Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ЦВК Ярмошына сабралася на пэнсію. Але калі трэба, яшчэ «часова папрацуе»


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, архіўнае фота

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла БелаПАН, што не плянуе заставацца на сваёй пасадзе пасьля заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага складу ЦВК — 20 сьнежня 2021 году.

«Павінна быць прызначаная новая камісія. І я думаю, што яна будзе прызначаная да прызначэньня мясцовых выбараў. Я не пляную заставацца на сваёй пасадзе», — сказала яна.

Паводле Ярмошынай, у яе кантракт да 20 сьнежня гэтага году. «Вядома, я іду на пэнсію. А куды я яшчэ — вахцёрам, ці што», — сказала Ярмошына Sputnik і дадала, што застанецца ў Беларусі і будзе «звычайным, простым пэнсіянэрам».

Пры гэтым старшыня ЦВК патлумачыла, што «ня мае намеру працягваць сваю працу», але «ёсьць моманты, калі, магчыма, мяне папросяць на нейкі пераходны пэрыяд, можа, на пэрыяд правядзеньня рэфэрэндуму часова папрацаваць. І, натуральна, я не змагу сказаць „не“».

Сёньня Лідзія Ярмошына паведаміла, што правядзеньне рэфэрэндуму па ўнясеньні зьмяненьняў у Канстытуцыю Беларусі плянуецца ўзімку 2022 году. 12 лютага Аляксандар Лукашэнка казаў, што рэфэрэндум па Канстытуцыі могуць сумясьціць з правядзеньнем мясцовых выбараў.

Лідзія Ярмошына займае пасаду старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў з 1996 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG