Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар зрабіў фіктыўную даведку пра вакцынацыю і захварэў. Мы пагаварылі зь ім і інфэкцыяністам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне і Расеі мэдыя паведамлялі пра пашырэньне фальшывых сэртыфікатаў аб вакцынацыі. Людзі рабілі іх, бо не хацелі прышчапляцца. Але сэртыфікаты ім былі патрэбны для падарожжаў ці для працадаўцаў. Падобна, што ў Беларусі гэта ня стала масавай зьявай, тым ня менш прэцэдэнты ёсьць.

Доктар аднаго зь беларускіх шпіталяў цяпер хварэе на каранавірус. У яго быў сэртыфікат аб вакцынацыі, але насамрэч прышчэпкі мэдык не зрабіў. Паводле доктара, зрабіць «паперку» аб прышчэпцы давялося таму, што адміністрацыя патрабавала, каб усе мэдыкі вакцынаваліся. На ўмовах ананімнасьці доктар пагадзіўся расказаць, чаму не давярае прышчэпкам у Беларусі і чаму вакцынаваўся б вакцынамі, даступнымі ў краінах Эўразьвязу.

«Асноўная праблема — гэта адсутнасьць праўдзівай інфармацыі і выбару вакцын»

— Чаму ў вас быў недавер да прышчэпак супраць каранавірусу?

— Недавер быў і застаецца цяпер, бо вакцыны ствараліся ў кароткія тэрміны і доўгатэрміновых наступстваў яшчэ ня вывучылі. Ніхто нават прыкладна ня скажа, што можа быць праз 5-10 гадоў.

— Ці гэта недавер да прышчэпак увогуле, ці да тых, што даступныя ў Беларусі?

— Недавер ёсьць да ўсіх прышчэпак, але на тэрыторыі Беларусі варыянты ўсяго два: расейская і кітайская вакцыны, а аб іх дасьледаваньняў мала і яны не абнаўляюцца, у той час як аб вакцынах Pfizer і AstraZeneca дасьледаваньні можна знайсьці ў інтэрнэце, і іхная колькасьць расьце, ёсьць нават інфармацыя аб уплыве на штам «Дэльта». І ўзьнікае лягічнае пытаньне: а чаму для вакцын, якія ёсьць на тэрыторыі Беларусі, гэта сакрэтная інфармацыя?

— Ці абавязаныя ў Беларусі дактары прышчапляцца ад каранавірусу?

— Гэта вельмі цікавае пытаньне. Афіцыйнага дакумэнту такога не існуе, але распараджэньне прышчапіць ня менш за 80% мэдыкаў паступіла. У сваёй лякарні мы спрачаліся, і я хацеў застацца ў 20% непрышчэпленых. Але наша ўстанова (і яна такая не адна), мабыць, вырашыла перавыканаць плян і прымушалі ўсіх. На пытаньне, ці магу я не прышчапляцца, адказ быў: толькі калі прынесяце даведку, што вам нельга. Натуральна, што такой даведкі нідзе ўзяць нельга, ды і яна на нядоўгі тэрмін.

— Якім чынам можна было зрабіць сэртыфікат пра вакцынацыю, не зрабіўшы прышчэпкі?

— Увесь шлях не раскажу, не хачу падстаўляць калег. Гэта няпроста, але магчыма.

— Ці шмат дактароў у Беларусі так робяць?

— Я ведаю дастаткова такіх дактароў. Зараз таксама шмат хто цікавіцца, як гэта лепш зрабіць. І нельга нікога асуджаць, таму што гэта нармальна — перажываць за сваё здароўе і рабіць выбар самастойна. Ня ўсе мэдыкі ад грыпу прышчапляюцца, а тут новая інфэкцыя.

— Вы раней працавалі ў ковідным аддзяленьні. Ці хварэлі на ковід тады?

— Тады не хварэў, вельмі сурʼёзна ставіўся да прафіляктыкі, рэсьпіратар амаль ніколі не здымаў, хадзіў толькі на працу і дадому. Вельмі баяўся заразіць бацькоў.

— Як цяпер захварэлі?

— Цяпер вельмі шмат мэдыкаў хварэе, кожны дзень прыходзіш на працу і даведваесься, што ў каго-небудзь з калег ковід. Пачынаеш успамінаць, дзе і калі размаўляў з калегам бяз маскі. Сучасныя рэаліі. Хутчэй за ўсё, майго бацьку заразіла калега, ён першы захварэў.

— Пасьля таго, як захварэлі, ці зьмянілася стаўленьне да прышчэпак?

— Не, не зьмянілася. Я лічу, што гэта павінна быць узважанае рашэньне кожнага чалавека сумесна зь ягоным лекарам. Важна таксама разумець, што прышчэпка не абараняе ад заражэньня ковідам, а павінна мінімізаваць рызыкі сурʼёзных ускладненьняў. Колькі пацыентаў прыходзяць бяз маскі са словамі «Я прышчэплены і абаронены». Хварэюць і паміраюць як прышчэпленыя, так і не прышчэпленыя. Прафіляктыка, нашэньне маскі, мыцьцё рук, пазьбяганьне масавых збораў людзей важныя. Але вакол хапае людзей, якія нічога з гэтага ня робяць.

— Ці шмат дактароў з вашага асяродзьдзя ў Беларусі ня вераць у вакцынацыю і асьцерагаюцца прышчапляцца?

— Так, такіх мэдыкаў шмат. Нас вучылі правяраць інфармацыю, вучылі доказнай мэдыцыне, а пакуль ацаніць эфэктыўнасьць і наступствы вакцыны ў поўнай меры мы ня можам. Выснова, да якой мы прыйшлі: калі вашы блізкія жывуць у вёсцы і не кантактуюць з навакольным сьветам, можаце іх ня прышчапляць; калі яны ўсё ж кантактуюць зь людзьмі і маюць фактары рызыкі (хранічныя захворваньні, узрост і г. д.), то лепш іх прышчапіць. Што тычыцца моладзі, дасьледаваньняў аб наяўных на тэрыторыі Беларусі вакцынах мала, а наступствы вакцыны для маладых вельмі важныя, так што, калі няма сурʼёзных фактараў рызыкі, мы пакуль вырашылі не рабіць. Мы сочым за дасьледаваньнямі і разглядаем магчымасьць паехаць у Эўропу і прышчапіцца вакцынамі Pfizer ці AstraZeneca, але таксама ёсьць сумневы.

— Як павінна працаваць уся сыстэма, каб вакцынацыя ў Беларусі ішла больш хутка?

— Я лічу, што асноўная праблема — гэта адсутнасьць праўдзівай інфармацыі і адсутнасьць выбару вакцын. Па беларускім тэлебачаньні пастаянна паведамляецца аптымістычная статыстыка, напрыклад: «На мінулым тыдні сьмяротнасьць за дзень па Беларусі была 12», у гэты ж дзень толькі па Менску было 70. Трэба апублікаваць рэальную статыстыку захворваньня і сьмяротнасьці ад гэтай жудаснай інфэкцыі, таксама апублікаваць усе дасьледаваньні аб вакцынах. Упэўнены, што калі людзі будуць ведаць рэальную карціну, то рызыкі наступстваў вакцынацыі ўсе прымуць і прышчэпяцца. Пакуль людзі ня ўбачаць праўду і не зразумеюць праблему, нічога не зьменіцца. І пабачыць яе павінны ня толькі ў тэлеграм-каналах, але і па беларускім тэлебачаньні.

— Як цяпер ацэньваеце актуальную сытуацыю з каранавірусам у Беларусі?

— Сытуацыя жудасная. Шмат людзей розных узростаў хварэюць. Месцаў у шпіталях не хапае, людзі ляжаць на калідорах, мэдыкаў таксама не хапае. Усё больш лякарняў пераабсталёўваюць для лячэньня ковiдных пацыентаў. Сьмерцяў значна больш, чым у афіцыйнай статыстыцы. А людзі ў грамадзкім транспарце і крамах ходзяць бяз маскі або носяць яе на падбародку і лічаць, што праблемы няма.

— Паведамляецца, што ў рэанімацыях больш за 90% непрышчэпленыя людзі цяпер ляжаць, што прышчэпленыя хварэюць лягчэй пераважна. Ці гэта для вас аргумэнт для таго, каб зрабіць даступную ў Беларусі прышчэпку?

— Не, гэта не аргумэнт, таму што гэтую інфармацыю нельга праверыць. Я стаўлюся да гэтага, як да афіцыйнай беларускай статыстыкі. Загадчыкі рэанімацыі ў розных беларускіх гарадах не пацьвердзілі гэтай інфармацыі. Цяжка хварэюць і паміраюць у рэанімацыях і прышчэпленыя, і не прышчэпленыя.

— І яшчэ раз перапытаю. Калі б гэты была не расейская і не кітайская вакцына, ці вы прышчапіліся б? Ці недавер да вакцын агулам у вас?

— Недавер ёсьць да любой вакцыны, але па заходніх вакцынах ёсьць дасьледаваньні і яны абнаўляюцца, дадаюцца ўсе ўскладненьні. Калі б быў выбар, то да гэтых вакцын даверу больш і гэтымі вакцынамі б прышчапіліся значна больш ахвотна.

«Імітацыя вакцынацыі і фальшывыя сэртыфікаты сурʼёзна падрываюць давер да эфэктыўнасьці вакцынацыі»

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтую размову доктара-інфэкцыяніста Мікіту Салаўя. Ён аспрэчыў тэзіс пра тое, што вакцынаваныя людзі хварэюць гэтаксама, як і невакцынаваныя.

Мікіта Салавей
Мікіта Салавей

— Лекары, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19, паўсюдна адзначаюць нізкі працэнт вакцынаваных, якіх шпіталізуюць нават у звычайныя аддзяленьні, ня кажучы ўжо пра тое, што ў рэанімацыі такіх адзінкі. Гэта факт у Беларусі, у Расеі, у Эўропе, у ЗША. Дастаткова прааналізаваць дадзеныя ў адкрытым доступе. Натуральна, ніводзін мэтад не эфэктыўны на 100%. І адзінкавыя прышчэпленыя пацыенты таксама могуць памерці ад COVID-19 і яго ўскладненьняў. Толькі прышчэпленых памірае ў сотні разоў менш, чым непрышчэпленых.

Паводле Мікіты Салаўя, імітацыя вакцынацыі і фальшывыя сэртыфікаты сурʼёзна падрываюць давер да эфэктыўнасьці вакцынацыі.

— Такія пацыенты трапляюць у статыстыку як вакцынаваныя, але якія захварэлі/памерлі, хоць гэта ня так. Чуць такое непрымальна, тым больш ад доктара. Мая думка — за такія рэчы павінна быць адказнасьць, бо яны нясуць непасрэдную пагрозу нацыянальнай бясьпецы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG