Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бракуе грошай, здымаюць на камэру, разьдзяваюць. Як «палітычным» ускладняюць жыцьцё на «хіміі»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія вязьні, якія за апошні год атрымалі абмежаваньне волі з палітычных прычынаў, ананімна расказалі Свабодзе, як ім абцяжарваюць жыцьцё на «хіміі». Кажуць, што ўсё паводле закону.

1. Цяжка «пракарміцца», нават калі ёсьць праца

Вязьні на «хіміі» ўтрымліваюць сябе, гатуюць за свае грошы, у адрозьненьне ад закрытай калёніі. Перасылаць ім грошы або прадукты могуць толькі родныя. Але ня ўсе знаходзяць сабе працу, калі адбываюць пакараньне. Да таго ж ёсьць негалоснае правіла ня браць на добрааплатныя, не чорнарабочыя пасады «хімікаў», як называюць асуджаных на абмежаваньне волі, а асабліва – «палітычных».

За месяц працы асуджаны на «хімію» можа атрымаць усяго 150 рублёў; 600 рублёў лічыцца ўжо высокім заробкам.

«На агульным рэжыме (у калёніі. – РС) давалі бы «кармёжку», чалавек жыў бы больш спакойна, чытаў бы кнігі, паспаў. Тут у 6 ранку прачнуўся, сядзіш на зэдліку да 22:00», – абураецца вязень.

Тыя, хто ня мае працы і каго не падтрымліваюць родныя, мусяць фактычна жабраваць, прасіць падзяліцца зь імі іншых вязьняў. Таксама ёсьць варыянт «працаваць на міліцыю за крупы», «зьліваць» адміністрацыі, што адбываецца ў асяродзьдзі асуджаных, хто як крытыкуе адміністрацыю, хто парушае рэжым. Гэта так званыя сэксоты.

2. Чапляюцца да «палітычных» і «непажаданых»

Фізычныя ўмовы на «хіміі», якія датычаць рамонту кухні, прыбіральні, пакояў, абсталяваньня, досыць добрыя, мяркуюць вязьні. Цяжэй з адносінамі, псыхалягічнай атмасфэрай.

Адміністрацыя ўстановы можа чапляцца да дзяжурства, прыбіраньня, днявальства. Такое перадузятае стаўленьне заўважаюць найперш да людзей, якія праходзяць паводле «палітычных» артыкулаў, а таксама да тых, хто нечым не дагадзіў адміністрацыі.

«За кожную мінімальную сытуацыю цябе могуць пакараць. Калі ты просты, няма пытаньняў. Калі хтосьці спрабуе не сварыцца, хадзіць па сьценцы, рабіць выгляд, што ён цень, то ў яго пытаньняў нашмат менш. Калі палітычны, то табе зробяць заўвагу, што ты няголены, ня так азірнуўся, да цябе будуць чапляцца, нават калі ты будзеш анёлам», – кажа адзін з суразмоўцаў.

«Начальнік на гутарках пры мне ўсьміхаецца, але праз сваіх супрацоўнікаў чапляе мяне, наколькі магчыма, каб справакаваць на нэрвы, эмоцыі. Карае мяне чужымі рукамі, просіць, каб мяне даймалі. Прычым 50% супрацоўнікаў нармальныя, якія разумеюць сытуацыю ў краіне. Яны, можа, былі б і рады, каб усё пайшло па іншым сцэнары», – тлумачыць яшчэ адзін палітвязень.

Вязьні абураюцца, што чамусьці ў адных сядзельцаў супрацоўнікі не заўважаць буйных парушэньняў, а іншых караюць нават за мінімальныя правіны.

«Несправядлівасьць у тым, да якой ступені карумпаваная гэтая ўлада, як былы прэзыдэнт дазволіў гэтаму ўсяму разьвіцца, як яны перавышаюць свае паўнамоцтвы, дзейнічаюць па ўказцы, па званку. Асабліва гэта адчуваецца да тых, хто тут непажаданы», – камэнтуе асуджаны.

«Палітычнага» могуць абавязаць рабіць самую брудную працу, якую раней ніхто ня мусіў рабіць.

«Ганяюць, прымушаюць прыбраць кавалак гразі, які ляжаў дагэтуль, можа, 10 гадоў. У супрацоўнікаў адміністрацыі ёсьць усе інструмэнты, каб паказаць, дзе тваё месца», – кажа вязень.

3. Штогадзіны трэба адзначацца, калі стаіш на прафіляктычным уліку

Вязьні расказваюць, што на «прафулік» за схільнасьць да экстрэмізму або да нападу на супрацоўнікаў калёніі раней ставілі за нейкія канкрэтныя дзеяньні, парушэньні. Цяпер жоўтую бірку атрымліваюць амаль аўтаматычна ўсе «палітычныя», таксама многія, хто ідзе па «наркатычным» артыкуле (артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Такі асуджаны мусіць кожную гадзіну з 10:00 да 20:00 адзначацца ў супрацоўніка «хіміі».

«Прафіляктычны ўлік разьбівае твой дзень на гадзіны. Некаму падабаецца, што ён трымаецца ў рытме. Але тут трэба пасьпець наведаць кухню, душ, туалет; выклікаюць на мерапрыемствы; можа быць асабістае жыцьцё. Гэта не зусім зручна», – тлумачаць вязьні.

Калі спозьнісься адзначыцца на 5 хвілін, могуць расцаніць як парушэньне і пакараць штрафным ізалятарам.

Адзін зь вязьняў паскардзіўся, што захварэў, лекар яму прызначыў пасьцельны рэжым, аднак яго ўсё роўна ня вызвалілі ад абавязку адзначацца.

4. «Непалітычным» пагражаюць за сяброўства з «палітычнымі»

Вакол «палітычных» спрабуюць стварыць штучную ізаляцыю. За сяброўства з палітвязьнямі могуць пагражаць пакараньнямі або пераводам у калёнію, калі ў чалавека ёсьць патрэбная колькасьць парушэньняў.

5. Здымаюць на відэакамэру

Адзін зь відаў пакараньняў, як яго ўспрымаюць вязьні, – гэта здыманьне работнікамі калёніі на відэа ўсяго, што робіць чалавек.

«Ты падмятаеш, а над табой стаяць з камэрай і здымаюць. Гэта ня вельмі прыемна. Здымаюць, каб вывесьці на правакацыю. Калі выведуць «на нэрвы», у іх будзе доказ: «Вось ён так сябе паводзіць!»», – расказвае адзін з палітвязьняў.

6. Пагуляць «палітычныя» амаль ня ходзяць

Выходзіць за межы папраўчай установы можна толькі ў суправаджэньні міліцыянтаў. Выключэньні бываюць, як кажуць вязьні, толькі для сэксотаў. Калі вязень ня ходзіць на працу, то ён можа ўвогуле не атрымаць дазволу выйсьці на вуліцу, каб нават схадзіць у краму або на пошту. Наглядчык можа адказваць, што заняты, на кожную просьбу «палітычнага» аб суправаджэньні.

«Умовы жорсткія для такога рэжыму. Выхаду адсюль нікуды няма абсалютна, каб пагуляць, у горад схадзіць. Ходзяць тыя, хто «прадаліся» за пэўныя зьвесткі адміністрацыі. Тут шмат «стукацтва», подласьці. Тут вельмі цяжка знаходзіцца. Прыкладам, вось зараз нехта раскажа, што той хадзіў у пантофлях, а гэты гаварыў па тэлефоне, мо даваў інтэрвію», – тлумачыць адзін з суразмоўцаў.

7. Караюць паводле ўнутраных правілаў, якіх вязьні ня бачаць

Асуджаныя абураюцца, што ва ўстанове кіруюцца ня толькі Крымінальным кодэксам або правіламі ўнутранага распарадку, але і ўнутранымі дакумэнтамі для службовага карыстаньня, недасяжнымі для вязьняў, таму яны не заўсёды разумеюць, за што іх караюць.

«Ты ня можаш адстойваць свае правы. Калі кажаш: давайце вы таксама будзеце ўсё рабіць паводле правілаў, то гэта робіцца так, каб цябе максымальна прынізіць», – мяркуе палітвязень.

Ён прыгадвае сытуацыю, калі зрабіў заўвагу супрацоўніку, які павёў сябе некарэктна. У той жа дзень пасьля вяртаньня з крамы яму ўчынілі надгляд, калі ён мусіў цалкам разьдзецца і прысядаць.

«Але ж мы проста вяртаемся з крамы! Які надгляд? Яны кажуць, што кіруюцца правіламі для службовага карыстаньня, якія ня могуць нам расказаць. Ты ня ведаеш, што ты можаш парушыць. Ты спасылаесься на Крымінальны кодэкс, на правілы ўнутранага распарадку, але гэта не працуе, бо заўсёды знойдуцца інструкцыі да службовага карыстаньня і ты ніколі ня маеш рацыю», – абураецца асуджаны на «хімію».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG