Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні царскіх турмаў жахнуліся б, пабачыўшы турму на Акрэсьціна


Фота з акрэсьцінскай камэры
Фота з акрэсьцінскай камэры

Калі чытаеш ці слухаеш споведзі вязьняў Акрэсьціна, не пакідае ўстойлівае ўражаньне, што гэта ці то паўтарэньне, ці то працяг пранізьлівых турэмных і лягерных успамінаў Францішка Аляхновіча, Аляксандра Салжаніцына, Варлама Шаламава.

Калі ў канцы 80-х і на пачатку 90-х іхныя кнігі ўпершыню сталі даступнымі масаваму савецкаму чытачу, тагачаснае грамадзтва, здавалася, зайшлося ад жаху і болю. Тады думалася: вось яно, ачышчэньне і пакаяньне. Пасьля такога — ніколі больш. Людзі, якія ўведалі пра гэта, ні за што не дазволяць, каб зь імі зноў учынілі падобнае.

І вось мінула трыццаць гадоў. Куды мы вярнуліся?

Калісьці ў гады перабудовы на мяне вялікае ўражаньне пакінула выдадзеная ў Лёндане ў 1982 годзе кніга аднаго зь вязьняў ГУЛАГу Мацьвея Максімовіча «Міжвольныя параўнаньні». Аўтар двойчы прайшоў праз савецкія турмы і лягеры — 1926-м і ў 1947-1956 гадах. Пасьля вайны, якую правёў на фронце, быў асуджаны Асаблівай нарадай МГБ СССР на 10 гадоў лягераў строгага рэжыму (знаёмы данёс, што Максімовіч марыў выехаць у Палестыну).

Адседзеў амаль цалкам — пераважна ў віленскай турме Лукішках і на Калыме. І пакінуў вельмі падрабязнае апісаньне побыту і нораваў, якія панавалі ў сталінскіх засьценках.

Лукішкі-1947 і Акрэсьціна-2021

Перачытваю і параўноўваю. Вось Мацьвей Максімовіч апісвае віленскія Лукішкі 1947 году:

«У камэры на 25 чалавек упіхвалі па 100 і болей вязьняў. У „адзіночках“ зьмяшчалася да 20 чалавек. Усюды былі ўсталяваныя двух- і трохпавярховыя нары, ні матрацаў, ні падушак, вядома, не было — гэта вам не Аляксееўскі равелін!.. Былі і такія, што вымушаныя былі запаўзаць пад нары...Там, на голай падлозе, было хоць крыху прасторней.

Лукіская турма
Лукіская турма

Вячэрні адбой даваўся а 9-й вечара. Але ня думайце, што вязень нарэшце атрымліваў хоць бы адносны спакой. У тым і была гнюсная хітрасьць чэкістаў — не даваць ні хвіліны спакою і адпачынку. Раптоўна адчынялася кармушка і „вертухай“ называў якую-небудзь літару алфавіту. Усе, чые прозьвішчы пачыналіся на гэту літару, павінны былі ўстаць і назваць сваё імя. Працэдура цягнецца доўга. Потым выклікаюць каго-небудзь аднаго і ён адсутнічае гадзіны 3-4. Яго дапытваюць, дакладней, зьдзекуюцца. На досьвітку вяртаецца ў камэру — спакутаваны, нярэдка пабіты. І ўся камэра змучаная — двойчы будзілі ўсіх. А 6-й пад’ём, а ўдзень — зноў пакуты: спаць нельга. І так дзень за днём, ноч за ноччу...

За месяц чалавек дарэшты выдыхаўся, выбіваўся зь сіл, пазбаўляўся волі, розум яго мутнеў, сіла супраціву слабела — ён гатоў быў прызнацца ў чым заўгодна і паставіць свой подпіс пад любым прызнаньнем. А да гэтага дадайце карцар, пабоі, бесьперапынны голад, смурод, зьдзекі — увесь набор „выхаваўчых мэтадаў“ савецкіх карных органаў.

У якіх турмах я ні сядзеў, паўсюль атрымліваў раніцай 200 г сухога хлеба, у абед баланду зь неачышчанага аўсу і мерзлай бульбы, а то зь мяса акулы з гнілой капустай, а на „другую страву“ — тры лыжкі кашы: проса ці „кітайская мука“, якая ўвогуле не разварвалася».

Турма Лукішкі, архіўнае фота
Турма Лукішкі, архіўнае фота

А вось для параўнаньня — журналістка «Нашай нівы» Кацярына Карпіцкая, якая правяла месяц у зьняволеньні на Акрэсьціна, на сваёй старонцы ў фэйсбуку апісвае рэаліі ў беларускай турме 2021 году:

«Сядзяць месяцамі без шпацыраў (паветра ў камэру № 15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз „кармушку“, але яе спэцыяльна ўвесь час зачынялі).

Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў цьвілы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя — нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкль фізычных практыкаваньняў — прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы — неяк пагрэцца і заснуць).

Сядзяць бяз сну (у два і чатыры ночы нас падымалі на пераклічкі; пра тое, што там дзень і ноч гарыць яркае штучнае сьвятло, і нагадваць ня трэба).

Сядзяць напалову галодныя (за месяц харчаваньня я мусіла заплаціць больш 400 рублёў (каля 150 эўра), і за гэтыя грошы на абед атрымлівала пусты суп — вадкасьць з парай бульбін і лупінамі ад яе, цьвілы хлеб і два кубкі гарбаты ці кісель, якія запаўнялі толькі палову кубка».

Адбой у камэры ЦІП на заулку Акрэсьціна ў Менску
Адбой у камэры ЦІП на заулку Акрэсьціна ў Менску

Паралелі і аналёгіі ня тое што крычаць — яны енчаць у кожнай дэталі. Яшчэ нядаўна здавалася, што за ўзор гэты рэжым бярэ савецкую рэчаіснасьць 60-70-х, блізкую і зразумелую тым, хто трымае сёньня ў руках уладу. Але кожны дзень прыносіць усё болей сьведчаньняў таго, што Беларусь рухаецца значна далей і глыбей у савецкую мінуўшчыну.

Мэню для палітвязьняў царызму: «А на абед каб быў суп зь ялавічынай і каша з маслам»

Савецкая турэмная сыстэма пасьля зьверстваў сталінізму ўсё ж была значна гуманізаваная, ачалавечаная. Фільмамі Данэлія і Разанава, ідэалізаванымі вобразамі Аніскіна і дзядзькі Сьцёпы савецкім грамадзянам спрабавалі паказаць іншае аблічча сьледчага і міліцыянта — справядлівага, дабрадушнага і чалавечнага. Цяжка сьцьвярджаць, што «сілавікі» ў позьнім СССР цалкам адпавядалі гэтым ідэалам, але ўсё ж пры Хрушчову і Брэжневу яны сталі значна больш мяккімі, як і сама рэпрэсіўная сыстэма. Як антаганізм ёй савецкім грамадзянам у тыя гады спрабавалі падаць жорсткасьць і бесчалавечнасьць царскага рэжыму, праз засьценкі якога ў свой час прайшло ўсё першае пакаленьне рэвалюцыянэраў, якія ў 1917 захапілі ўладу. Турэмныя старонкі былі ў біяграфіях амаль усіх першых бальшавіцкіх правадыроў і наркомаў — Леніна, Сталіна, Калініна, Дзяржынскага, Варашылава...

Жывучы ў тыя гады і ведаючы гэтую адметнасьць савецкай прапаганды, Мацьвей Максімовіч у сваёй кнізе паспрабаваў параўнаць тыя рэаліі, у якіх апыналіся палітвязьні ў царскіх турмах і ссылках, і ўмовы, у якіх «перавыхоўваліся» «ворагі народу» ў сталінскім СССР. Параўнаньні сапраўды ўражваюць. Мацьвей Максімовіч прыводзіць, напрыклад, такія дэталі.

У вопісе маёмасьці славутай турмы Петрапаўлаўскай крэпасьці ХІХ стагодзьдзя, дзе ў камэрах-адзіночках утрымліваліся найбольш небясьпечныя палітычныя злачынцы, значыліся, напрыклад: 21 штука сталовых срэбных лыжак, 21 умывальнік, 21 матрац з аленевай воўны, паўпуховыя падушкі, пасьцельнай бялізны: навалачак — 120, прасьцінаў — 63, сталовай бялізны — 60 абрусаў і 60 сурвэтак.

Зазначу, што турма Петрапаўлаўскай крэпасьці ўваходзіла ў абавязковую праграму экскурсій савецкіх грамадзянаў у Ленінград: сам пераканаўся ў гэтым у 1978 годзе, калі нас, школьнікаў — пераможцаў геаграфічнай алімпіяды, узнагародзілі такой экскурсіяй. Экскурсавод з трагічным выразам твару расказвала, у якіх нечалавечых умовах трымаў царызм палымяных рэвалюцыянэраў. А нам дазвалялася зайсьці ў камэры. Абрусаў і сурвэтак на сталах там, праўда, на той час ужо не было, а вось матрацы і падушкі на арыштанцкіх ложках памятаю...

Мацьвей Максімовіч таксама цытуе вытрымку з цыркуляра аб забесьпячэньні «ворагаў царскага рэжыму» харчаваньнем. Вязьням належала «падаваць хлеба — у будні чорнага, а іншы раз белага і пытляванага — уволю, а на абед каб быў суп зь ялавічынай і каша з маслам».

У сувязі з харчаваньнем палітвязьняў — успамін дзяцінства. Савецкім школьнікам, як вядома, падрабязна выкладалі біяграфію Леніна. Адзін з эпізодаў — як малады Ільліч зь нявестай Надзеяй быў сасланы царом у Сібір, у Шушанскае. З агульнай карціны пакутаў гераічнага рэвалюцыянэра рэзка кантраставалі некаторыя дэталі. Напрыклад, тое, што Ільліч часта хадзіў на паляваньне, а на абед кухарка нярэдка гатавала маладой сям’і ссыльных дзічыну, рыбу альбо пельмені. (Параўнайце з рэаліямі цяперашняй беларускай ссылкі — «хіміі»).

Каюта Леніна, у якой ён ехаў у ссылку ў сяло Шушанскае
Каюта Леніна, у якой ён ехаў у ссылку ў сяло Шушанскае

З дапамогай інтэрнэту спраўдзіў цяпер тыя свае дзіцячыя падозраньні і неўразуменьні. І сапраўды, трапіўшы ў Краснаярск на прыватную кватэру з поўным пансіёнам, г. зн. з разнастайным харчаваньнем па 4-5 разоў на дзень і сапраўдным сібірскім мэню (капуста з грыбамі, цяляціна, рыба адварная, пірагі, пельмені, шанежкі, бараніна з кашай) Ленін з захапленьнем пісаў сваякам: «Жыву добра, сталом цалкам задаволены. Пра мінэральную страўнікавую ваду забыў і думаць і, спадзяюся, хутка забуду і яе назву».

Мацьвей Максімовіч на падставе параўнаньня зрабіў такую выснову: «Савецкая пэнітэнцыярная сыстэма, як і сыстэма ГУЛАГу, па сваёй несправядлівасьці, бесчалавечнасьці і вычварэнскай жорсткасьці ў шмат разоў пераўзыходзіць усё тое, што рабілі ў свой час царскія карнікі дзеля абароны самадзяржаўя».

Стваральнікі ГУЛАГу і досьвед царскіх турмаў

Камуністычныя правадыры ведалі толк у царскіх турмах, да драбніц былі знаёмыя з усімі бакамі турэмнага жыцьця і побыту. І калі яны, былыя сядзельцы-рэвалюцыянэры, захапілі ўладу і самі сталі стваральнікамі турмаў і лягераў, то зрабілі своеасаблівыя высновы з уласнага турэмнага досьведу.

Самі яны, калі выходзілі альбо ўцякалі з царскіх засьценкаў, найчасьцей вярталіся да актыўнай палітычнай дзейнасьці. Тыя ж, хто трапляў у створаны гэтымі былымі рэвалюцыянэрамі і палітвязьнямі сталінскі ГУЛАГ, шанцаў на вяртаньне альбо ўвогуле ня мелі, альбо калі і вярталіся, то безнадзейнымі калекамі, спустошанымі і зьнішчанымі маральна.

Лёгіка такая: царызм быў недастаткова жорсткім са сваімі ворагамі — таму і не ўтрымаў уладу. Мы ж учынім такі тэрор, навядзём такога жаху, каб вораг і думаць забыў пра які-небудзь супраціў.

Тыя старыя мэтадычкі зноў запатрабаваныя ў сёньняшняй Беларусі. Іх дасталі са старых сакрэтных архіваў і згодна зь імі на нашых вачах катуюць людзей. Што адметна: выканаўцы знайшліся імгненна.

Ці магло быць іначай? Напэўна. І найперш справа ў тым, што практычна ніхто з тых, хто тады катаваў і аддаваў загады катаваць, хто распрацоўваў інструкцыі і мэтодыкі катаваньняў, не панёс адказнасьці, Ды што адказнасьці — нават ня быў названы па імёнах. Сёньня беларускае грамадзтва разьлічваецца за незасвоены ўрок.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG