Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Белсат“ ня спыніць працы», — галоўны рэдактар тэлеканалу аб прызнаньні «экстрэмісцкім фармаваньнем»


Аляксей Дзікавіцкі
Аляксей Дзікавіцкі

Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» і забараніла дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі «групы грамадзян, абʼяднаных інтэрнэт-рэсурсамі „Белсат“».

У абноўленым пераліку на сайце МУС пазначана, што «група грамадзян, аб’яднаных інтэрнэт-рэсурсамі «БЕЛСАТ tv BELSAT», ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць. Гаворка ідзе пра сайт «Белсат», телеграм-канал, сацсеткі («ВКонтакте», Facebook, Instagram, Twitter, «Одноклассники»), а таксама канал на YouTube.

Юрысты пакуль не камэнтуюць заявы МУС, спрабуюць даць граматную прававую ацэнку і толькі потым — узважаныя камэнтары.

Галоўны рэдактар тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі перакананы, што «Белсат» усё адно ня спыніць працы, нягледзячы на такія заявы.

«Беларускія „ўлады“ заўсёды варожа ставіліся да „Белсату“, нам ніколі не давалі акрэдытацыі, нашых калегаў найбольш арыштоўвалі, канфіскоўвалі тэхніку... Хочуць задушыць цалкам свабоднае слова ў Беларусі, скончыць працэс татальнай зачысткі. Мы аналізуем магчымыя наступствы гэтай новай сытуацыі. „Белсат“ гэта ня спыніць, 100%», — заявіў спадар Дзікавіцкі.

Тэлеграм-канал ГУБОП даў тлумачэньне, каго лічыць «групай грамадзянаў, аб’яднаных інтэрнэт-рэсурсамі „Белсат“», якую МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем».

«Экстрэмісцкае фармаваньне складаецца з групы грамадзян, абʼяднаных пры дапамозе інтэрнэт-рэсурсаў — у тым ліку створаных і кіраваных імі інтэрнэт сайта, Telegram-каналу, супольнасьці ў сацыяльных сетках „Укантакце“, „Facebook“, „Instagram“, „Аднакласнікі“, „Tiktok“, „Twitter“, дзевяці каналаў на відэахостынгу „YouTube“».

ГУБОП папярэдзіў, што адказнасьць надыходзіць за:

  • удзел у іх дзейнасьці,
  • рэпост (перарэпост),
  • іншае распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі гэтых рэсурсаў,
  • падпіска на іх.

«Калі дапусьціць, што ўлады да „экстрэмісцкага фармаваньня“ аднясуць і падпісчыкаў — то гэта мільёны чалавек, — пракамэнтаваў Свабодзе гэтае рашэньне МУС намесьнік дырэктара тэлеканалу „Белсат“ Аляксей Дзікавіцкі. — Толькі на нашым галоўным беларускамоўным канале паўмільёна падпісантаў, на Інстаграме — чвэрць мільёна, на ўсіх сацыяльных сетках гэта велізарныя лічбы, мільёны людзей. Я ня думаю, што якія-кольвечы захады маглі б зьвесьці гэтую колькасьць да нуля, гэта немагчыма».

Намесьнік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі на сваёй старонцы ў Facebook напісаў, што заява МУС — гэта расправа над папулярным тэлеканалам, якая сьведчыць пра тое, што ягоная праца ўсе гады была пасьпяховай.

«Першы выпадак, калі ўлады Беларусі прызнаюць „экстрэмісцкім фармаваньнем“ цэлы тэлеканал. Відаць, настолькі перашкаджае ім уплыў і папулярнасьць „Белсату“. Мэтаў у гэтага рашэньня можа быць некалькі:

  • яшчэ больш застрашыць людзей быць падпісанымі на „Белсат“, дзяліцца і дасылаць журналістам інфармацыю,
  • канчаткова выціснуць зь Беларусі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з каналам.

Усё гэта, вядома, расправа. Але сьведчыць пра тое, што праца тэлеканалу ўсе гэты гады была пасьпяховай», — мяркуе Барыс Гарэцкі.

27 ліпеня 2021 году суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў сайт і сацыяльныя сеткі тэлеканалу «Белсат» «экстрэмісцкімі».

1 лістапада прадстаўніцу «Белсату» ў Беларусі Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак за нібыта захоўваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Іх затрымалі 30 кастрычніка па вяртаньні з адпачынку.

15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі затрымалі журналіста «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Іх асудзілі на два гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG