Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі і ў Грузіі заклікалі адмяніць акрэдытацыю Ярмошынай як назіральніцы на грузінскіх выбарах


Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына
Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына

У ЦВК Беларусі адказалі, што Ярмошына і не зьбіралася назіральніцай на выбары ў Грузію.

Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі акрэдытавала на мясцовыя выбары 2 кастрычніка ў якасьці міжнародных назіральнікаў групу прадстаўнікоў ЦВК Беларусі на чале са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зьвярнуліся ў Цэнтравыбаркам Грузіі і заклікалі перагледзець прынятае рашэньне.

«Мы вельмі зьдзіўленыя і расчараваныя рашэньнем ЦВК Грузіі запрасіць у якасьці міжнародных назіральнікаў афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, у прыватнасьці Лідзію Ярмошыну», — адзначаюць праваабаронцы.

У гэтым зьвязку яны нагадалі: пачынаючы з 1996 году ўсе палітычныя кампаніі ў Беларусі прызнаныя АБСЭ не адпаведнымі міжнародным абавязаньням у галіне сумленнага і свабоднага волевыяўленьня. Летась фальсыфікацыі на выбарах прэзыдэнта пры патураньні ЦВК выклікалі шырокую хвалю пратэстаў і прывялі краіну да глыбокага крызісу, які працягваецца дагэтуль.

Акрамя таго, некаторыя чальцы ЦВК і сама Лідзія Ярмошына ўключаныя ў санкцыйныя сьпісы Эўразьвязу, ЗША, Вялікай Брытаніі і іншых дзяржаваў — за дзеяньні, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і інстытуты ў краіне.

«Пры такіх акалічнасьцях запрашэньне прадстаўнікоў ЦВК Беларусі для ўдзелу ў назіраньні за мясцовымі выбарамі ў Грузіі зьяўляецца недапушчальным і па сутнасьці будзе азначаць падтрымку грузінскімі інстытутамі фальсыфікацый вынікаў галасаваньня на выбарах у Беларусі, да якіх маюць непасрэднае дачыненьне запрошаныя службовыя асобы», — заявілі беларускія праваабаронцы.

У ЦВК Беларусі паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што Ярмошына і не зьбіралася назіральніцай на выбары ў Грузію, туды накіроўваюцца 2 супрацоўнікі апарату камісіі.

Крытыка ў Грузіі

Крытыкуюць гэты крок і ў самой Грузіі. Адна з кіраўніц партыі «Дроа» Ніно Гагуадзэ «зь вялікай прыкрасьцю» выявіла, што сярод 25 зарэгістраваных міжнародных групаў назіральнікаў значыцца і беларуская ЦВК зь яе старшынёй Лідзіяй Ярмошынай.

На брыфінгу яна нагадала, як Аляксандар Лукашэнка расправіўся са сваімі апанэнтамі на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах і крывавымі мэтадамі здушыў свабоды грамадзян Беларусі.

«Гэтая бязьлітасная несправядлівасьць абапіралася на дадзеныя ЦВК, чыіх прадстаўнікоў запрасіла грузінская ўлада ў якасьці назіральнікаў на свабодныя выбары. Калі на гэтым фоне ўспомнім заключэньне дамовы зь беларускім КДБ, становіцца ясным курс „Грузінскай мары“ (партыя ўлады. — РС). Мы ўсе павінны ўсьвядоміць: самы час адхіліць ад улады лідэраў, якія сьпеліся з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі», — падсумавала Ніно Гагуадзэ.

Раней Лідзія Ярмошына заявіла, што не плянуе заставацца на сваёй пасадзе пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага складу ЦВК — 20 сьнежня 2021 году. Але калі раптам папросяць затрымацца на нейкі пераходны пэрыяд (напрыклад, каб правесьці рэфэрэндум), дык часова папрацуе.

Пасаду старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына займае з 1996 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG