Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі Ўладзімера Мацкевіча, Тацяну Вадаласкую, Улада Вялічку і Юрася Меляшкевіча. Чым яны вядомыя

абноўлена

Тацяна Вадалаская і Ўладзімер Мацкевіч. 2017 год
Тацяна Вадалаская і Ўладзімер Мацкевіч. 2017 год

Ператрусы праводзяць супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

У Менску затрымалі мэтадоляга і філёзафа Ўладзімера Мацкевіча. Паводле папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі КДБ праводзяць у яго дома ператрус.

Уладзімер Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011–2016), заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт», вядоўца тэлеперадачаў. Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».

4 жніўня сілавікі прыйшлі таксама да ягонага паплечніка, старшыні міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Ўладзіслава Вялічкі. Пасьля ператрусу яго затрымалі, з дому забралі ўсю тэхніку.

Ягоная жонка Алена Вялічка паведаміла журналістам, што ў пастанове на ператрус значылася ажно 17 крымінальных артыкулаў:

  • распальваньне варожасьці
  • паклёп
  • абраза службовай асобы
  • крадзеж
  • махлярства
  • наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці
  • масавыя беспарадкі
  • наўмыснае блякаваньне транспарту
  • захоўваньне наркотыкаў
  • хуліганства
  • удзел у дзеяньнях, што парушаюць грамадзкі парадак
  • несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі
  • заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы
  • супраціў міліцыі
  • гвалт ці пагроза гвалту ў адносінах да міліцыянта.

Улад Вялічка — адзін зь вядомых лідэраў беларускага «трэцяга сэктару», у якім працуе ад 1994 году. Сузаснавальнік шэрагу беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і сетак, экспэрт у пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва.

Цягам некалькіх гадоў Улад Вялічка забясьпечваў актыўны ўдзел арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства». У пэрыяды 2009–2011 і 2015–2017 гадоў быў беларускім нацыянальным каардынатарам і сябрам Кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства (ФГС УП), а ў 2010–2011 і 2016–2017 гадах — сустаршынём Кіраўнічага камітэту ФГС УП.

На працягу 12 гадоў быў кіраўніком «ЭўраБеларусі»: у 2007–2014 гадах — старшынём, у 2014–2019 гадах — генэральным дырэктарам арганізацыі.

Ёсьць зьвесткі, што ператрус адбыўся і ў сацыёляга, сябра Каардынацыйнай рады Тацяны Вадаласкай, пасьля чаго яе таксама затрымалі. Паводле інфармацыі @by_culture, Тацяну Вадаласкую перавялі ў ІЧУ на Акрэсьціна, яна затрыманая на 10 сутак паводле крымінальнай справы.

Тацяна Вадалаская — старшы аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі. Экспэрт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў. Кандыдат сацыялягічных навук.

Тацяна Вадалаская, лістапад 2010 г.
Тацяна Вадалаская, лістапад 2010 г.

Спэцыялізуецца ў галінах мэтадалёгіі гуманітарных і сацыяльных дасьледаваньняў, нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасьці, разьвіцьця лякальных супольнасьцяў, грамадзянскай супольнасьці і культурнай палітыкі. Куратарка Лятучага ўнівэрсытэту. Аўтарка «Беларускага штогодніку». Была стыпэндыяткай спэцыяльнага прэзыдэнцкага фонду падтрымкі таленавітай моладзі (2007).

У студзені сябра Каардынацыйнай рады Тацяну Вадаласкую некалькі гадзін дапытвалі ў Сьледчым камітэце, выпусьцілі пад падпіску аб невыдаваньні. Пазьней лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў, якога таксама дапытвалі ў той жа дзень і які адмовіўся даць падпіску аб невыдаваньні, паведаміў журналістам, што на допыты іх выклікалі як сьведак у крымінальнай справе па факце стварэньня Каардынацыйнай Рады.

Зь сярэдзіны дня на сувязь не выходзіць таксама Аксана Шэлест. Яна, верагодна, таксама затрыманая, піша палітоляг Андрэй Ягораў.

Аксана Шэлест — мэтадоляг і сацыёляг, калега Ўладзімера Мацкевіча і Тацяны Вадаласкай, экспэрт Агенцтва гуманітарных тэхналёгій.

Таксама стала вядома пра затрыманьне ў Ваўкавыску аднаго з намесьнікаў старшыні партыі «Беларускі Народны Фронт» Юрася Меляшкевіча. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку Вадзім Саранчукоў.

Юрась Меляшкевіч. Архіўнае фота
Юрась Меляшкевіч. Архіўнае фота

Юрась Меляшкевіч займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 году. З 2004 сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча, аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху.

Балятаваўся ад Партыі БНФ на парлямэнцкіх выбарах па Малінаўцы ў Менску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» ў лістападзе 2020 году.

Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух „За свабоду“» (быў намесьнікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесьніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG