Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба ведаць пра 5G


Смартфоны з падтрымкай 5G плянуюць выпусьціць у самы бліжэйшы час практычна ўсе значныя брэнды. Але ці ёсьць сэнс іх набываць? І што наогул уяўляе сабой 5G? Будзем разьбірацца.

Будучыня залежыць ад падлучэньня да інтэрнэту. Віртуальная і дапоўненая рэальнасьць, штучны інтэлект, аўтаномныя аўтамабілі ды тэлемедыцына — усё, што, мы спадзяемся, зробіць наша жыцьцё больш лёгкім, бясьпечным і здаровым, запатрабуе хуткаснага і ўстойлівага інтэрнэт-злучэньня. 5G абяцае зрабіць самыя сьмелыя дыгітальныя мары рэальнасьцю.

Што такое 5G?

Каб ісьці ў нагу з выбуховым ростам вытворчасьці новых гаджэтаў, ня кажучы ўжо пра лавіну відэатрансляцый, мабільная індустрыя працуе над 5G (fifth generation) — пятым пакаленьнем мабільнай сувязі. Але 5G — гэта не адзіны стандарт, які забясьпечвае нейкія пэўныя парамэтры, а цэлае сузор’е розных тэхналёгій.

5G абяцае прынесьці на ваш тэлефон хуткасьць каля 10 гігабіт за сэкунду. Гэта амаль у 600 разоў хутчэй за звычайнае 4G на сучасных мабільных тэлефонах — досыць хутка, каб загрузіць фільм з высокай якасьцю 4K за 25 сэкунд альбо глядзець анлайн некалькі фільмаў адначасова.

Чакаецца, што зьявяцца два выразныя тыпы 5G: нізкі і сярэдні дыяпазон, арыентаваны на спэктар ніжэй за 6 гігагерц, і высокі дыяпазон на спэктар вышэй за 6 гігагерц, адзначаецца ў дакладзе McKinsey&Company. Абодва гэтыя тыпы будуць перш выкарыстоўвацца для павелічэньня і паляпшэньня існуючых сетак 4G, а не для іх замены.

Падарожжа ад 1G да 5G


Мабільныя бесправадныя сеткі першага пакаленьня — 1970-х і 1980-х гадоў — былі аналягавымі. Галасы перадаваліся па радыёхвалях незашыфраванымі, і размовы можна было падслухаць.

Другое пакаленьне, створанае ў 1990-я гады, было лічбавым, што дазволіла шыфраваць званкі, больш эфэктыўна выкарыстоўваць бесправадны спэктар і забясьпечваць перадачу дадзеных нароўні з мадэмным Інтэрнэтам.

Трэцяе пакаленьне павялічыла прапускную здольнасьць лічбавых сетак і пачало рэвалюцыю ў сфэры смартфонаў у 2007-м годзе. Празь некаторы час смартфоны, якія калісьці лічыліся прадметам раскошы, ператварыліся ў неабходнасьць — Apple і Google папулярызавалі гаджэты, а Facebook даў людзям падставу прытрымлівацца сваіх дэвайсаў.

У пачатку 2010-х, падштурхнутыя такімі кампаніямі як Apple, Google і Facebook, ЗША пачалі пераход да 4G, што прывяло да велізарнага росту працоўных месцаў і інавацый па меры пашырэньня і мадэрнізацыі сувязі мабільнымі апэратарамі ва ўсім сьвеце.

Стан 5G на дадзены момант

Нягледзячы на існаваньне першых камэрцыйных сетак 5G у некалькіх гарадах і краінах, пакуль што на рынку прадстаўленая невялікая колькасьць мадэляў смартфонаў з падтрымкай 5G. У канцы чэрвеня Samsung запусьціў у продаж S10 5G ($1,299) — першы сапраўдны 5G тэлефон. Аўтарытэтны аналітык кампаніі Apple заявіў, што ў 2020 годзе кампанія выпусьціць два 5G-айфонаў, 6.7-цалевую і 5.4-цалевую мадэль.

  • ЗША

Амэрыканская кампанія Verizon першай пераключылася на мабільную сетку 5G у раёнах Чыкага і Мінэапаліса ў красавіку. Шэраг іншых кампаній прадстаўляюць паслугі мабільнай сувязі 5G для некаторых кліентаў у некалькіх гарадах.

  • Кітай

Нароўні з кітайскім дзяржаўным апэратарам сувязі, China Unicom, які ўжо пабудаваў 5G у розных галінах, China Mobile, плянуе разьмясьціць да 10 тысяч базавых станцый 5G да 2020 году.

  • Манака

Манака стала першай дзяржавай у Эўропе з поўным пакрыцьцём 5G, паведамляе ТАСС. Абсталяваньне сеткі распрацавана і наладжана кітайскай кампаніяй Huawei.

Зьяўленьне ў краіне 5G дазволіць запусьціць шэраг сэрвісаў, зьвязаных як з транспартам, так і з забесьпячэньнем грамадзкай бясьпекі. Напрыклад, пажарныя зараз змогуць выкарыстоўваць бесьпілотнікі, якія перадаюць малюнак з разрозьненьнем 4K.

Малая тэрыторыя Манака дазваляе ператварыць дзяржаву ў вітрыну для цэлага шэрагу лічбавых сэктараў — гаворка ідзе аб аб’яднаньні разьвіцьця сетак 5G з праграмай «разумны» горад".

  • Расея

Адной з галоўных праблем на шляху разьвіцьця 5G у Расеі зьяўляецца праблема вылучэньня апэратарам неабходных частот. Гаворка ідзе аб дыяпазоне частот 3,4-3,8 Ггц, які зьяўляецца базавым для разгортваньня 5G, паколькі ў апэратараў ёсьць абсталяваньне для выкарыстаньня гэтых частот на вялікіх тэрыторыях. Цяпер гэты дыяпазон выкарыстоўваецца толькі вайскоўцамі, якія не сьпяшаюцца перадаваць яго апэратарам.

Калі чакаць 5G у Беларусі?

Пэрспэктыва ўкараненьня ў Беларусі 5G сеткі абмяркоўваецца паміж апэратарамі і дзяржаўнымі органамі, паведамляе БЕЛТА.

Пакуль вырашаецца будучыня 5G у Беларусі, міжнародная аналітычная кампанія OpenSignal апублікавала чарговае дасьледаваньне мабільнага інтэрнэту ў сьвеце. Па стане на травень 2019 году ў Беларусі найгоршы вынік у Эўропе: дасьледчыкі мелі сярэднюю хуткасьць 4G-інтэрнэту ў 7,7 Мбіт/с на спампоўваньне і 4,4 Мбіт/с на запампоўваньне.

Абапяраючыся на ўзровень 4G у краіне, 5G можна чакаць яшчэ вельмі ня скора.

Ці ёсьць сэнс пакупаць 5G смартфон зараз?

Да таго часу, калі ў Беларусі зьявіцца паўсюднае 5G пакрыцьцё, 5G-мадэмы прыкметна патаньнеюць і стануць звыклымі, а набыты сёньня смартфон з адпаведнай падтрымкай двойчы састарэе.

Падрыхтавала Кацярына Яроміч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG