Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 24 жніўня: 3 гады «хатняй хіміі» за СМС з пагрозамі начальніку Рагачоўскага ІЧУ

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня выносяць крымінальныя выракі да ўдзельнікаў пратэстаў і грамадзян, якія крытыкавалі дзеяньні ўладаў.

3 гады «хатняй хіміі» за СМС

У Менскім раённым судзе 24 жніўня агучылі прысуд у крымінальнай справе супраць Дзьмітрыя Лекамцава, якога вінавацілі ў пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі (арт. 364 Крымінальнага кодэксу), піша «Вясна».

Справу разглядаў судзьдзя Антон Колабаў, бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляла Крысьціна Касіцкая. Пацярпелым праходзіў Сяргей Сямёнаў, які ў суд не зьявіўся праз «занятасьць па службе».

Паводле абвінавачаньня, Дзьмітры Лекамцаў у стане алькагольнага ап’яненьня ўвечары 16 жніўня 2020 году даслаў SMS-паведамленьні супрацоўніку Рагачоўскага ІЧУ Сяргею Сямёнаву, у тэксьце «меліся прыкметы вэрбальнай агрэсіі ў форме пагрозы ў адрас міліцыянта і яго блізкіх у сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

Лекамцаў прызнаў віну цалкам, у судзе абараняў сябе сам. Ён адзначыў, што раскайваецца, езьдзіў да пацярпелага, прыносіў прабачэньні, і Сямёнаў іх прыняў. З пацярпелым ніколі ня быў знаёмы, у Рагачове таксама ніколі ня быў.

Судзьдзя прызначыў такое пакараньне, якое прасіла пракурорка: 3 гады «хатняй хіміі» і канфіскацыя тэлефона.

Дырэктара фірмы асудзілі за тое, што назваў трэнэра па самба «ланцужным сабакам рэжыму»

44-гадовага Арцёма Яршова суд у Койданаве прызнаў вінаватым у паклёпе на трэнэра нацыянальнай каманды па самба Юрыя Рыбака. 20 жніўня судзьдзя Сяргей Крупец пакараў Яршова паўтара гадамі «хатняй хіміі», паведаміла «Вясна».

Юрый Рыбак – маёр унутранай службы МУС, самбіст і дзюдаіст. Выступае з канца 1990-х гадоў. Шматразовы чэмпіён Эўропы і сьвету.

Летась у жніўні Сяргей Яршоў раскідаў у доме, дзе жыве Рыбак, улёткі, дзе назваў яго «ланцужным сабакам рэжыму» і «бандытам», які цісьне на спартоўцаў, якія «наважыліся казаць праўду пра гвалт і беззаконьне». У іншай улётцы ён назваў яго «вышыбалам», які запужвае спартоўцаў.

Яршоў сказаў, што прачытаў пра гэтыя ўчынкі Рыбака ў сацсетках.

Лёгкаатлет Андрэй Краўчанка згадваў у сваім інстаграме Рыбака сярод тых, хто прыяжджаў да яго дадому разам з намесьнікам міністра, які казаў «што мне трэба падумаць пра дзіця, жонку, куды я лезу і гэтак далей».

Два гады «хатняй хіміі» за падзеі 9–10 жніўня ў Жлобіне

Сёньня ў судзе Жлобінскага раёна судзьдзя Натальля Качалава разглядзела крымінальную справу ў дачыненьні да 22-гадовага Яўгена Пархамовіча, 20-гадовага Ільлі Сычэвіча і 22-гадовага Максіма Белашыцкага. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», усіх іх абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушалі грамадзкі парадак у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК).

Паводле абвінавачваньня, вечарам 9 жніўня хлопцы выходзілі на праезную частку дарогі, стаялі ў счэпцы, перашкаджалі руху транспарту, пляскалі ў далоні, гучна крычалі, сьвісталі, выкрыквалі розныя лёзунгі, дэманстратыўна зьняважліва адмаўляліся ад выкананьня патрабаваньняў міліцыянтаў.

Абвінавачаныя прызналі сваю віну.

24 жніўня судзьдзя пакарала іх двума гадамі «хатняй хіміі». Столькі ж прасіў і пракурор.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG