Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у канцы 2021 году пачне атрымліваць ад Расеі кампэнсацыю за падатковы манэўр, — амбасадар у РФ


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Беларусь пачне з канца гэтага году атрымліваць кампэнсацыю выдаткаў у сувязі з рэалізацыяй у нафтавай сфэры РФ падатковага манэўру

Гэтыя словы амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзіміра Сямашкі прыводзіць Інтэрфакс.

«У наступным годзе, нават з канца гэтага году, пачынаецца пэўная кампэнсацыя», — заявіў Сямашка журналістам у Варонежы.

Ён ня стаў раскрываць сутнасьць дамоўленасьцяў у гэтай сфэры: «Зьявіцца дакумэнт — усё зразумееце. Ня буду пакуль лішняга казаць», — заявіў Сямашка.

Пры гэтым, паводле яго, мэханізм не прадугледжвае выдзяленьня беларускаму боку новых крэдытаў або міжбюджэтных трансфэраў.

Раней Аляксандар Лукашэнка заяўляў пра зрухі ў пытаньні кампэнсацыі стратаў за падатковы манэўр. «Падатковы манэўр падлічваецца. Яго трэба падлічыць і кампэнсаваць. Калі будзе такое рашэньне. Але зрухі ў гэтым напрамку ёсьць», — сказаў ён 9 жніўня.

Па выніках сустрэчы Лукашэнкі і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна 13 ліпеня іх прэсавыя сакратары Натальля Эйсмант і Дзьмітры Пяскоў пацьвярджалі, што Расея мае намер кампэнсаваць Беларусі страты ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне.

Менск вёў з Масквой перамовы аб кампэнсацыі стратаў ад падатковага манэўру ў нафтавай сфэры РФ з 2018 году. У канцы 2018 году тагачасны прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас выступіў з ініцыятывай аб кампэнсацыі беларускаму боку выдаткаў ад рэалізацыі Расейскай Фэдэрацыяй падатковага манэўру. Беларускія ўлады заяўлялі, што выдаткі Менску ад рэалізацыі падатковага манэўру складуць парадку $10 млрд у 2019–2024 гадах.

У адказ на ініцыятыву Румаса цяпер ужо былы прэмʼер-міністар РФ Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў ідэю паглыбленьня інтэграцыі на базе падпісанай у 1999 годзе дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы».

Сёньня Ўладзімер Сямашка паведаміў, што на найбліжэйшай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна будуць падпісаныя ўсе інтэграцыйныя «дарожныя мапы».

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG