Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікая Брытанія адмовілася ад абсталяваньня кітайскай кампаніі Huawei для сетак 5G.


Гэтым самым Злучанае Каралеўства скасавала студзеньскае рашэньне даць Huawei абмежаваную ролю ў будаўніцтве супэрхуткаснай бяздротавай інфраструктуры, паведамляе CNN са спасылкай на міністра лічбавых тэхналёгіяў, культуры і сродкаў масавай інфармацыі і спорту Олівэра Даўдэна.

Брытанскія апэратары сувязі ВТ і Vodafone, паводле ягоных словаў, пачнуць выводзіць абсталяваньне Huawei са сваіх сетак 5G і цалкам заменяць яго да 2027 году. Таксама з канца году яны ня змогуць набываць абсталяваньне 5G у гэтай кампаніі.

Сытуацыя, як адзначыў міністар, зьмянілася пасьля ўвядзеньня ў адносінах да кампаніі санкцыяў ЗША. Паводле міністра, улічваючы цяперашнюю нявызначанасьць з ланцужком паставак, Вялікая Брытанія ня можа быць упэўненая ў бясьпецы абсталяваньня ад Huawei у будучыні.

«Сёньня раніцай прэм’ер-міністар Борыс Джонсан старшыняваў на паседжаньні Рады нацыянальнай бясьпекі, удзельнікі якой, прымаючы гэтае рашэньне, улічылі рэкамэндацыі Нацыянальнага цэнтру кібэрбясьпекі, наступствы для брытанскага бізнэсу, а таксама геастратэгічныя меркаваньні. Урад пагадзіўся з ацэнкамі Цэнтру і лічыць, што найлепшы спосаб гарантаваць бясьпеку нашых сетак — адмовіцца ад выкарыстаньня новага абсталяваньня Huawei апэратарамі сувязі пры разгортваньні сетак 5G», — паведаміў міністар.

Олівэр Даўдэн адзначыў, што прымаць такое рашэньне было няпроста, але гэта правільна для тэлекамунікацыйнай сеткі, нацыянальнай бясьпекі і эканомікі Вялікай Брытаніі. Паводле яго, такі крок ураду адкладзе разгортваньне сетак 5G на год і будзе каштаваць дадатковыя 2 мільярды фунтаў стэрлінгаў.

Кампанія Huawei у адказ заклікала брытанскія ўлады перагледзець гэтае рашэньне і заявіла, што Лёндан паддаўся ціску Вашынгтону.

У траўні летась прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп забараніў выкарыстоўваць у ЗША тэлеком-абсталяваньне кампаній, якія «пагражаюць» Амэрыцы, а Міністэрства гандлю ЗША абвясьціла пра намер унесьці кітайскую кампанію Huawei у чорны сьпіс. Пасьля гэтага некалькі амэрыканскіх кампаній, у тым ліку Google и Intel, прынялі рашэньне адмовіцца ад супрацоўніцтва з Нuawei.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG