Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская экспэртка пра сачэньне за людзьмі: Нават некаторыя ўрады не разумеюць, куды пойдуць дадзеныя


Мойра Ўілан, дырэктарка ў пытаньнях дэмакратыі і тэхналёгій амэрыканскай недзяржаўнай арганізацыі «Нацыянальны дэмакратычны інстытут» (NDI), расказала пра магчымасьці і пагрозы, які нясуць новыя тэхналёгіі, у прыватнасьці тэхналёгіі пятага пакаленьня ў тэлекамунікацыях — 5G. Уілан была адной з аўтарак дакладу NDI «5G і будучы інтэрнэт: наступствы для маладых дэмакратый і правоў чалавека».

Сьцісла:

  • Усё часьцей тэхналёгіі, якія выкарыстоўвае аўтарытарная ўлада, пастаўляюцца тымі, хто разумее, што ўрады могуць іх так скарыстаць, і хто нават заахвочвае гэта.
  • 5G дазволіць сельскім жыхарам атрымаць такія ж магчымасьці доступу да інфармацыі і да яе пашырэньня, якія цяпер маюць жыхары Нью-Ёрку ці Парыжу.
  • Шмат у якіх выпадках дадзеныя пойдуць у Пэкін, які зможа мець да іх доступ. Нават калі вы аўтарытарная дзяржава, гэта лічбавы эквівалент таго, што вы аддаяце некаму кантроль за сваімі хуткаснымі дарогамі.
  • Мы нават ня ўпэўненыя, што ўсе ўрады, якія заключаюць такія пагадненьні, разумеюць гэты факт. Гэта ўжо робіцца пытаньнем сувэрэнітэту ў той жа ступені, як і пытаньнем асабістай свабоды.

«Любімая справа аўтарытарных уладаў»

— Аўтарытарныя ўрады ці ўрады з аўтарытарнымі тэндэнцыямі ўсё часьцей выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналёгіі, каб абмежаваць удзел і актыўнасьць людзей у грамадзкіх справах. Гэта робіцца любімай справай для аўтарытарных уладаў у крытычныя для дэмакратыі моманты — да прыкладу, падчас выбараў: адключыць інтэрнэт, сачыць за насельніцтвам і мэтанакіравана абмежаваць доступ насельніцтва да інтэрнэту.

Усё часьцей тэхналёгіі, якія выкарыстоўвае аўтарытарная ўлада, пастаўляюцца тымі, хто разумее, што ўрады могуць іх так скарыстаць, і хто нават заахвочвае гэта.

Мы як супольнасьць мусім пераадольваць разрыў паміж новымі тэхналёгіямі і тым, што гэтыя тэхналёгіі прапаноўваюць грамадзтву. Да прыкладу, 5G дае хутчэйшы інтэрнэт і стварае магчымасьць эканамічнага росту, але гэта трэба балянсаваць так, каб захоўваліся сыстэмы павагі да правоў чалавека. Такія сыстэмы дазволяць тэхналёгіям працаваць на карысьць людзей у краіне, а не выкарыстоўваць тэхналёгіі супраць людзей.

«Кітайскія інструмэнты сачэньня цяпер разьмяшчаюць па ўсім сьвеце»

— Тэхналёгія, — такая, як мабільны тэлефон ці вежа ў камунікацыйнай сыстэме 5G — сама па сабе ані дэмакратычная, ані антыдэмакратычная. Аднак мы ведаем, што ёсьць некаторыя кампаніі, базаваныя на Захадзе, якія актыўна ўдзельнічаюць у вызначэньні міжнародных нормаў і вітаюць тое, што мы называем калегіяльнай сыстэмай з мноствам удзельнікаў.

Такая сыстэма, па сутнасьці, дазваляе грамадзянскай супольнасьці і парлямэнтам уплываць на тое, што адбываецца з дадзенымі, якія зьбіраюцца ў канкрэтнай краіне. Да таго ж вакол такіх рашэньняў ёсьць значны ўзровень празрыстасьці, і насельніцтва ведае, якім чынам выкарыстоўваюцца гэтыя дадзеныя.

Аднак цяпер мы бачым, што шмат дзе ў сьвеце ўжываюцца кітайскія тэхналёгіі. Кітайскія законы патрабуюць, каб доступ да зьвестак мела Камуністычная партыя Кітаю. І гэта патэнцыйна дазваляе Кітаю скарыстаць свае вельмі прасунутыя сыстэмы штучнага інтэлекту і тэхналёгіі сачэньня, каб сачыць ня толькі за тым, што адбываецца ў іх краіне, але і за тым, што адбываецца ў сьвеце.

Прыклад — вельмі прадуманае выкарыстаньне лічбавых інструмэнтаў супраць супольнасьці рагінг’я ў М’янме, і асабліва супраць уйгураў у Кітаі, каб адасобіць іх ад астатняга насельніцтва.

Цяпер гэтыя інструмэнты разьмяшчаюць па ўсім сьвеце. Бо кітайская ініцыятыва «Адзін пояс, адзін шлях» ставіць прасоўваньне гэтых тэхналёгій на галоўнае месца сярод мэтаў замежнай палітыкі.

«Сельскія жыхары далучацца да глябальных гарадоў»

— Мы чуем пра 3G, 4G, 5G, цяпер мы ўжо набліжаемся да 6G. Але ў 5G ёсьць некаторыя ўнікальныя магчымасьці. Гэтая тэхналёгія фактычна дазваляе нам пераскочыць з эпохі, калі мы проста дасылалі электронныя допісы, у эпоху, калі мы можам весьці жывыя відэастрымы адразу на некалькіх прыладах у розных дыяпазонах частотаў. Паколькі базавая тэхналёгія дазваляе гэта зрабіць больш эфэктыўна.

Гэтая тэхналёгія дазволіць шырэйшым супольнасьцям удзельнічаць у камунікацыі — да прыкладу, чакаецца, што сельскія жыхары будуць мець лепшую сувязь і, да прыкладу, змогуць паглядзець такія відэа, як гэтае. У мінулым такой магчымасьці не было.

Інфраструктуру 5G ўжо ўсталёўваюць па ўсім сьвеце — гэта не такая рэч, якую мы можам спыніць. Яна зробіць рэвалюцыю ў нашым доступе да камунікацыі і ў хуткасьці, зь якой розныя супольнасьці могуць у ёй удзельнічаць.

Гэта дазваляе нам зразумець, што да глябальных гарадоў — такіх, як Нью-Ёрк ці Парыж — цяпер далучацца сельскія жыхары, якія атрымаюць такія ж магчымасьці доступу да інфармацыі і да яе пашырэньня.

Але за гэтай інфармацыяй таксама вельмі лёгка назіраць і сачыць, калі мы не ўвядзем юрыдычных абмежаваньняў на тое, як кіраваць гэтымі дадзенымі.

«Будзе цяжка даць зваротны ход»

— Два галоўныя пытаньні: хто валодае фізычнай інфраструктурай і хто мае правы ўласнасьці на дадзеныя. І важна зразумець, што мы тут бачым сапраўдны разрыў. Краіны маюць абгрунтаваны энтузіязм наконт тых пэрспэктываў, якія прыносіць 5G для эканамічнага разьвіцьця. Аднак сярод лідэраў ва ўрадах не хапае разуменьня, што калі выкарыстоўваць тэхналёгіі, пабудаваныя ў сыстэмах, якія не паважаюць правы чалавека, — да прыкладу, кітайскімі кампаніямі Huawei і ZTE, — гэтыя дадзеныя пойдуць у Пэкін, які зможа мець да іх доступ. І да гэтых дадзеных змогуць мець доступ іншыя ўрады.

Некаторыя могуць ведаць пра гэта, але лічыць, што гэта прымальная цана ў такім выпадку. Але ўрэшце, нават калі вы аўтарытарная дзяржава, гэта лічбавы эквівалент таго, што вы аддаяце кантроль за сваімі хуткаснымі дарогамі. Гэта зьмена, якой будзе вельмі цяжка даць зваротны ход — незалежна ад таго, ці аўтарытарны вы ўрад, ці дэмакратычны.

«Мы падкрэсьліваем важнасьць калегіяльнай сыстэмы»

— Правы на дадзеныя павінны захоўвацца ў людзей у гэтай краіне. Менавіта таму мы падкрэсьліваем важнасьць калегіяльнай сыстэмы з мноствам удзельнікаў. І менавіта ў гэтым мы бачым найбольшы выклік, зь якім сутыкаецца дэмакратыя.

Звычайна людзі маюць найбольшы кантроль за сваімі ўрадамі праз парлямэнт, але па ўсім сьвеце ўплыў парлямэнтаў на прыняцьце рашэньняў зьмяншаецца. Іх распускаюць, яны часта проста штампуюць падрыхтаваныя іншымі законы. А гэта першы сродак, з дапамогай якога можа існаваць празрыстасьць і разуменьне.

У большасьці краінаў тэлекамунікацыйныя кампаніі не знаходзяцца пад кантролем парлямэнцкай сыстэмы, нават калі ў краіне ёсьць парлямэнцкая сыстэма. Мы выступаем за тое, каб тэлекамунікацыйныя сыстэмы былі адкрытымі і празрыстымі, а таксама мелі нейкую ступень кантролю, як, напрыклад, у Эўразьвязе і Злучаных Штатах. Там ёсьць нейкі ўзровень празрыстасьці наконт таго, хто кантралюе дадзеныя і хто можа мець да іх доступ. Гэта павінна вызначацца нацыянальнымі законамі.

«Кантроль за інтэрнэтам падчас выбараў — ужо норма»

— Аўтарытарныя ўрады ці ўрады з аўтарытарнымі схільнасьцямі могуць дзейнічаць больш эфэктыўна і апэратыўна з дапамогай тэхналёгій 5G. Магчыма, самае актуальнае, што мы бачым, — гэта кантроль за інтэрнэтам у крытычныя для дэмакратыі моманты, такія як выбары. Цяпер гэта ўжо норма.

Два тыдні таму мы гэта назіралі ў Замбіі. Там адбыліся дэмакратычныя выбары, вельмі пасьпяховыя дэмакратычныя выбары, але ўявіце, што пры гэтым не было доступу да інфармацыі ў дзень выбараў. І гэта ўжо зрабілася даволі стандартнай сытуацыяй. Таму гэта, бадай, самая неадкладная праблема ў тым, што тычыцца дэмакратыі, — недахоп інфармацыі ў моманты, крытычныя для дэмакратычнай сыстэмы.

Другая праблема — гэта асобныя правілы для нейкай канкрэтнай групы насельніцтва. Як я ўжо згадвала, адзін з найбольш відавочных прыкладаў тут — уйгурскае насельніцтва ў Кітаі. Іх цалкам пазбаўляюць доступу да камунікацый.

І нас таксама хвалюе ў такіх выпадках, як Афганістан, што будзе, калі Талібан цалкам пяройме краіну пад кантроль і возьмецца за гэтае пытаньне. Талібан можа займець неабмежаваныя магчымасьці распаўсюджваць дэзынфармацыю, сачыць за насельніцтвам, у той час як у насельніцтва Афганістану агулам будзе ці абмежаваны доступ, ці ўвогуле ніякага доступу да інфармацыі, да навінаў, да базавых камунікацый. А калі такі доступ будзе, дык ён будзе адбывацца пад наглядам, ажно да ўзроўню канкрэтных асобаў і іх дзеяньняў.

«Нельга недаацэньваць дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў»

— Дапамога актывістам у аўтарытарных краінах сталася вельмі важным момантам ва ўзмацненьні сувязяў паміж тэхналягічнай і праваабарончай супольнасьцямі ў апошнія гады. Мы бачым рост тэхналёгій шыфраваньня, якія дазваляюць людзям працягваць сваю дзейнасьць.

Тут ня трэба глядзець далёка — мы пабачылі гэта ў падзеях у Мʼянме і ў іншых месцах, дзе актывісты працягваюць такім чынам камунікаваць, а таксама, відавочна, і ў Беларусі, дзе людзі добра разумелі, калі выходзіць на канкрэтны пратэст у канкрэтны дзень.

Тэхналёгіі, якія дазваляюць абысьці блякаваньне, таксама відавочна разьвіваюцца. Ёсьць шэраг сетак VPN, якія карыстаюцца даверам і маюць ухвалу з боку праваабарончай супольнасьці. Таксама ёсьць шыфраваныя спосабы камунікацыі, такія як мэсэнджар Signal, які быў першапачаткова задуманы нашымі калегамі з Фонду адкрытай тэхналёгіі. Гэтая недзяржаўная арганізацыя ў ЗША шмат займаецца тэхналёгіямі шыфраваньня, каб абараніць вэб-сайты.

Як мы бачым, найбольш эфэктыўна, калі такія арганізацыі, як мая — Нацыянальны дэмакратычны інстытут — і іншыя праваабарончыя арганізацыі, наўпрост камунікуюць з актывістамі, каб дапамагчы ім зразумець, якія інструмэнты тыя могуць скарыстаць для сваёй працы.

Відавочна, што мы часта ня хочам публікаваць такую інфармацыю на першых старонках газэт. Бо інакш гэта ператвараецца ў гульню ў ката і мыш супраць аўтарытарных урадаў. Але я магу сказаць, што ніколі нельга недаацэньваць дэмакратычных актывістаў і праваабаронцаў, бо яны знаходзяць спосабы камунікаваць пра гульнявыя плятформы, яны здольныя каардынавацца іншымі шляхамі. Гэта сапраўды абнадзейвае, і нашая задача — падтрымаць іх у такіх намаганьнях, пакуль у іхных краінах ня будзе ўраду, які рэагуе на іх патрэбы і працуе, каб абараніць іх.

Ці нясе Synesis адказнасьць за тое, як улады Беларусі выкарыстоўваюць яго тэхналёгіі распазнаваньня твараў?

— Мы глыбока перакананыя, што кампаніі адказваюць за тое, каб ствараць новыя тэхналёгіі на карысьць дэмакратыі. У нас ёсьць кааліцыя, якая дапамагае ім дзейнічаць такім чынам, але мы перакананыя, што яны нясуць адказнасьць за тое, каб праектаваць гэта дэмакратычным шляхам.

Тэхналёгіі сачэньня, бадай, цяпер адны з самых праблематычных. Бо калі іх правільна выкарыстоўваць, яны могуць дапамагчы гарантаваць людзям бясьпеку ў розных значных аспэктах жыцьця. Але мы таксама бачым выпадкі кшталту таго, пра які вы згадалі, або зусім нядаўні выпадак ізраільскай кампаніі Paegasus NSO, дзе яе кліенты выкарыстоўвалі тэхналёгію кампаніі, каб сачыць за журналістамі, дэмакратычнымі актывістамі, праваабаронцамі і гэтак далей.

Найлепшы спосаб, якім можна дасягнуць зьменаў у гэтай сфэры, — гэта ініцыятыва «Парыскі заклік», на якую я б хацела зьвярнуць увагу вашай аўдыторыі. Кампаніі, урады, палітычныя партыі, недзяржаўныя арганізацыі абʼядноўваюць намаганьні, каб спрыяць кібэрбясьпецы на дэмакратычным падмурку. Мы спадзяёмся такім чынам выпрацаваць набор нормаў, якія кампаніі абавяжуцца выконваць, каб абараніць супольнасьці.

Шчыра кажучы, яны павінны дапамагаць супольнасьцям, якія дапамагаюць ім працьвітаць. Большасьць гэтых кампаніяў былі створаныя ў дэмакратычных сыстэмах і ў лібэральных эканоміках. І нам цяпер патрэбна іхная дапамога, каб абараніць усё гэта.

Такім чынам, у нас адбываецца размова. Першая фаза — гэта пачаць дыялёг і заахвочваць тыя кампаніі, якія дзейнічаюць правільна. Паказаць, што ёсьць рынкавая каштоўнасьць у тым, каб так дзейнічаць. Мы стараемся стварыць такі набор нормаў, каб кампаніі зразумелі, што іх запросяць у гэтую прастору і што ім таксама можа быць выгадна рабіць правільныя ўчынкі.

Ці непазьбежная далейшая страта прыватнасьці з разьвіцьцём 5G і «інтэрнэту рэчаў»

— Мы б хацелі захаваць асабісты, індывідуальны выбар. Калі вы хочаце мець красоўкі, якія будуць вам падказваць, што ўжо час ісьці на прабежку, якія даюць сыгнал на ваш тэлефон, што ўжо час іх скарыстаць, — гэта павінен быць ваш выбар.

З большасьцю кампаній вы будзеце заключаць пагадненьне аб тым, што вы пагаджаецеся на гэтыя паведамленьні і што вы пагаджаецеся, каб гэтыя вашыя дзеяньні адсочвалі.

З чым мы не пагаджаемся і пра што варта працягваць дыскусію і прыцягваць да гэтага ўвагу, — гэта калі карыстальнікі ня маюць выбару. Гэта можа рабіць урад, які сочыць за імі безь іхнага ведама, — бо такім чынам тэхналёгію таксама выкарыстоўваюць, або гэта можа быць кампанія, якая прадае гэтыя дадзеныя ці выстаўляе іх на рынак, не абараняючы.

Гэта няспыннае змаганьне, і я ня думаю, што міжнародная супольнасьць ужо прыйшла да правільнага разьвязаньня гэтай праблемы. Але я магу сказаць, што цяпер гэтаму пытаньню надаецца вельмі шмат увагі. І мы робім шмат, каб захаваць яго ў цэнтры ўвагі.

Думаю, што ў наступны год ці паўтара мы пабачым шмат зрухаў у гэтым пытаньні — кампаніі і ўрады будуць працаваць разам, каб гарантаваць нам бясьпеку, але пры гэтым захаваць адкрытую прастору, дзе людзі будуць мець выбар і доступ да той інфармацыі, якую яны хочуць мець.

Да прыкладу, у пытаньні 5G мы спрабуем патлумачыць людзям, што іхныя дадзеныя пойдуць у Пэкін і што гэтыя дадзеныя будуць выкарыстоўвацца. Мы нават ня ўпэўненыя, што ўсе ўрады, якія заключаюць такія пагадненьні, разумеюць гэты факт. І гэта ўжо робіцца пытаньнем сувэрэнітэту ў той жа ступені, як і пытаньнем асабістай свабоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG