Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай тэстуе на ўйгурах абсталяваньне, якое можа на адлегласьці распазнаваць настрой


Малітва ў мячэці ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёне Кітаю
Малітва ў мячэці ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёне Кітаю

Улады Кітаю выпрабоўваюць тэхналёгіі дыстанцыйнага вызначэньня настрою на арыштаваных жыхарах уйгурскага паходжаньня.

Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на неназванага распрацоўніка гэтай тэхналёгіі. Пэкін абвінавачваецца многімі краінамі свету ў генацыдзе ўйгурскага насельніцтва, у рэгіёне іх пражываньня выбудаваная сыстэма таталітарнага лічбавага кантролю за жыхарамі.

Распрацоўнік тэхналёгіі, які пажадаў застацца ананімным дзеля сваёй бясьпекі, падзяліўся з BBC доказамі спробаў вызначэньня настрою з дапамогай відэаназіраньня. Тэхналёгіі машыннага навучаньня выкарыстоўваюць на зьняволеных, кажа ён, каб разумець, у якім настроі яны знаходзяцца. Акрамя таго, іх могуць скарыстаць як новы, больш прасунуты, дэтэктар хлусьні.

Сыстэма распазнае меркаваны настрой асуджаных і дае справаздачу ў рэжыме рэальнага часу, у якой адзначаецца, ці чалавек, за якім вядзецца назіраньне, знаходзіцца ў дрэнным настроі. Распрацоўка нібыта прызначаная для прыняцьця папярэдняга судовага рашэньня без атрыманьня якіх-небудзь дадатковых, пэўных доказаў.

Тэхналёгіі распазнаньня настрою з дапамогай відэакамэр прасоўваюцца на рынку зь сярэдзіны 2010-х гадоў. Распрацоўнікі сьцьвярджаюць, што псыхолягі здольныя зразумець схаваныя эмоцыі чалавека паводле ледзь заўважных прыкметаў, а значыць, гэта могуць і кампутарныя альгарытмы, якія атрымліваюць вобраз з камэр высокай выразнасьці.

На Захадзе распрацоўнікі прапануюць выкарыстоўваць гэтыя сыстэмы для вызначэньня настрояў пакупнікоў і спажыўцоў. У 2018 годзе брытанскае кансалтынгавае агенцтва Kantar Millward Brown стала выкарыстоўваць распазнаваньне асоб для вызначэньня эмацыйнай сувязі гледачоў з рэклямай, тады ж аналягічныя рашэньні сталі прапаноўвацца сеткам крамаў. У Расеі аналягічныя тэхналёгіі выкарыстоўвалі банкі, у ЗША – карпарацыя Disney для ацэнкі сваіх новых фільмаў да іх паказу шырокай публіцы.

Навукоўцы скептычна ставяцца да магчымасьцяў вызначэньня настрою ў рэальным часе. Амэрыканскі псыхоляг Пол Экман, вядомы дасьледаваньнем невэрбальных паводзін чалавека, у інтэрвію Financial Times зьвярнуў увагу, што аўтары большасьці тэхналёгій для вызначэньня настрою не спрабуюць даказаць іх эфэктыўнасьць з навуковага пункту гледжаньня.

Аднак праваабаронцы асьцерагаюць, што злоўжываньне тэхналёгіяй можа прывесьці да таталітарнага кантролю над грамадзтвам з боку ўрадаў незалежна ад таго, ці тэхналёгія працуе. Калі вызначэньне настрою будзе працаваць няправільна, урады проста будуць прымаць на аснове атрыманых зьвестак няслушныя рашэньні.

  • Населены пераважна мусульманамі Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны рэгіён улады Кітаю пазапаўнялі відэакамэрамі назіраньня. Ад людзей, якія ўяжджаюць туды, улады патрабуюць устаноўкі ўрадавага шпіёнскага праграмнага забесьпячэньня. Мясцовыя насельнікі здаюць уладам пробы ДНК. Каля іхных дамоў разьмяшчаюцца QR-коды, з дапамогай якіх кітайскія паліцыянты за сэкунду могуць атрымаць асноўную інфармацыю пра жыхароў.
  • Улады Кітаю адмаўляюць абвінавачаньні ў генацыдзе ўйгураў і сьцьвярджаюць, што канцлягеры для іх – гэта цэнтры навучаньня і адаптацыі да сучаснага жыцьця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG