Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжымам Расеі і Беларусі наканавана ўспрымаць Украіну як цывілізацыйнага канкурэнта»


Плякат на акцыі пратэсту ля беларускай амбасады ў Кіеве супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, сьнежань 2019
Плякат на акцыі пратэсту ля беларускай амбасады ў Кіеве супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, сьнежань 2019

Піша на сайце «Крым.Рэаліі» ўкраінскі журналіст Паўло Казарын.

У жніўні 1961 г. Савецкі Саюз пабудаваў Бэрлінскі мур — адзін з сымбаляў жалезнай заслоны, якая падзяляла сацыялістычны лягер і заходні сьвет.

«Міграцыйны тэрарызм» афіцыйнага Менску

Праз 60 гадоў новую сьцяну вымушаныя будаваць ужо эўрапейскія краіны. Польшча і Літва спрабуюць адгарадзіцца ад неадэкватнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Беларускі рэжым прывозіць самалётамі мігрантаў з Блізкага Ўсходу, а мясцовыя сілавікі дапамагаюць ім нелегальна перасекчы мяжу з ЭЗ. Такі своеасаблівы міграцыйны тэрарызм — Менск наўмысна стварае праблемы для суседзяў, каб прымусіць іх пайсьці на саступкі і адмяніць санкцыі.

Гісторыя паўтараецца, але ў ёй ня так ужо і шмат фарсу. Пакуль Лукашэнка помсьціць заходнім суседзям, Масква вучыць рускіх, што ляяльнасьць Крамлю можа быць толькі абсалютная.

Нам часта здаецца, што гісторыя рухаецца толькі наперад. Што тыя, хто калісьці здабыў свабоду, працягваюць жыць у свабоднай краіне. Масква і Менск даказваюць нам, што гэта ня так. Калі за свабоду няма каму змагацца, калі яна існуе толькі з ласкі першай асобы, яе заўсёды можна забраць.

«Расейцы і беларусы асуджалі ўкраінскі Майдан, не хацелі „як у Кіеве“. Яны памыляліся»

Расейцы і беларусы часта асуджалі ўкраінскі Майдан. Папракалі яго ў празьмернай жорсткасьці. Казалі, што ня хочуць «як у Кіеве». Былі ўпэўненыя, што масавая фронда можа прымусіць узурпатара ўцячы. Яны памыляліся.

І цяпер Кіеў апынуўся з аднаго боку жалезнай заслоны, а Расея і Беларусь — з другога. Прычым гэтая рэальнасьць зусім не азначае, што Ўкраіна пазбавілася ад унутраных праблем. Карупцыя, кланавасьць і злоўжываньні працягваюць жыць ва ўкраінскай рэальнасьці. Але галоўнае адрозьненьне ў тым, што Ўкраіна ведае пра свае недахопы, а расіянам і беларусам няма дзе пра свае праблемы прачытаць. Украінцы могуць зьмяніць уладу, а іх суседзям на паўночным усходзе дазволена сваю ўладу толькі пераабраць.

Украінскае шматгалосьсе страхавала ад узурпацыі

За апошнія 30 гадоў Украіна часта азіралася на Менск і Маскву. Захаплялася тамтэйшай сыстэмай і заробкамі. Хваліла чужыя дарогі і наракала, што «моцная рука» дасталася некаму іншаму. А высьветлілася, што і дарогі, і парадак могуць быць складнікамі дыктатуры. Унутры якой абываталь па-рабску бяспраўны, а чалавек у форме — страшэнна жорсткі. Высьветлілася, што ўкраінскае шматгалосьсе страхавала нас ад узурпацыі.

Геаграфічнае суседзтва не абяцае нам спакою. Рэжымам у Расеі і Беларусі наканавана ўспрымаць Украіну як ворага. Нават больш за тое — як цывілізацыйнага канкурэнта, які даводзіць грамадзянам суседніх краін, што свабода магчымая. Гэта азначае, што ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі нам усё роўна давядзецца змагацца на двух франтах. Пераадольваць унутраную неэфэктыўнасьць і ўтрымліваць зьнешні пэрымэтар.

Так, гэта задача з зорачкай. Так, гэта максымальны ўзровень складанасьці. Але ў тым і асаблівасьць, што ніякіх іншых варыянтаў у нас папросту няма. Мінулым разам Бэрлінская сьцяна праіснавала амаль 30 гадоў.

Паўло Казарын з Крыму. Журналіст. Супрацоўнічае з Krym.Realii, «Украінскай праўдай», Liga.net, тэлеканаламі ICTV і «24».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG