Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватныя палёты ў космас, 5G і кібэрспорт. Галоўныя тэхналягічныя тэндэнцыі, за якімі трэба сачыць у 2021-м


Пандэмія і эканамічны крызіс зьмянілі ўсе аспэкты нашага жыцьця – тое, як мы робім пакупкі, працуем ці адпачываем. Гэта будзе мець першараднае значэньне для разьвіцьця тэхналёгій у 2021 годзе.

Карэспандэнт Радыё Свабода Рыд Стэндыш распавядае пра галоўныя падзеі, якія вызначаць тэхналягічнае разьвіцьцё ў будучыні.

Менш чым за год каранавірус стварыў для насельніцтва ўсёй зямлі іншую будучыню. Гэтыя імклівыя зьмены толькі працягнуцца, бо пандэмія толькі паскорыла разьвіцьцё многіх тэхналягічных тэндэнцый, якія былі ўжо і так. Распаўсюд новых тэхналягічных практык у адказ на зьменлівую рэальнасьць пандэміі перасягнуў усе чаканьні ў такіх галінах, як ахова здароўя, адукацыя і розьнічны гандаль.

«Апошнія зьвесткі паказваюць, што за пару месяцаў мы зрабілі пяцігадовы скачок у засваеньні лічбавых тэхналёгій і на ўзроўні карыстальнікаў, і ў бізнэсе», – пісала яшчэ ў траўні кансалтынгавая кампанія McKinsey.

Жыхары розных краінаў раптам апынуліся ў будучыні, у якой ёсьць і нэгатыўныя тэндэнцыі – ад навалы дэзынфармацыі ў інтэрнэце да аўтаматызацыі, якая пагражае ростам беспрацоўя. Прэзэнтуем пяць галоўных трэндаў наступнага году.

Інфадэмія

У лістападзе кампаніі Pfizer і BioNTech выпусьцілі вакцыну супраць COVID-19, і палітыкі ў Эўропе і ЗША пачалі наперабой заяўляць на яе свае правы. Але, як ні дзіўна, шмат у каго гэтая навіна выклікала прыступ параноі.

Падазронае стаўленьне да вакцынацыі ня новы фэномэн, але будучая глябальная вакцынацыя выклікала патокі недакладнай або заведама фальшывай інфармацыі ў інтэрнэце – ад псэўданавуковых апісаньняў каранавірусу да кансьпіралягічных тэорый з нагоды яго паходжаньня і эфэктыўнасьці вакцынацыі ў якасьці прэвэнтыўнай меры.

Нядаўняе апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае інстытутам Gallup, паказала, што ў ЗША гатовыя зрабіць прышчэпку 58% насельніцтва, у Францыі – толькі адзін чалавек з трох. У Расеі скепсіс у дачыненьні да вакцыны зьвязаны яшчэ і з тым, што ўлады пачалі вакцынацыю «Спутником V» яшчэ да заканчэньня трэцяй фазы тэставаньня. Паводле зьвестак незалежнага «Левада-Цэнтру», 61% расейцаў не давярае афіцыйнай статыстыцы адносна каранавірусу і 58% не плянуюць вакцынавацца.

«Падчас пандэміі і прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША сацсеткі ўпершыню сталі адзначаць [праўдзівасьць] інфармацыі, каб дапамагчы карыстальнікам арыентавацца ў ёй, – кажа Дэлфін Гагланд-Мішра, выканаўчая дырэктарка The Signals Network і галоўная дакладчыца па тэме інфадэміі на Форуме інфармацыі і дэмакратыі. – Я ня думаю, што яны адступяць ад гэтай практыкі ў будучыні».

Рост непраўдзівай і фальшывай інфармацыі ў інтэрнэце стаў больш прыкметным у апошнія гады, прычым хлусьня распаўсюджваецца хутчэй за праўду і аказвае ўплыў на вынікі выбараў і фармаваньне грамадзкай думкі ў важных пытаньнях. У сувязі з гэтым усё гучней раздаюцца патрабаваньні да онлайн-платформаў палепшыць мадэрацыю кантэнту, а да ўрадаў – узмацніць рэгуляваньне сацсетак, дзе цяпер адбываецца большасьць онлайн-дыскусій.

У сьнежні супраць кампаніі Facebook падалі пазовы Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША і генэральныя пракуроры дзясяткаў штатаў з прычыны ўзмацненьня манаполіі, што можа прывесьці да расколу гэтага тэхналягічнага гіганта. Эўракамісія прадставіла закон аб лічбавых сэрвісах, таксама нацэлены на ўзмацненьне рэгуляваньня буйных тэхкарпарацый і стварэньне правілаў мадэраваньня онлайн-кантэнту.

«У 2021 годзе мы ўбачым станаўленьне сур'ёзнага рэгуляваньня інтэрнэт-плятформаў па абодва бакі Атлянтыкі», – лічыць Гагланд-Мішра.

Кібэрспорт штораз больш папулярны

У відэагульні гуляе чвэрць насельніцтва Зямлі, і цяпер гэта ня проста забаўка. Яны сталі больш сацыяльнымі, больш канкурэнтнымі і, як прынята лічыць, выклікаюць больш моцную залежнасьць. Цяпер гэта культурны фэномэн і вельмі прыбытковы бізнэс.

Прагнозы дынамікі рынку кібэрспорту дазваляюць выказаць здагадку, што да 2023 году ён перавысіць 1,5 млрд даляраў. Лідэры галіны разьлічваюць на рост аўдыторыі і павелічэньне продажаў абсталяваньня як вынік пандэміі.

Падчас локдаўну ў канцы сакавіка колькасьць гульцоў, якія адначасова гулялі на плятформе Steam, дасягнула рэкордных 25 мільёнаў. Акцыі кампаніі Nintendo вырасьлі на 45%, а трафік папулярнага стрымінгавага сэрвісу Twitch вырас на 50% з сакавіка па красавік. Паводле зьвестак міжнароднага кансалтынгавага агенцтва Delaut, траціна амэрыканскіх спажыўцоў «падпісаліся на сэрвісы відэа- ці Cloud-гульняў або паглядзелі кібэр- ці віртуальныя спартовыя мерапрыемствы» ўпершыню падчас пандэміі.

Дзякуючы росту такіх буйных плятформаў, як Fortnite і League Of Legends, аўдыторыя кібэрспорту вырасла, што прывяло да росту інвэстыцый у гэтую галіну. Цяпер у ёй дзейнічаюць 12 прафэсійных ліг ва ўсіх рэгіёнах плянэты, акрамя Афрыкі, 120 каманд і больш за 1000 прафэсійных гульцоў, прычым гэтыя лічбы, хутчэй за ўсё, вырастуць, і ўжо ў найбліжэйшай будучыні кібэрспорт можа скласьці канкурэнцыю звычайнаму спорту.

Распаўсюд 5G

Зьяўленьне новых тэхналёгій, якія дазваляюць павялічыць хуткасьць і ахоп інтэрнэту, кожны раз прыводзіць да хвалі інавацый. Тэхналёгія 3G прынесла паўнавартасны інтэрнэт у мабільныя прылады, 4G – прывяла да росту стрымінгоавых відэа і музычных плятформаў. Распрацоўшчыкі 5G таксама абяцаюць адкрыць новыя магчымасьці.

З моманту распрацоўкі тэхналёгіі 5G прайшло амаль дзесяць гадоў, і цяпер мабільны інтэрнэт зможа працаваць на раней неймаверных хуткасьцях. Гэта запусьціць новыя тэхналягічныя трэнды – ад складаных саманавучальных праграм да падвышанай аўтаматызацыі і віртуальнай рэальнасьці, што можа паўплываць на ўсе галіны эканомікі і стаць асновай лічбавай эканомікі будучыні, ад кібэрмэдыцыны да інтэрнэту рэчаў – гэта патэнцыйна шматмільярдны рынак.

«5G дае дзіўныя магчымасьці, якія толькі пачынаюцца вымалёўвацца, – кажа Элса Канія, удзельніца праграмы тэхналёгій і нацыянальнай бясьпекі пры Цэнтры новай амэрыканскай бясьпекі. – У прыватнасьці, як мы ўбачылі падчас пандэміі, доступ да інтэрнэту мае ключавы ўплыў на якасьць жыцьця».

Кітайскі тэхналягічны гігант Huawei – сусьветны лідэр у разьвіцьці і разгортваньні сетак 5G. На фоне абвастрэньня адносін паміж Пэкінам і Вашынгтонам улады ЗША пачалі глябальную кампанію супраць Huawei і ўключылі яе ў чорны сьпіс як пагрозу нацыянальнай бясьпекі праз падазрэньні ў шпіянажы на карысьць кітайскага ўраду. Разгортваньне сетак 5G, верагодна, працягнецца і ў 2021-м, і экспэрты патрабуюць надаваць больш увагі канкурэнтам кітайскай кампаніі – Ericsson і Nokia.

«Хочацца спадзявацца, што важнасьць новага пакаленьня тэхналёгіі перадачы зьвестак будзе прызнаная і гэта справакуе далейшыя інвэстыцыі ў дасьледаваньні і разьвіцьцё амэрыканскай лічбавай інфраструктуры», – кажа Канія.

Штораз больш дыстанцыйнай працы

Дыгіталізацыя працы прывяла да павелічэньня долі дыстанцыйнай працы на глябальным рынку працаўладкаваньня, аднак пандэмія імкліва паскорыла гэты працэс.

Карантынныя абмежаваньні прывялі да закрыцьця офісаў па ўсёй Эўропе і Паўночнай Амэрыкі. Перамовы па відэасувязі сталі нормай. Паводле ацэнкі кансультанта ў галіне IT кампаніі Gartner, да канца 2023 году дыстанцыйна будуць працаваць да 40% арганізацый, паколькі гэтая тэндэнцыя зьвязана ня столькі з пандэміяй, колькі са зьніжэньнем выдаткаў, зьвязаных з утрыманьнем офіса.

Многія краіны, якія пацярпелі ад рэзкага скарачэньня колькасьці турыстаў падчас пандэміі, цяпер спрабуюць прыцягнуць як мага больш «лічбавых качэўнікаў», якія маюць магчымасьць працаваць дыстанцыйна і, адпаведна, больш вольныя ў выбары краіны пражываньня.

Такія краіны як Эстонія, Грузія, Барбадас або Багамы прапануюць розныя льготы – напрыклад, нізкія падаткі ці даступнае жытло – каб прывабіць дыстанцыйных працаўнікоў.

Капітал дабраўся да космасу

2020 год стаў пераломным для прыватных палётаў у космас у сувязі з тым, што ў траўні кампанія SpaceX упершыню ў сваёй гісторыі змагла даставіць людзей на Міжнародную касьмічную станцыю. Але гэта была толькі першая ластаўка напярэдадні вялікіх пераменаў: штораз больш кампаній вядуць барацьбу за тое, каб зрабіць касьмічныя палёты прасьцейшымі і даступнейшымі.

Камэрцыйныя кампаніі бяруць удзел у касьмічнай праграме з моманту яе зараджэньня, але ніколі раней іх роля не была ключавой. Найбольш вядомая кампанія SpaceX, якая задала новы фармат за кошт выкарыстаньня шматразовых ракет-носьбітаў, аднак сьпіс ёю не вычэрпваецца. Кампаніі Blue Origin Джэфа Бэзаса і Virgin Galactic Рычарда Брэнсана таксама супрацоўнічаюць зь дзяржаўнымі агенцтвамі з мэтай арганізацыі касьмічнага турызму і нават палётаў на Месяц у агляднай будучыні. Кампанія Boeing займаецца распрацоўкай касьмічнага карабля Starliner, які павінен даставіць касманаўтаў на борт МКС ужо ў 2021 годзе.

Больш за дзесяць краінаў ужо маюць магчымасьць запускаць ракеты на калязямную арбіту і маюць касьмічныя амбіцыі, так што кліенцкая база ў прыватных касьмічных кампаній будзе толькі павялічвацца.

«Гаворка ідзе аб паглыбленьні партнэрства, – кажа Джошуа Колўэл, прафэсар фізыкі і намесьнік дырэктара Флорыдзкага інстытуту касьмічных дасьледаваньняў. – Пакуль ракеты ў космас запускаюць у асноўным дзяржавы, але прыватныя кампаніі знойдуць сабе кліентаў і сярод урадаў, і ў прыватным сэктары».

Павелічэньне касьмічных палётаў абяцае ня толькі новыя магчымасьці, але і рызыкі: «Ці не прывядзе зьяўленьне мноства новых гульцоў, як дзяржаўных, так і прыватных, да нечаканых наступстваў? – кажа Колўэл. – Ня ўпэўнены, што ўсё гэта добра прадумана, бо ж міжнародных мэханізмаў рэгуляваньня гэтай сфэры зусім няшмат».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG