Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месяцамі бяз душу, матрацаў, як паддосьледныя. Зьняволеная апісала цяперашнія ўмовы на Акрэсьціна


Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая, якая правяла месяц у зьняволеньні на Акрэсьціна, на сваёй старонцы ў Фэйсбуку расказала пра фактычныя катаваньні вязьняў.

«30 сутак там у сённяшніх умовах мне хапіла, каб выйсьці з букетам новых хвароб – ад фарынгатрахеіту да цыстыту і кароны (дарэчы, менавіта прышчэпка дапамагла перанесьці апошняе досыць лёгка ў параўнаньні з маімі сукамэрніцамі). А людзі сядзяць там па 60 сутак і больш, у залежнасьці ад таго, колькі пратаколаў ім захочуць накінуць.

Сядзяць у антысанітарыі – іх ніколі не водзяць у душ і не выдаюць нават шчотак з асаблівых рэчаў. Туалетную паперу часам прыходзілася выбіваць па сантымэтры.

Сядзяць месяцамі без шпацыраў (паветра ў камэру №15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз «кармушку», але яе спэцыяльна ўвесь час зачынялі).

Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў сплясьнелы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя – нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкл фізычных практыкаваньняў – прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы – неяк пагрэцца і заснуць).

Сядзяць без сноў (у два і чатыры ночы нас падымалі на пераклічкі; пра тое, што там суткамі гарыць яркае штучнае асьвятленьне, і нагадваць не трэба).

Сядзяць без перадач (многіх жанчын забіралі з працы ці лецішчаў у спадніцах, сукенках, і яны так і ляжалі начамі на халоднай падлозе, пакуль нехта з тых, хто выходзіў на волю, не здымаў з сябе байку ці трусы-шкарпэткі. Шчоткай, якая ў спадчыну дасталася мне, карысталася яшчэ чалавек пяць да гэтага, здаецца. А ў майцы хадзіла сама маці «Хлопотного дельца»).

Сядзяць на палову галодныя (за месяц харчаваньня я мусіла заплаціць больш 400 рублёў (каля 150 эўра), і за гэтыя грошы на абед атрымлівала пусты суп – вадкасьць з парай бульбін і лупінай ад яе, сплясьнелы хлеб і два кубкі гарбаты ці кісель, якія запаўнялі толькі палову кубка. Як мясцовых порцый хапае нашым хлопцам, я не ўяўляю).

Сядзяць без адэкватнай мэдыцынскай дапамогі (у пікавы момант у двухмеснай камэры №15 утрымлівалася 20 жанчын – у холадзе і духаце ўсе хутка пачыналі хварэць. Усіх атакоўваў каранавірус, які, як і іншыя хваробы, лечыцца там з большага парацатамолам. Без магчымасьці рухацца ў хаце 3 на 4 мэтры, з дрэнным харчаваньнем усе рэзка пераставалі хадзіць у туалет. Ужо прабачце за падрабязнасьці, але за 30 сутак я змагла зрабіць гэта толькі тры разы).

Сядзяць як паддосьледныя. Мне нават неяк не па сабе расказваць, як дарослыя цёткі і дзядзькі з ЦІП кайфуюць, назіраючы ў вочкі і камэры за тым, як мы будзем змагацца з новым прыдуманым выпрабаваньнем. Спачатку да вас падсяляюць Аллу Ільінічну і Марынку з вошамі, чакаючы, што ў вас пачнецца гістэрыка. Але мы знаходзім з імі агульную мову, і праз некалькі дзён «гістэрыка» здараецца ў дзяжурных, якія ўсё ж вядуць так званых маргіналаў з нашых камэраў на «пражарку», бо сытуацыя блізкая да эпідэміі пэдыкулёзу. Супрацоўнікі вельмі перажываюць за стан сваёй формы – яны вымушаныя два разы на суткі праводзіць «шмон» у нашых камэрах і прашчупваць нас, а так лёгка падчапіць як мінімум адзежных насякомых.

Пасьля да вас падсяляюць новую Марыну – у яе расстройства кішэчніка, яна ўся ў гаўне, а яшчэ ў язвах, якія сьцякаюць крывёю, у грыбку. А яшчэ ў яе жорсткі абстынэнтны сындром. Супрацоўнікі ЦІП назіраюць і чакаюць, што мы сарвёмся. Але мы проста бяром і пачынам мыць Марынку над дзіркай у падлозе і выбіваем у мэдсупрацоўніка зялёнку, каб апрацаваць яе раны. Нам забраняюць сядзець і спаць, абражаюць, але мы працягваем жартаваць і з камэр чуецца сьмех – усё гэта вельмі раздражняе супрацоўнікаў ЦІП.

Мне ёсьць яшчэ што згадаць, але больш падрабязна я апішу ўсе катаваньні і прамыя злачынствы ў дачыненьні да беларусаў у скаргах у дзяржустановы (хоць яны пасьля і скажуць, што дадзеныя факты не пацьвердзіліся, Азаронку ж у нас падабалася). Але пакуль проста коратка нагадаю, за што ў Беларусі так зьдзекуюцца з людзей у статусе правапарушальнікаў:

  • Была на вуліцы ў чырвонай сукенцы з белай накідкай.
  • Прыйшла падтрымаць тату Марыі Калесьнікавай на суд (у пратаколе напісалі «хацела вызваліць Марыю Калесьнікаву»).
  • Прынесла кветку да месца забойства Тарайкоўскага.
  • Пераслала мужу ў асабістыя навіны з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў.
  • Зьняла на відэа дваравы марш у Лошыцы.
  • Сказала вайскоўцу «Наша возьме».
  • Чытала ў электрычцы кніжкі беларускіх пісьменьнікаў.
  • Была непажаданай новаму кіраўніцтву Акадэміі кіраваньня.
  • Перапісвалася ў чаце Лебядзінага з суседзямі.
  • Вярнулася з Францыі, дзе выйшла замуж за француза.
  • Працавала ў «Корпусе», а калі туды прыехаў ГУБАЗіК, «аказала» ім непадпарадкаваньне (насамрэч, вядома, не).
  • Айцішніца, якая можа ведаць кібэрпартызанаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG