і ідэі. З чаго б гэта?

А ідэя дэпутата Савіных цалкам лягічная і магла б быць зразуметая і падтрыманая шырокімі працоўнымі масамі. І цалкам сабе ў рэчышчы левага ўхілу так і не сфармаванай да канца дзяржаўнай ідэалёгіі.

Вы ж бераце ва ўсім прыклад з сваіх саюзьнікаў з Масквы? А там такі праект падатку на раскошу (для ўладальнікаў жылой нерухомасьці і зямельных участкаў коштам ад 50 млн расейскіх рублёў, аўтамабіляў — ад 8 млн рублёў, а таксама самалётаў, верталётаў, яхтаў і катэраў — ад 15 млн рублёў) даўно распрацавалі дэпутаты левай фракцыі «Справядлівай Расіі». Каротка кажучы, задума вось у чым. Маеш ва ўласнасьці дамок коштам больш як паўмільёна даляраў — заплаці падатак ад 0,3% да 3% у залежнасьці ад ягонага рынкавага кошту. Для дарагіх аўтамабіляў такі падатак — ад 1% да 5%, для яхтаў і самалётаў — ад 3% да 7%.

Зайцы супраць морквы?

Праблема ў тым, што ўладальнікі такіх дарагіх асабнякоў і зямельных участкаў жывуць у Беларусі пераважна ў Драздах ці ў іншых падобных пасёлках у ваколіцах вялікіх гарадоў. Іхныя ўладальнікі — найперш самі высокапастаўленыя чыноўнікі і набліжаныя да іх бізнэсоўцы. Гэта значыць, калі ўвесьці такі падатак хаця б у памеры 1 працэнта, дык умоўным Ермаковай ці Ярмошынай давядзецца за асабняк рынкавым коштам каля 1 мільёна даляраў плаціць каля 10 000 даляраў падатку. Гэтак і спэцыяльных чыноўніцкіх пэнсіяў можа не хапіць.

Для іх і іхных суседзяў па Драздах такі падатак на багацьце — гэта самастрэл, удар сякерай па ўласных пальцах. Так што асьцярожнае прамацваньне дэпутатам Савіных глебы наўрад ці скончыцца чымсьці рэальным. Дзе вы бачылі, каб пчолы былі супраць мёду, а зайцы — супраць морквы?

Затое іншы падатак — на адзіную кватэру для ўсіх уладальнікаў «хрушчовак», «брэжневак» ды іншых шэдэўраў буйнапанэльнага домабудаваньня — у Беларусі імгненна стаў рэальнасьцю: абураны народ нават вокам не пасьпеў міргнуць. Хоць, калі б увялі падатак на раскошу — тады і падатак на кватэры, відавочна, не спатрэбіўся б.

Замахваюцца нібыта на палацы, але б’юць пераважна па «хрушчоўках».

7 лістапада ў Беларусі па інэрцыі яшчэ застаецца дзяржаўным сьвятам, але сёньняшнія чыноўнікі і набліжаныя да іх алігархі кветкі да бронзавага Ільіча ня носяць. Пры ўсіх вялізных сымпатыях рэжыму да камуністычнай ідэалёгіі і практыкі, пабляклыя сьцягі камунізму, затуплены серп і заржавелы молат сёньня бясконца далёкія ад тых, на кім гэты рэжым трымаецца.

Дарэчы, у Расеі падатак на раскошу так і не ўвялі. Доўга распрацоўвалі праект, абмяркоўвалі, сёлета ў ліпені засядала адмысловая ўрадавая камісія па законапраектнай дзейнасьці... І прыйшла да высновы, што гэта немэтазгодна, бо і палацы, і яхты, і прыватныя самалёты «ўжо зьяўляюцца аб’ектам падаткаабкладаньня».

Яны, канечне, спачуваюць уласнаму абяздоленаму народу. Але не да такой жа ступені.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG