Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні і ператрусы 18 жніўня: атака на БелаПАН, 10 сутак штрафнога ізалятару для музыкі, пад вартай брат экс-апэратыўніка


Астравецкая актывіста Мікалая Ўласевіча выклікалі на допыт, архіўнае фота
Астравецкая актывіста Мікалая Ўласевіча выклікалі на допыт, архіўнае фота

Па ўсёй Беларусі не спыняецца палітычны перасьлед за грамадзянскую пазыцыю. Людзей затрымліваюць, учыняюць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску.

Музыку дадалі яшчэ 10 сутак штрафнога ізалятару

17 жніўня палітвязень, лідэр горадзенскага панк-гурту Mister X Ігар Банцэр меўся выйсьці са штрафнога ізалятару, куды яго зьмясьцілі на 10 сутак.

Аднак, як інфармуе Беларуская рада культуры, музыку працягнулі пакараньне на аналягічны тэрмін — нібыта за «чарговае парушэньне ўнутранага рэжыму». Раней яго паставілі на спэцулік у схільнасьці да экстрэмізму.

«Апошняе, што перадаў Ігар Банцэр з папраўчай установы: настрой бадзёры, ніхто і нішто ня здолеюць яго зламаць», — адзначыў кіраўнік рады Сярей Будкін.

Музыку і актывіста затрымалі 20 кастрычніка 2020 году за правядзеньне пэрформансу ў выглядзе танца без штаноў перад машынай міліцыі. Тыя дзеяньні кваліфікавалі як хуліганства (ч.1 арт. 339 КК).

Да суду Ігар Банцар утрымліваўся пад вартай. Падчас працэсу, які пачаўся ў сакавіку, абвесьціў сухую галадоўку. 19 сакавіка судзьдзя Ленінскага раёну Горадні Натальля Козел пакарала яго 1,5 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову.

Падтрымаць творцу можна лістамі і паштоўкамі: 210034, г. Віцебск, вул. 3-я Чэпінская, 39. Папраўчая ўстанова № 9. Ігар Раманавіч Банцар.

Узялі брата былога апэратыўніка ГУБАЗіК

Сілавікі прыйшлі да Міхаіла Лупаносава, брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіК Станістала Лупаносава, які асудзіў дзеяньні колішніх калегаў.

Як стала вядома «Нашай Ніве», Міхаіл Лупаносаў узначальваў будаўнічую фірму. Затрымалі яго супрацоўнікі МУС на падставе ч.1 арт. 427 КК (службовы падлог). Паводле папярэдняй інфармацыі, інкрымінаваныя падзеі адбываліся яшчэ ў 2016 годзе. Цяпер дырэктар знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна.

Апэратыўніка Станіслава Лупаносава дзяржаўная прапаганда абвінавачвае ў перадачы дэмакратычным сілам «вялізнага аб’ёму інфармацыі пра спэцслужбы». Сам афіцэр ГУБАЗіК пасьпеў пакінуць Беларусь і далучыўся да ініцыятывы экс-сілавікоў ByPol.

Ператрусы ў супрацоўнікаў і на офісе БелаПАН

Раніцай 18 жніўня адбыліся ператрусы ў кіраўніцтва і супрацоўнікаў агенцтва БелаПАН Ірыны Леўшынай, Ірыны Турчыной, Аляксандра Зайцава, Кацярыны Боевай, Захара Шчарбакова.

Як расказаў намесьнік галоўнага рэдактара Аляксандар Зайцаў, ператрус праводзіўся ў рамках справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Сілавікі канфіскавалі тэлефон і кампутарнае абсталяваньне, а таксама ўзялі падпіску аб яўцы. Працэсуальнага статусу яму не растлумачылі.

Чакаецца ператрус і ў рэдакцыі БелаПАН. Справу вядзе Сьледчы камітэт.

Вызвалілі менчукоў, якіх узялі з музыкамі Irdorath

Пасьля 15-дзённага адміністрацыйнага арышту выйшлі на волю сябры ўдзельнікаў гурту Irdorath. Яны сьвяткавалі дзень нараджэньня на лецішчы, калі туды ўварваліся ўзброеныя сілавікі.

На волі Міхась Аракчэеў, Марыя Падаляк, Яўген Срэценскі, Аляксандар Сінкевіч, Аляксей Палаўчэня.

Пяцёра музыкаў калектыву будуць чакаць суду за кратамі. Паводле папярэдніх зьвестак, іх абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Маўляў, ігралі на музычных інструмэнтах падчас маршаў увосень 2020 году, чым правакавалі пратэставыя настроі.

Сілавікі зацікавіліся пэнсіянэрскай арганізацыяй

Супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі прыйшлі зь ператрусам да лідэркі арганізацыі пэнсіянэраў «Нашае пакаленьне» Тацяны Зялко, паведамляе «Вясна».

Прычыны зацікаўленасьці пажылой жанчынай пакуль невядомыя, але яна ўдзельнічала ў леташніх «Маршах пэнсіянэраў», яе неаднаразова затрымлівалі.

За леташнія допісы затрымалі віцябляніна

18 жніўня ў Віцебску затрымалі 30-гадовага Яўгена Місюка. Ёсьць зьвесткі, што пры гэтым яго пабілі. Падчас ператрусу забралі ноўтбук, тэлефон, флэшкі.

Па словах родных, яго абвінавачваюць у тым, што летась у жніўні ён нібыта пісаў у телеграм-каналах «заклікі да фізычнай расправы над міліцыянтамі і агітаваў да масавых беспарадкаў».

Яўгена Місюка даставілі ў Першамайскі РАУС Віцебску, ягоны статус пакуль невядомы.

Выклікалі на допыт актывіста антыядзернага руху

У Астраўцы на Горадзеншчыне на допыт у Сьледчы камітэт выклікалі актывіста антыядзернага руху Мікалая Ўласевіча.

У пазове адзначаецца, што ён праходзіць у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, але мужчына напісаў у сацсетках, што «рэчы на ўсялякі выпадак сабраў».

Мікалай Уласевіч вядомы ў рэгіёне праціўнік будаўніцтва і дзейнасьці Астравецкай АЭС, неаднаразова затрымліваўся і прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG