Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні слова пра ГУЛАГ і Галакост. Якія асноўныя падзеі найноўшай гісторыі вывучаюць 11-клясьнікі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выпускнікі сярэдняй школы сёлета будуць вучыцца па новым падручніку гісторыі, выдадзеным на расейскай мове. Зь яго можна даведацца, што падчас нацысцкай акупацыі калябаранты выкарыстоўвалі бел-чырвона-белую сымболіку і лёзунг «Жыве Беларусь!», а найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай ХХ стагодзьдзя названы «распад СССР».

Высьветлілі ў гісторыка, прафэсаркі ЭГУ Ірыны Раманавай, што ня так з новым падручнікам.

Аўтары падручніка для 11-й клясы — шасьцёра гісторыкаў, пяцёра зь іх працуюць у пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка: Аляксандар Касовіч, Натальля Барабаш, Аляксандар Карзюк, Віталь Ёцюс, Павал Мацюс, а таксама адказны сакратар Інстытуту гісторыі НАН Андрэй Салаўянінаў. Хто зь іх пісаў якія разьдзелы, не пазначана.

«Гэта прэтэнзія на цалкам новы падыход у выкладаньні і вывучэньні гісторыі»

Ірына Раманава
Ірына Раманава

Прафэсарка ЭГУ Ірына Раманава адзначае, што гэта ня толькі новы падручнік, але і прэтэнзія на цалкам новы падыход у выкладаньні і вывучэньні гісторыі. Гэта заяўлена як пераход на канцэнтрычную сыстэму, тлумачыць гісторык.

«Дзеці вывучаюць па-ранейшаму гісторыю храналягічна да 9-й клясы, а ў 10–11-й прапаноўваецца яшчэ раз яе прайсьці, але на якасна іншым узроўні. Новыя падручнікі распрацоўваліся і ўводзіліся паступова, кожны год зьяўляўся адзін падручнік для тых, хто займаўся па новай сыстэме і вывучаў гісторыю Беларусі з 2016 году. Сёлета першы раз выкладацца паводле гэтай схемы будзе гісторыя для 11-й клясы. Такім чынам, дзеці, якія вывучалі гэтыя тэмы ў 8–9 клясах, цяпер павінны працаваць на засвоеным імі фактычным матэрыяле, але неяк інакш, а як — я ня вельмі зразумела», — кажа Ірына Раманава.

Тэмы аб ХХ стагодзьдзі школьнікі вывучалі па падручніку для 9-й клясы «Гісторыя Беларусі, 1917 г. — пачатак ХХІ стагодзьдзя», выдадзеным у 2019 годзе (аўтары С. В. Паноў, У. Н. Сідарцоў, В. М. Фамін).

Новы падручнік «История Беларуси, XIX — начало XXI веков» выйшаў па-расейску. І, хоць да першага падручніка таксама ёсьць пытаньні, выглядае ён, на думку Ірыны Раманавай, больш прымальным. У «клясычным» падручніку выкарыстоўваецца такі падыход: кожны пэрыяд дзеліцца на тэмы: палітыка, сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё, культура, і так ва ўсіх пэрыядах.

«А ў новым падручніку чатыры разьдзелы. Спачатку вывучаем усю палітыку — з другой паловы ХІХ стагодзьдзя да 2022 (!) году, пасьля ўсю эканоміку, міжнародныя адносіны, потым усю культуру. Такім чынам, да пэрыяду, напрыклад, 1920-х ці любых іншых вяртаемся 4 разы; напэўна, адзін раз на чвэрць. Стваральнікам новай канцэпцыі падавалася, што сама па сабе групоўка матэрыялу дазволіць стварыць якасна новы прадукт і разьвіць у дзяцей нейкія новыя навыкі. І тут вучні, калі раптам яны нешта яшчэ памятаюць з 8–9 клясаў, павінны будуць свае веды прывесьці ў адпаведнасьць з гэтымі акцэнтамі, бо раней іх вучылі іншаму», — разважае Ірына Раманава.

Дзяржынскі, тры фота Лукашэнкі і карыкатура на Пілсудзкага

Прафэсарка гісторыі зьвяртае ўвагу, хто зь дзеячоў Беларусі меў гонар трапіць на каляровыя ўкладкі, фатаздымкі.

«З найбольш абуральнага — паглядзім, хто зь дзеячаў удастоіўся разьмяшчэньня фатаздымка. Першае, што кінецца ў вочы, — каляровая ўстаўка са здымкам бюста Дзяржынскага і яго ж біяграфіяй. Трэба так разумець, гэта самы славуты наш зямляк. Проста фатаздымкаў удастоіліся таксама паэтка Алаіза Пашкевіч (Цётка), савецкі партыйны дзяяч Кірыл Мазураў, савецкая падпольшчыца Вера Харужая, Янка Купала, першы рэктар БДУ Ўладзімер Пічэта, опэрная сьпявачка Ларыса Александроўская, паралімпіец Ігар Бокі. У падручніку тры здымкі Лукашэнкі. Прысутнічае выява Пілсудзкага, але на карыкатуры. Больш нікога», — пералічвае Ірына Раманава.

Што трэба ведаць школьніку пра рэпрэсіі і бел-чырвона-белую сымболіку

Падручнік дае такое азначэньне пэрыяду рэпрэсій:

«Барацьба, што разгарнулася з праціўнікамі палітычнага курсу камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы, у гісторыяграфіі вядомая пад назвай „палітычныя рэпрэсіі“. Сярод рэпрэсаваных былі тыя, хто ажыцьцяўляў канкрэтныя дзеяньні супраць існага ладу, вёў контрарэвалюцыйную дзейнасьць, агітацыю, займаўся шкодніцтвам у калгасах і на прадпрыемствах, удзельнічаў у антысавецкіх паўстанцкіх арганізацыях».

Далей прыведзены лічбы рэпрэсаваных — 235,5 тысячы, і пазьней рэабілітаваных — 170 тысяч.

«Дарэчы, лічбы новыя. У параўнаньні з падручнікам 9-й клясы, значна большыя. Але, як заўважылі журналісты Зеркала, атрымліваецца, што 65 тысяч чалавек былі рэпрэсаваныя небеспадстаўна: яны „зьдзяйсьнялі канкрэтныя дзеяньні, накіраваныя супраць існага ладу“.

Гісторык адзначае, што няма ў падручніку ні слова пра ГУЛАГ, затое шмат „смакаваньня“ пра турмы ў Заходняй Беларусі, якіх было аж 19, ды яшчэ і канцлягер. Дарэчы, у падручніку падрабязна апісаныя ўмовы ўтрыманьня і пра тое, што ахоўнікаў выбіралі сярод людзей, схільных да садызму», — адзначае Ірына Раманава.

На думку Ірына Раманавай, у падручніку шмат няважнай і нецікавай інфармацыі, кшталту структуры органаў паводле Канстытуцыі, альбо пра тое, што «прафсаюзныя арганізацыі ўдзельнічалі ў разьмеркаваньні жытла, санаторна-курортных пуцёвак, у правядзеньні сацыялістычнага спаборніцтва», пра харчовыя праграмы і АПК.

А вось пра Галакост у новым падручніку ні слова, заўважыла суразмоўца.

«Асоба, чалавек у гісторыі зьяўляецца толькі, калі аўтары падручніка апавядаюць, як цяжка жылося пры панскай Польшчы ці як людзі радаваліся прыходу Чырвонай арміі», — працягвае прафэсарка.

На думку Ірыны Раманавай, цалкам відавочна, што падручнік трансфармаваўся на хаду напісаньня.

«Напрыклад, устаўка пра бел-чырвона-белую сымболіку як атрыбут паліцаяў і калябарантаў. Альбо тое, пра што нам даводзіць Ігар Марзалюк: „Абавязковым вітаньнем былі словы „Жыве Беларусь!“ як аналяг лёзунгу „Хайль Гітлер“», — кажа Ірына Раманава.

У падручніку пішуць, што «ў кожнай клясе вывешвалі партрэт Гітлера, упрыгожаны з двух бакоў бел-чырвона-белымі стужкамі. Абавязковым атрыбутам былі словы «Жыве Беларусь!» (як аналяг прывітаньня «Хайль Гітлер“ для мясцовых жыхароў)».

«Найбуйнейшая геапалітычная катастрофа ХХ стагодзьдзя — распад СССР».

Натуральна, савецкі пэрыяд паказаны як канструктыўны для нацыянальнага і культурнага разьвіцьця. А найбуйнейшая геапалітычная катастрофа ХХ стагодзьдзя — распад СССР.

«Цалкам відавочна, што невыпадкова ў разьдзеле пра літаратуру няма ніводнага прозьвішча сучасных пісьменьнікаў, як, дарэчы, у адпаведных разьдзелах няма прозьвішчаў і тэатральных дзеячаў, а са спартоўцаў трапіў толькі пераможца Паралімпійскіх гульняў у Токіё Ігар Бокі.

У цэлым гэта не гісторыя людзей, іх тут амаль няма. Гэта гісторыя дзяржавы, дакладней, яе апарату і яго пэрсанальнага ўвасабленьня на найвышэйшай стадыі разьвіцьця», — падсумоўвае Ірына Раманава.

«Гэты падручнік выводзіць узровень крывадушнасьці ў школе на новую ступень»

Прафэсарка Ірына Раманава цытуе вядомага брытанскага дасьледчыка савецкай прапаганды Пэтэра Кенэза:

«Цяжка сказаць, наколькі прапаганда ў 1920-я гады мела ўзьдзеяньне на „маленькіх“ людзей, але тое, што яна выхоўвала саміх прапагандыстаў, прымушала іх верыць у тое, што яны прапаведуюць, зьяўляецца несумненным фактам».

Спадарыня Раманава кажа, што яе найбольш уразіла тое, што аўтары падручніка даволі маладыя людзі.

«Адкуль у іх кандовая мова 1970-х гадоў? Аўтары падручніка для 9-й клясы — людзі больш сталага ўзросту, але наколькі іх мова сучасьнейшая! У сацыяльных сетках абмяркоўваецца, што дзяцей у 11-й клясе на мякіну ня зловіш. Можа, і так. Але ўвядзеньне гэтага падручніка сапраўды небясьпечнае: ён выводзіць узровень крывадушнасьці ў школе на новую ступень», — мяркуе Ірына Раманава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG