Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вырашыў адпомсьціць». Чыноўніцу зь Ліды асудзілі за абразу міліцыянта


Тацяна Зьвярко з сынам
Тацяна Зьвярко з сынам

У жанчыны засталося дзіця на грудным гадаваньні.

У Лідзе вынесьлі прысуд 43-гадовай Тацяне Зьвярко, якая працавала старшым інспэктарам у аддзеле дакумэнтацыйнага забесьпячэньня мясцовага райвыканкаму. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку. Сыну Ягору — усяго 1 год 10 месяцаў, ён быў на грудным гадаваньні. Тацяна нават не пасьпела разьвітацца з сынам — яе ўзялі пад варту ў залі суду. Вырак стаў нечаканасьцю: 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Абвінавацілі жанчыну па двух артыкулах — абраза прэзыдэнта (арт. 368) і абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369).

— Прысуд стаў вялікай нечаканасьцю, мы спадзяваліся, што ў найгоршым выпадку маці дадуць «хатнюю хімію». У яе на гадаваньні малое дзіця, яна больш за 15 гадоў адпрацавала ў райвыканкаме, — кажа Свабодзе дачка Ганна. — У маці ўвогуле была надзея, што яе могуць апраўдаць. Яна не прызнавала сваёй віны, сама сябе абараняла, без адваката, была ўпэўнена ў сабе. А падставай для абвінавачваньня было ўсяго толькі паведамленьне ў чаце ў Telegram.

Тацяна Зьвярко, архіўнае фота
Тацяна Зьвярко, архіўнае фота

«Відаць, міліцыянт проста вырашыў адпомсьціць»

Паводле Ганны, у жніўні мінулага году Тацяна вельмі перажывала за тое, што адбывалася ў горадзе і краіне, спрабавала дапамагаць людзям, «сядзела» ў мясцовых пабліках. І ў адным з чатаў адрэагавала на здымак міліцыянта — намесьніка начальніка РАУС. На фота ён стаяў ля аўтазаку і кіраваў сілавікамі на разгоне пратэстаў:

— Маці добра знаёмая з гэтым міліцыянтам, і напісала, што ведала яго зь лепшага боку, а тое, як ён сябе паводзіў падчас акцый, стала для яе нечаканасьцю. Самае гучнае слова, якое яна ўжыла, — «мразь». Той самы міліцыянт і вылічыў яе — у яго быў запісаны нумар маці. Відаць, проста вырашыў адпомсьціць.

«Прыйшлі сем чалавек у масках, вельмі напалохалі дзіця»

У верасьні да Тацяны прыйшлі зь ператрусам. Яны жыла з мужам, сынам і дачкой, але ў той момант была дома адна.

— Прыйшлі сем чалавек у масках, вельмі напалохалі дзіця, забралі з дому ўсю тэхніку, — працягвае Ганна. — Суд пачаўся амаль праз год, толькі 4 жніўня адбылося першае паседжаньне. Экспэртыза нічога не даказала, у справе былі толькі скрыншоты і словы пацярпелага міліцыянта. Яму, паводле рашэньня суду, трэба яшчэ выплаціць 2 тыс. рублёў маральнай кампэнсацыі.

«У лідзкім ізалятары маці адчувала сапраўдныя зьдзекі»

10 жніўня Ганна наведала маці ў Горадзенскім СІЗА, куды яе перавялі напярэдадні:

— Адчувае сябе больш-менш добра, сказала, што ўмовы лепшыя, чым у лідзкім ізалятары, дзе яе трымалі тры дні. Маці казала, што ў лідзкім ізалятары адчувала сапраўдныя зьдзекі: вельмі часта падымалі і патрабавалі называць «свае» артыкулы, у камэры на вялікую гучнасьць уключалі музыку. Былі моманты, калі маці задыхалася, здараліся прыступы. Цяпер адчувае сябе бадзёрай, гатовая цярпець і змагацца далей, дабівацца зьмякчэньня прысуду — мы ўжо падалі апэляцыйную скаргу. Канечне, вельмі перажывае за сына.

Ягора забраў бацька, цяпер хлопчык у дзядулі з бабуляй. Давялося рэзка адмовіцца ад груднога гадаваньня — гэта, як і разлука з маці, можа нэгатыўна адбіцца на стане дзіцяці, хвалюецца Ганна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG