Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Трампа назвала генацыдам перасьлед уйгураў у Кітаі


Партрэты Мао, Леніна і Маркса каля крамы ў Сіньцзяне

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў аўторак назваў генацыдам перасьлед уйгурскага насельніцтва ў Кітаі. ЗША сталі першай краінай у сьвеце, якая так ахарактарызавала на афіцыйным узроўні падзеі ў КНР. Гэта было зроблена ў апошнія гадзіны перад інаўгурацыяй абранага прэзыдэнта Джо Байдэна.

«Я ўпэўнены, што адбываецца генацыд і што мы сталі сьведкамі сыстэматычных спробаў зьнішчэньня ўйгурскага насельніцтва кіруючай Кампартыяй», — гаворыцца ў заяве Пампэо, разьмешчанай на сайце Белага дому. У паведамленьні гаворыцца, што адміністрацыя Трампа на працягу чатырох гадоў называла Кампартыю Кітаю тым, чым яна зьяўляецца: «марксісцка-ленінскім рэжымам, які пануе над шматпакутным кітайскім народам з дапамогай прамываньня мазгоў і грубай сілы».

Пэкін абвінавачваецца многімі краінамі сьвету ў адпраўцы ў лягеры больш за мільён мусульман-уйгураў. Як сьведчаць відавочцы, вязьняў ідэалягічна апрацоўваюць, прымушаючы адмаўляцца ад сваёй культуры, рэлігіі і мовы.

У раёнах пражываньня ўйгураў уведзена татальнае назіраньне за грамадзянамі. Улады, паводле шматлікіх сьведчаньняў, руйнуюць іх культурныя аб’екты, дамы і вымушаюць іх адмаўляцца ад звыклага ладу жыцьця. Паведамляецца аб прымусовай стэрылізацыі жанчын і масавых катаваньнях. Мяркуецца, што зьняволеныя выкарыстоўваюцца ў прымусовай працы, у тым ліку — для падрадчыкаў заходніх кампаній.

«Як мінімум з 2017 году Кітай пад кантролем і кіраваньнем Кампартыі робіць злачынствы супраць чалавечнасьці», — гаворыцца ў заяве Пампэо. Белы дом заклікаў міжнародныя арганізацыі далучыцца да Вашынгтону для пакараньня вінаватых «у гэтых зьверствах».

ЗША сталі першай краінай у сьвеце, якая назвала дзеяньні Кітаю генацыдам. Высокапастаўленыя чыноўнікі Белага дому спадзяюцца, што іншыя краіны неўзабаве пойдуць за прыкладам адміністрацыі Трампа, — паведамляе выданьне Axios.

Раней генацыдам кітайскія падзеі называў у сваёй перадвыбарнай кампаніі абраны прэзыдэнт Джо Байдэн. Прадстаўлены ім кандыдат на пасаду дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкен падчас слуханьняў у Сэнаце аб зацьвярджэньні на сваю пасаду сказаў, што згодзен з гэтым сьцьверджаньнем.

Кітайскія ўлады называюць лягеры для ўйгураў цэнтрамі для перанавучаньня і перавыхаваньня, неабходнымі для прафіляктыкі тэрарызму і экстрэмізму.

Камэнтуючы заяву дзяржсакратара, прэс-сакратар МЗС Кітаю Хуа Чуньін назвала яго «клоўнам», заявіўшы, што камэнтар Пампэо — «чарговы прыклад абсурднай хлусьні», а генацыду ў Кітаі «ніколі не было і ніколі ня будзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG