Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына назвала выбары галоўнай падставай для «арганізацыі антыдзяржаўнага перавароту»


Чыноўнікі галасуюць на прэзыдэнцкіх выбарах-2020, ілюстрацыйнае фота
Чыноўнікі галасуюць на прэзыдэнцкіх выбарах-2020, ілюстрацыйнае фота

Выбары перасталі быць унутранай справай дзяржаў, а сталі нагодай для непрыкрытага міжнароднага ўмяшаньня, заявіла старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына.

«Падзеі палітычнага жыцьця паказваюць, што ніводная зь дзяржаў, дзе няма поўнай манаполіі на ўладу, не свабодная ад пагроз пераваротаў. Пры рознасьці нацыянальных мэнталітэтаў, рэлігій, узроўню жыцьця і адукацыі існуе агульны сцэнар мяцяжоў, напоўнены канкрэтыкай у кожным асобным выпадку. З улікам, што мяцяжы ўсё часьцей сталі адбывацца як наступства галоўных выбарчых кампаній, можна прыйсьці да высновы: выбары перасталі быць унутранай справай саміх дзяржаў, а сталі нагодай для непрыкрытага міжнароднага ўмяшаньня», — сказала яна.

Паводле чыноўніцы, на якую спасылаецца БелаПАН, выбары перасталі служыць народнай згодзе, а ўсё часьцей служаць супрацьлеглай мэце, накіраванай на раскол грамадзтва і дзяржавы.

«Сьцьвярджэньні ад апанэнтаў галоўнай палітычнай сілы пра тое, што калі выбары будуць сумленнымі, то і мяцяжоў ня будзе (спадарыня Ціханоўская любіла пра гэта казаць да выбараў), цалкам аспрэчваюцца пасьлявыбарчымі падзеямі ня толькі ў Беларусі, але і ў Грузіі, Кіргізстане, нават у ЗША. І гэта толькі апошнія выбарчыя кампаніі. Мы ўсё часьцей бачым, што выбары робяцца галоўнай падставай для арганізацыі антыдзяржаўных пераваротаў нават без прыкмет, вызначаных Леніным як наяўнасьць рэвалюцыйных сытуацый», — працягнула кіраўніца ЦВК.

Ярмошына заявіла, што па віне інтэрнэт-рэсурсаў адбылося «падзеньне маральных арыенціраў і ажыцьцяўляецца поўная перабудова сьвядомасьці цалкам адукаваных людзей», самастойнае мысьленьне замяняецца «сэктанцкай думкай».

Яна мяркуе, што ў сувязі з будучымі прэзыдэнцкімі кампаніямі ў Беларусі і Расеі сацыяльная і палітычная стабільнасьць у саюзнай дзяржаве знаходзіцца пад пагрозай.

Адпаведна, стаіць «звышскладаная задача» — выпрацаваць спосабы арганізацыі выбарчых працэсаў такім чынам, каб яны не змаглі трансфармавацца ў выбуховую хвалю, здольную абрынуць «наш агульны дом», — падсумавала Ярмошына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG