Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя вязьні адказалі прадстаўніку пракуратуры на словы, што нібыта ніхто зь іх ня скардзіцца на катаваньні


Турма на Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

Усім незадаволеным умовамі ўтрыманьня ў ЦІП афіцыйны прадстаўнік Гэнэральнай пракуратуры Дзьмітры Брылёў параіў зьвяртацца ў «адпаведныя органы».

Раней з пытаньнем «Як спыніць катаваньні на Акрэсьціна» да чыноўнікаў і прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі зьвярнуліся журналісты «Народнай Волі».

«У чалавека ніхто не адбіраў права скарыстацца інстытутам скаргаў. Мы, безумоўна, таксама адсочваем СМІ, зьвернем увагу. Але калі журналіст зьвяртаецца — гэта крыху ня тое. Цяпер кожную інфармацыю трэба пераправяраць, вельмі шмат фэйкаў. А закон аб зваротах грамадзян ніхто не скасоўваў, ён працуе. І той, хто канкрэтна пацярпеў, можа накіраваць зварот у адпаведныя органы. Іншае пытаньне, чаму не адпраўляе. Трэба разьбірацца. Але і самі людзі павінны паказаць, у які пэрыяд часу і ў чым канкрэтна парушаныя іх правы», — адказаў Дзьмітры Брылёў.

Пасьля публікацыі нататкі з цытатай прадстаўніка Генпракуратуры ў рэдакцыю Zerkalo. Io паступілі дзясяткі паведамленьняў ад чытачоў, якія дзяліліся сваім досьведам напісаньня скаргаў на ўмовы ўтрымання ў ІЧУ і ЦІП — на Акрэсьціна і Жодзіна.

«Парушэньняў ня выяўлена»

Мянчук Дзьмітры вясной адбываў у ЦІП на Акрэсьціна 15 сутак арышту за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Мужчыну зьмясьцілі ў чатырохмясцовую камэру, дзе ў некаторыя дні знаходзілася 7 чалавек, а часам нават 12. За ўвесь час Дзьмітрыя і яго сукамэрнікаў вывелі тры разы на шпацыр працягласьцю менш за гадзіну, а ў душ ён ня трапіў ні разу.

На трэці дзень арышту з камэры Дзьмітрыя забралі пасьцельныя прыналежнасьці. Да вызваленьня ён і яго сукамэрнікі спалі на падлозе і мэталічных каркасах. Акрамя таго, знаходзячыся ў зьняволеньні, Дзьмітры так і ня змог абскардзіць пастанову аб прыцягненьні яго да адміністрацыйнай адказнасьці.

Адну скаргу спрабаваў перадаць з сукамэрнікам, аднак перад выхадам таго абшукалі і забралі паперу. Тады мужчына перадаў заяву падчас надгляду праз супрацоўніка ЦІП. Аднак і яна да суду не дайшла. Больш за тое, падчас ранішняга ператрусу ў яго канфіскавалі копіі пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні і пастановы аб накладаньні спагнаньня.

Выйшаўшы на волю, Дзьмітры склаў скаргу на шэсьць старонак і адправіў яе ў пракуратуру Завадзкога раёну Менска з патрабаваньнем правесьці праверку невыкананьня Правілаў унутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту і ліквідаваць парушэньні заканадаўства. З пракуратуры зварот перанакіравалі «па тэрытарыяльнасьці» ў пракуратуру Маскоўскага раёну, адтуль ў ГУЎС Менгарвыканкаму, у структуру якога і ўваходзіць ЦІП.

«Падчас правядзеньня праверкі парушэньняў нормаў дзейнага заканадаўства ў дзеяньнях супрацоўнікаў ЦІП ня выяўлена», — паведамлялася ў адказе за подпісам першага намесьніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігара Падвойскага.

Жыхарка Менску Ліда адбывала адміністрацыйны арышт на Акрэсьціна таксама вясной гэтага году. У красавіку яна напісала скаргу на кепскія ўмовы ўтрыманьня ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менска. Яе зварот перанакіравалі ў гарадзкую пракуратуру, а адтуль — у ГУЎС Менгарвыканкаму. У траўні ёй прыйшоў адказ за подпісам усё таго ж Ігара Падвойскага.

«Падчас праверкі парушэньняў законнасьці ў дзеяньнях супрацоўнікаў ІЧУ ГУУС Менгарвыканкаму і правілаў унутранага распарадку ня выяўлена».

Такі ж ліст атрымаў і мянчук Дзьмітры, які разам з сукамэрнікамі склаў калектыўную скаргу на ўмовы ўтрыманьня ў ЦІП у канцы ліпеня — пачатку жніўня мінулага года.

«Факты не пацьвердзіліся»

Жыхар Менску Канстанцін Мароз на Акрэсьціна правёў 12 сутак у пачатку лютага. Першыя пяць дзён ён сядзеў у камэры № 14 ІЧУ. Затым яго перавялі ў ЦІП, дзе ён адбыў яшчэ сем сутак. Умовы ў ізалятары і цэнтры былі прыкладна аднолькавыя: камэры перапоўненыя, на шпацыр і ў душ не выводзілі, матрацы не выдавалі, абскардзіць свой арышт ён ня змог — асадку і паперу яму ня выдалі.

Пасьля вызваленьня Канстанцін паскардзіўся ў Міністэрства аховы здароўя і на ІЧУ, і на ЦІП. Ведамства перанакіравала яго зварот «па прыналежнасьці» у «Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі Маскоўскага раёну Менска». Адтуль пераслалі начальніку «Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Дэпартамэнту фінансаў і тылу МУС» Аляксандру Казлову.

«Па фактах, выкладзеных у звароце спэцыялістамі РЦГіЭ праведзены маніторынг ЦІП і ІЧУ. Названыя вамі факты ў ходзе санітарна-эпідэміялягічнага маніторынгу не пацьвердзіліся», — паведамлялася ў адказе за подпісам намесьніка начальніка ўстановы Вольгі Уткінай.
Скаргу на ўмовы ўтрыманьня Канстанцін адправіў і ў ЦІП.

«Падчас правядзеньня праверкі парушэньняў нормаў дзейнага заканадаўства ў дзеяньнях супрацоўнікаў ЦІП ня выяўлена», — адказаў Ігар Падвойскі.

«Праверкі недахопаў ня выявілі»

Алег увосень мінулага году адбываў 13 сутак арышту ў Жодзінскім ІЧУ, пасьля вызваленьня напісаў скаргу на ўмовы ўтрыманьня. У сваім звароце ён распавёў, што 8 кастрычніка начальнік Жодзінскага ГАУС зацьвердзіў новы распарадак дня, які істотна пагоршыў становішча зьняволеных. Ім забаранілі садзіцца з 6.00 да 22.00 на спальнае месца і пазбавілі фіксаванай пэрыядычнасьці шпацыраў — арыштаваных выводзілі на сьвежае паветра, толькі калі дазвалялі рэжымныя мерапрыемствы.

Свае скаргі Алег накіраваў ва УУС Менаблвыканкама, МУС і Гэнэральную пракуратуру. Адказы былі сугучныя: парушэньняў з боку супрацоўнікаў ІЧУ ня выяўлена.

Яшчэ адзін чытач, які адбываў адміністрацыйны арышт у канцы сьнежня-пачатку студзеня ў Жодзіне, таксама напісаў скаргу на ўмовы ўтрыманьня ў пракуратуру горада. Адтуль яе перанакіравалі начальніку Жодзінскага ГАЎС Уладзімеру Трацюку.

«Пры неаднаразовых праверках супрацоўнікамі МУС і УУС Менскага аблвыканкаму ў сьнежні 2020 году і студзені 2021-га ІЧУ Жодзінскага ГАЎС недахопаў у матэрыяльна-бытавым і санітарна-гігіенічным забесьпячэньні адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных асобаў ня выяўлена. Факты, выкладзеныя ў вашай скарзе, не знайшлі пацьверджаньня. Парушэньняў дзейнага заканадаўства з боку супрацоўнікаў АУС не ўстаноўлена», — паведамлялася ў адказе.

«Ніводнага станоўчага адказу»

Праваабаронцы такім адказам дзяржорганаў на скаргі былых вязьняў не зьдзіўляюцца.

«Такое было заўсёды, — адзначае старшыня РГА „Прававая ініцыятыва“ Вікторыя Фёдарава. — Пракуратура павінна займацца наглядам і ў Менскай гарадзкой пракуратуры ёсьць спэцыяльны чалавек, які адказвае за ўмовы ўтрыманьня. Адпаведна, павінны рэагаваць на ўсе гэтыя скаргі. Замест гэтага яны ўсе нашы скаргі на ўмовы ўтрыманьня перасылаюць у ГУЎС. Здаецца, што гэта нейкі асобны орган, але па факце ІЧУ і ЦІП — гэта, кажучы простай мовай, аддзелы ГУУС. Па сутнасьці нашы скаргі перасылаюць у той орган, які парушае правы. Адпаведна, у нас не было ніводнага станоўчага адказу. Ні аднаго выпадку аднаўленьня правоў».

У канцы мінулага году скаргаў на ўмовы ўтрыманьня было больш, аднак, паводле праваабаронцы, цяпер людзі проста баяцца скардзіцца, бо «паедзеш» па крымінальным артыкуле.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG