Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады адказалі на пэтыцыю пра катаваньні ў беларускіх турмах


Чарга каля турмы на Акрэсьціна ў Менску. Чацьвер — адзіны дзень, калі на Акрэсьціна прымаюць перадачы. Менск, 20 траўня 2021 году.
Чарга каля турмы на Акрэсьціна ў Менску. Чацьвер — адзіны дзень, калі на Акрэсьціна прымаюць перадачы. Менск, 20 траўня 2021 году.

«Факты неналежных умоў у ЦІП і ІЧУ ГУУС Менскага гарвыканкаму, а таксама ў ІЧУ г. Жодзіна не пацьвердзіліся».

Такі адказ далі дзяржаўныя органы на калектыўную скаргу (пэтыцыю) грамадзянаў на катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне да тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт. Адказ прыводзіць Праваабарончы цэнтар «Вясна».

17 сакавіка на сайце «Удобный город» была апублікаваная пэтыцыя «Аб спыненьні жорсткага абыходжаньня і катаваньняў у ізалятарах часовага ўтрыманьня і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў».

У ёй былі адлюстраваныя толькі самыя асноўныя парушэньні.

Пра што пісалі ў пэтыцыі

  • нетлумачэньне правоў і абавязкаў;
  • перапоўненасьць камэр і нястача ложкаў для кожнага арыштанта;
  • нявыдача матрацаў, коўдраў, пасьцельнай бялізны і іншых неабходных прыладаў;
  • адсутнасьць пітной вады, ежа нездавальняючай якасьці і недастатковай колькасьці;
  • антысанітарнае становішча і нездавальняючая тэмпэратура ў камэрах,
  • адсутнасьць мераў засьцярогі ад COVID-19;
  • адсутнасьць прагулак, душа, кантактаў з навакольным сьветам (неатрыманьне і неадпраўка карэспандэнцыі);
  • немагчымасьць абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў ІЧУ і рашэньне суду.

Адміністрацыйна затрыманыя і арыштаваныя пасьля вызваленьня масава заяўляюць аб наўмысным невыкананьні патрабаваньняў заканадаўства датычна ўмоваў іх ўтрыманьня ў ізалятарах Менску, Жодзіна і іншых гарадоў.

За тыдзень пэтыцыя сабрала 2012 подпісаў і была накіраваная ў шэсьць дзяржаўных органаў, у кожнага зь якіх ёсьць паўнамоцтвы рэагаваньня на падобныя парушэньні.

Каму паслалі пэтыцыю

  • Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму,
  • Міністэрства ўнутраных спраў,
  • Пракуратуру гораду Менску,
  • Пракуратуру Менскай вобласьці,
  • ДУ «Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі»
  • Дэпартамэнт фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь»,
  • Жодзінскі ГАУС.

Заяўнікі патрабавалі ад дзяржаўных органаў:

  • Аднавіць парушаныя невыкананьнем умоў утрыманьня правы людзей;
  • Правесьці поўную, аб’ектыўную і ўсебаковую праверку;
  • Ліквідаваць відавочныя і грубыя парушэньні ўмоў утрыманьня, а таксама парушэньні, якія маюць разавы або лякальны характар.

Што адказалі ўлады

Зь пяці атрыманых адказаў тры — апавяшчэньне аб перанакіраваньні звароту ў ніжэйшыя інстанцыі для разгляду па сутнасьці ў межах кампэтэнцый.

ГУУС Менскага гарвыканкаму далучыла пэтыцыю да зваротаў, вывучаных раней, і заявіла, што адпаведныя адказы ўжо былі дадзеныя.

Жодзінскі ГАУС адказаў, што не было ўстаноўлена дзеяньняў супрацоўнікаў ІЧУ, якія б закраналі інтарэсы заяўнікаў, а факты са скаргі на парадак і ўмовы ўтрыманьня не знайшлі свайго пацьверджаньня.

«Парушэньняў дзейнага заканадаўства з боку супрацоўнікаў АУС не ўстаноўлена», — адзначыў на заканчэньні начальнік Жодзінскага ГАУС Трацюк.

Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі дэпартамэнта фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» правёў праверку з выездам спэцыялістаў на месца, па выніках якой «факты, выкладзеныя ў пэтыцыі, таксама не пацьвердзіліся».

Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што згодна з патрабаваньнямі заканадаўства, такія адказы дзяржорганаў нельга прызнаць належнымі, а калектыўны зварот — разгледжаным па сутнасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG