Праваабаронцам сталі вядомыя імёны ўсіх памілаваных Лукашэнкам палітвязьняў

абноўлена
Гомельскае СІЗА № 3. Ілюстрацыйнае фота
Гомельскае СІЗА № 3. Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў 13 чалавек, але не назвалі, каго менавіта. Імёны памілаваных палітвязьняў даведаліся праваабаронцы «Вясны».

  • Аляксандар Баброў з Жлобіна адбываў 2,5 года калёніі агульнага рэжыму ў Глыбокім за тое, што 17 жніўня перакрыў дарогу для тэхнічнага транспарту на заводзе на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.
    📝 Яму замянілі калёнію «хіміяй».
  • Ігар Быкоўскіх зь Менску адбываў 1,5 года «хіміі» ў Круглым за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369).
  • Яўген Говар з Жлобіна адбываў 2,5 года калёніі агульнага рэжыму ў Івацэвічах за тое, што 17 жніўня перакрыў дарогу для тэхнічнага транспарту на заводзе на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.
    📝 Яму замянілі калёнію «хіміяй».
  • Віктар Каліноўскі зь Берасьця адбываў 2,5 года «хіміі» ў Шклове. Яго асудзілі за надпісы на некалькіх прыпынках і гандлёвым кіёску ў Берасьці (ч. 2 арт. 339 КК).
  • Яўген Каральчук з Століна адбываў 1 год «хіміі» ў Круглым за зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў (арт. 370).
  • Юлія Кашаверава зь Віцебску адбывала 1,5 года калёніі ў Гомлі за злоснае хуліганства. Яе асудзілі за тое, што яна сарвала маску і галаўны ўбор з супрацоўніка МУС і ўдарыла нагой па міліцэйскім мікрааўтобусе. (ч. 1 арт. 339 КК).
  • Аляксей Коршун з Воршы адбываў 2,5 года калёніі агульнага рэжыму ў Івацэвічах за камэнтары ў «Укантакце», якія суд палічыў распальваньнем сацыяльнай варожасьці (арт. 130).
  • Валер Лоза зь Сьветлагорску адбываў адбываў 2,5 года «хіміі» ў Ваўкавыску. Яго асудзілі за абразу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК).
  • Яўген Пашалюк з Каменца адбываў 2 гады «хіміі» ў Круглым за абразу судзьдзі (арт. 391).
  • Яўген Рапін адбываў 3 гады «хіміі» ў Мазыры за тое, што падчас акцыі пратэсту 4 кастрычніка ўдарыў па камэры назіраньня ізалятара на Акрэсьціна (арт. 342).
  • Сяргей Рудзінскі адбываў 1,5 года «хіміі» ў Ваўкавыску за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369).
  • Вадзім Сычак зь Бярозы адбываў 1 год «хіміі» за разьбітую 10 жніўня шыбу ў аўтобусе (арт. 339 КК).
    📝 Яго перавялі на «хатнюю хімію».
  • Максім Шаўлінскі з Воршы адбываў 2 гады «хіміі» ў Мазыры. Яго асудзілі за камэнтар у закрытым тэлеграм-чаце, у якім угледзелі паклёп на міліцыянта (арт. 188 КК).

9 жніўня падчас «Вялікай размовы» прадстаўнік «Круглага стала дэмакратычных сілаў» Юры Васкрасенскі агучыў прапанову аб вызваленьні першай сотні чалавек, зьняволеных паводле палітычных артыкулаў.

Тады Васкрасенскі ўдакладніў, што ў прашэньні аб памілаваньні гаворка пра 93 «аблудных», яшчэ 6 чалавек — банкіры, якія кампэнсавалі шкоду і актыўна супрацоўнічалі са сьледзтвам, і адзін — экс-кіраўнік Магілёўскай філярмоніі.

Лукашэнка паабяцаў паглядзець сьпіс, але выставіў сваю ўмову — Васкрасенскі «пэрсанальна адказвае ўласнай галавой за кожнага».

Намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, кіраўніца Камісіі ў пытаньнях памілаваньня Вольга Чупрыс удакладніла, чаму са 100 чалавек, якіх прапаноўвалася памілаваць, у выніковым сьпісе апынуліся толькі 13.

Паводле чыноўніцы, якую цытуе Беларуская тэлевізія, у так званым «сьпісе Васкрасенскага» не было выразных крытэраў, якія маглі б служыць падставай для вызваленьня ўсіх уключаных туды асобаў.

  • Прыкладна чвэрць зь ліку «кандыдатаў» ня мела прысудаў або рашэньне не набыло законную моц.
  • 17 чалавек — злосныя парушальнікі рэжыму адбыцьця пакараньня. Гэта сьведчыць, што яны ня сталі на шлях выпраўленьня.
  • Больш за 10 асобаў учынілі злачынствы, зьвязаныя з карупцыяй, незаконным абарачэньнем наркотыкаў ці зброі.
  • Каля 6 чалавек раней судзімыя альбо ўчынілі правапарушэньні падчас адбыцьця пакараньня.
  • Некаторыя катэгарычна адмовіліся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

​
XS
SM
MD
LG