Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найбольшы апэратар нежылой нерухомасьці. Што вядома пра Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, якое трапіла пад санкцыі Эўразьвязу


Палац Незалежнасьці ў Менску

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі — гэта цэлая бізнэс-імпэрыя, у якую ўваходзяць сотні дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. Пры гэтым прыбытак ідзе на рахунак Кіраўніцтва справамі, а не ў дзяржаўны бюджэт. Расказваем, як узьнікла гэтая імпэрыя і што ў яе ўваходзіць сёньня.

Да 1994 году ў Беларусі не існавала інстытуту прэзыдэнцтва. Адпаведна ніякай прэзыдэнцкай уласнасьці пасьля выбараў 1994 году Аляксандар Лукашэнка ня меў.

Але так было нядоўга. Аляксандар Лукашэнка пачынае выдаваць указы, паводле якіх ва ўласнасьць Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта пераходзяць будынкі, гатэлі, санаторыі і цэлыя прадпрыемствы. Ніякіх падставаў для гэта ня трэба. Проста загад «перавесьці на балянс».

  • Вось што Лукашэнка зрабіў у першыя гады свайго кіраваньня:
  • Выселіў дэпутатаў Вярхоўнага Савету з будынку на вуліцы Карла Маркса, 38. Туды заехала ягоная адміністрацыя;
  • Аўтамабільны парк Вярхоўнага Савету са 150 машынамі, якія абслугоўвалі дэпутатаў, стаў прэзыдэнцкім;
  • «Дом друку», дзе выходзілі галоўныя газэты краіны, стаў ўласнасьцю Кіраўніцтва справамі. Пазьней Лукашэнка адмаўляўся друкаваць там недзяржаўныя газэты.

Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта, дзяржаўная ўстанова, становіцца камэрцыйнай арганізацыяй і пачынае весьці бізнэс. У 1995 годзе Лукашэнка вызваляе ад мыта, акцызаў і падаткаў фірму «Торгэкспо» і фонд Махмуда Эсамбаева. Беларускі бізнэсовец Пупейка расказваў, што Аляксандар Лукашэнка асабіста меў дачыненьне да гэтых фірмаў. А прыбытак ад кантрабанды цыгарэт і алькаголю ў Расею ішоў на рахунак Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта.

«Яно было ня тое каб камэрцыйнай, яно было такой дзяржаўнай структурай-рэкетырам, — расказаў Свабодзе Павал Знавец, дэпутат парлямэнту ў 1995–1996 гадах. — Яны ж маглі „наехаць“ на любога і дзе што ўзяць пад свой кантроль. Крымінальны бізнэс, які заўгодна».

З словаў Знаўца, Кіраўніцтву справамі пераходзілі ўсе самыя прывабныя аб’екты, «дзе можна было вытрасьці грошай».

«Яны ўсё гэта падбіралі пад сябе, паўкрымінальнымі, чыста крымінальнымі мэтадамі кантралявалі ўвесь бізнэс, які нараджаўся ці які існаваў», — сказаў Знавец.

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір казаў, што Кіраўніцтва справамі у 1990-я стала найбольшай камэрцыйнай структурай у Беларусі.

Вось невялікі пералік таго, што сёньня ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі і з чаго мае прыбытак атачэньне Лукашэнкі:

  • 400 будынкаў. Кіраўніцтва справамі — найбольшы апэратар нежылой нерухомасьці ў Беларусі. У тым ліку гэта Палац Рэспублікі, «БелЭкспа», канцэртная заля «Менск»;
  • 4 нацыянальныя паркі і Бярэзінскі запаведнік;
  • гатэлі «Менск», «Плянэта», «Юбілейная», «Прэзыдэнт-гатэль»;
  • 4 санаторыі ў Беларусі і 5 санаторыяў за мяжой;
  • «Беларусьторг» — найбуйнейшы імпартэр алькаголю і цыгарэт;
  • «Беларускія лятарэі»
  • рэстарацыі «Лідо»
  • 15 аграпрамысловых прадпрыемстваў
  • мэдычны цэнтар
  • прадпрыемства «Белрыба» — буйны вытворца рыбнай прадукцыі

За 26 гадоў кіраўнік Беларусі стаў, бадай, найбуйнейшым карыстальнікам нерухомасьці. Вось толькі тыя рэзыдэнцыі, якія належаць Кіраўніцтву справамі прэзыдэнта і доступ да якіх мае выключна Лукашэнка і ягонае атачэньне:

  • Палац Незалежнасьці
  • Дразды
  • Астрашыцкі гарадок
  • Заслаўе (Менскае мора)
  • Усход (Менскае мора)
  • Александрыя-2
  • Плаўна
  • Міжазёрны
  • Ляскавічы

Таксама Кіраўніцтву справамі належаць турыстычныя рэзыдэнцыі, дзе можа прыпыніцца кожны ахвотны.

  • Крупеніна (Віцебскі раён)
  • Віскулі (Пружанскі раён)
  • Краснасельскі (Менскі раён)
  • Сьцяпянка (Менск)
  • Крылава (Менскі раён)

«На сваё пэрсанальнае забесьпячэньне Лукашэнка грошай не шкадуе, — кажа палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч. – Ну, але гэта не яго асабістыя грошы. Гэта грошы дзяржаўныя. То бок увесь беларускі бюджэт у ягоным распараджэньні. І колькі ён захоча адтуль грошай для сябе ўзяць, ён будзе іх браць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG