Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неверагодны 2020-ы». Уладзімер Мацкевіч: «Рэжым ня можа пераканаць грамадзтва, грамадзтва ня здольнае перамагчы рэжым»


Пратэсты пасьля выбараў, Менск, ноч з 9 на 10 жніўня, 2020
Пратэсты пасьля выбараў, Менск, ноч з 9 на 10 жніўня, 2020

Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца іх бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?». Сёньня прапануем вашай увазе адказы мэтадоляга, філёзафа, грамадзкага дзеяча Ўладзімера Мацкевіча.

Што адбылося зь беларускім грамадзтвам у 2020 годзе: сасьпяваньне, дасьпяваньне, ці разрадка напружанасьці? Ці можа вярнуцца вецер на кругі свае?

— Узгаданыя катэгорыі — тэндэнцыйнае спрашчэньне. Нібыта існуе нейкі нармаваны стан сасьпеласьці грамадзтва. Можа, «разрадка напружанасьці» пасуе найбольш, бо напружанасьць сапраўды назапашвалася некалькі гадоў запар. Зьяваў і падзеяў, якія сьведчаць пра нарастаньне напружанасьці, можна налічыць шмат. Пачатак гэтага працэсу назваць складана, хіба што пратэсты «дармаедаў» умоўна можна ўзяць за пачатак адліку.

Зьмены ў структуры грамадзтва немагчыма было не заўважыць, але заўважыць мала, іх трэба асэнсаваць.

Уладзімер Мацкевіч, мэтадоляг, філёзаф, грамадзкі дзеяч
Уладзімер Мацкевіч, мэтадоляг, філёзаф, грамадзкі дзеяч

У 2017 годзе я паспрабаваў асэнсаваць ужо заўважаныя рысы ў канцэпце «трох сьветаў», прадстаўнікі якіх адрозьніваюцца сваім месцам адносна спажываньня інавацыяў. Паводле гэтага канцэпту, зьмены ў краіне і грамадзтве распачнуцца ў выніку руху насустрач першага і другога сьветаў. І ў 2020 годзе мы бачылі гэта.

Спачатку адбылася сустрэча супольнасьцяў «першага і трэцяга сьвету» («першы сьвет» можна маркаваць знакавымі асобамі В.Бабарыкі і В.Цапкалы, а «трэці сьвет» — Сяргеем Ціханоўскім). А напрыканцы перадвыбарчай кампаніі яны рушылі насустрач «другому» сьвету (нацыянальна-арыентаванаму), які напоўніў пратэст сэміятычным (БЧБ, Пагоня), але пакуль ня сэнсавым і каштоўнасным зьместам.

Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валер Цапкалаі, каляж
Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі і Валер Цапкалаі, каляж

Структурныя зьмены ў грамадзтве паводле канцэпту «трох сьветаў» дасьледаваліся і фіксаваліся сацыялягічнымі сродкамі (Аксана Шэлест , Тацяна Вадалаская), але ёсьць яшчэ адзін чыньнік. Гэта той стан узбуджэньня, у які трапіла грамадзтва на кароткі час у чэрвені-жніўні 2020 году і які цягнуўся да лістапада-сьнежня. Гэта часовы стан, ён праходзіў розныя стадыі і павінен быў скончыцца (дасьледаваньне Аксаны Шэлест ). Структурныя зьмены ў грамадзтве і часовы стан эмацыйнай узбуджанасьці не варта блытаць.

Скасаваньне эмоцыяў і напружанасьці адбываецца або праз выпусканьне пары, як было раней, або амаль татальным гвалтам, як у 2021 годзе. Але прычыны напружанасьці ад гэтага не зьнікаюць.


Як у падзеях 2020 году праявілася беларускае нацыянальнае?

Шмат дасьледчыкаў і навукоўцаў даўно праводзяць думку, што беларуская нацыя ўжо сфармавалася (найлепш пра гэта пісалі Андрэй Казакевіч і Валянцін Акудовіч, часткова і Ўладзімер Фурс). Гэта нацыя XXI стагодзьдзя, шмат у чым непадобная да таго, што ўяўлялі сабе нацыянальныя дзеячы Адраджэньняў пачатку і канца ХХ стагодзьдзя.

Каштоўнасьці адраджэнцаў мінулага засвоеныя прадстаўнікамі «другога» сьвету, а «першы» і «трэці» сьвет толькі мімаходзь закранутыя гэтай каштоўнаснай сыстэмай.

Віктар Бабарыка яшчэ да свайго вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты зрабіў некалькі істотных заўвагаў пра тое грамадзтва, да якога ён зьвяртаўся і якое адгукнулася на яго вылучэньне. Паводле ягоных уяўленьняў, нацыя яшчэ ня здолела ці не пасьпела сама сябе асэнсаваць, уявіць і ідэнтыфікавацца. Усе лічаць сябе беларусамі, але ня маюць агульнага пазытыўнага ўяўленьня пра тое, што такое беларус. Ёсьць нэгатыўнае ўяўленьне: «Мы не расейцы, але мы і не такія, пра якіх гаворыць (умоўны) Пазьняк. Мы іншыя».

Як высьветлілася ў падзеях 2020 году, такое ўяўленьне пра сябе Бабарыкі адпавядае поглядам шырокіх колаў беларускай грамадзкасьці, у тым ліку і прадстаўнікоў «трэцяга» сьвету, якія арыентаваліся на Сяргея Ціханоўскага.

Менск, 25 кастрычніка 2020
Менск, 25 кастрычніка 2020


Павярхоўнае «аднадумства» электаратаў Бабарыкі і Ціханоўскага напачатку адштурхоўвала ад іх нацыянальна-сьвядомую супольнасьць і частку так званай старой апазыцыі. Але, адчуўшы пэўную эмацыйную еднасьць і салідарнасьць, грамадзяне мелі патрэбу неяк аформіць гэтую еднасьць у сьвядомасьці.

І тут вельмі дарэчнымі сталі назапашаныя вобразы, сымбалі, каштоўнасьці нацыянальна-сьвядомай, у старым сэнсе, часткі нацыі. Шырокае грамадзтва запазычыла пакуль толькі знакі і сымбалі, але ня іх сэнс і зьмест.


Чаму беларускі пратэст 2020 году ня меў геапалітычнага вымярэньня?

Чаму ня меў? Меў, але менш выразны, бо пратэстоўцы не лічылі яго актуальным у параўнаньні з галоўнай праблемай.

У 2019 годзе кампанія «Сьвежы вецер» была накіраваная на тры праблемы: пагроза аншлюсу, зьмены ў Канстытуцыю, прэзыдэнцкія «выбары». На першым месцы была пагроза аншлюсу, на апошнім — Канстытуцыя. У 2020 годзе прыярытэты памяняліся. На першае месца выйшлі «выбары». І вага гэтай праблемы такая вялікая, што астатнія адыходзяць на задні плян.

Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, 7 сьнежня 2019
Акцыя пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі, 7 сьнежня 2019

За пэрыяд разгортваньня кампаніі «Сьвежы вецер» зь верасьня па сьнежань 2019 году арыентацыя на Расею зьменшылася больш як на 14%. Гэта зафіксавалі апытаньні Андрэя Вардамацкага, зробленыя ў жніўні і сьнежні 2019 году. А за лета-восень 2020 году гэты трэнд яшчэ ўзмацніўся. Але ніхто, ні палітыкі са сваіх прычын, ні пратэстоўцы-грамадзяне, ня хоча акцэнтаваць увагу на гэтай тэме.

Ці засьведчылі падзеі 2020 году раскол у беларускім грамадзтве?

Раскол засьведчаны даўно. У 2020 годзе ў момант эўфарыі ўяўленьні аб прапорцыях гэтага падзелу вагаліся ад 97% на 3% — да 50% на 50%. Дакладнай лічбы мы цяпер атрымаць эмпірычна ня можам, застаецца толькі гіпотэзы вылучаць. Але канкрэтныя лічбы ня маюць ніякага сэнсу, могуць толькі служыць аргумэнтамі ў інфармацыйнай вайне. Раскол відавочны з масавасьці пратэставых акцыяў, з упартасьці ў адстойваньні сваіх пазыцыяў, і з гэтым трэба лічыцца.


Ці магчымае прымірэньне, і калі так, то якой можа быць яго формула?

Цяпер трэба гаварыць не аб прымірэньні, а аб перамовах паміж двума бакамі канфлікту. Прымірэньне тычыцца эмоцыяў і этыкі, а перамовы вядуць да выхаду з крызісу. Бо рэжым разбурае нацыянальную гаспадарку і дзяржаўныя інстытуты, і гэта становіцца відавочным нават яго прыхільнікам.

Рэжым ня можа пераканаць грамадзтва, грамадзтва ня здольнае перамагчы рэжым. Сілы бакоў розныя па прыродзе, але амаль парытэтныя, ніхто ня мае перавагі. Зацягваньне палітычнага крызісу было на карысьць рэжыму да вясны 2021 году. Цяпер яно ўжо нікому не карысна. Але прыхільнікі рэжыму яшчэ ў гэтым не пераканаліся да канца. Перамовы ўскладняюцца тым, што з боку рэжыму існуе толькі адна асоба, якая можа весьці перамовы і прымаць рашэньні. Але гэта доўгая размова.


Ці шкадуеце вы пра тое, што адбылося ў 2020 годзе, ці варта яно было сьмерцяў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

Я сумую і спачуваю загінулым, іх семʼям і сябрам, усім рэпрэсаваным і пацярпелым. Гэта цяжкае выпрабаваньне для ўсіх нас.

Шкадаваць трэба пра тое, што мы не скарысталіся шанцам у жніўні 2020 году. Толькі так можна было пазьбегнуць шматлікіх ахвяраў цягам наступных месяцаў.

І каб ахвяры не былі марнымі, мы мусім перамагаць.

Марыя Зайцава, параненая ў ноч пратэстаў пасьля выбараў, Менск, ноч з 9 на 10 жніўня 2020
Марыя Зайцава, параненая ў ноч пратэстаў пасьля выбараў, Менск, ноч з 9 на 10 жніўня 2020

Якія ўрокі зь беларускіх падзеяў 2020 году?

  • Палітычныя праблемы вырашаюцца палітычнымі мэтадамі.
  • Палітычны крызіс патрабуе палітычнага рашэньня, палітычнае рашэньне патрабуе палітычнай волі.
  • Рэвалюцыйная сытуацыя высоўвае на першы плян права, замест дыскрэдытаваных законаў, якія перасталі адпавядаць патрабаваньням часу. Права вышэйшае за закон, тым больш калі закон не працуе.
  • Палітычная воля і рэвалюцыйныя рашэньні дзейнічаюць толькі ў адпаведны момант, калі момант страчаны, застаецца толькі «махаць кулакамі пасьля бойкі».
  • Адпаведны момант складаецца гістарычна і аб’ектыўна (то бок, стахастычна ці выпадкова), а скарыстацца ім здольныя толькі тыя, хто рыхтаваўся да яго загадзя.

Падрыхтавацца да ўнікальнага гістарычнага моманту немагчыма на падставе эмпірычнага досьведу. Бо ўнікальныя моманты і сытуацыі таму і ўнікальныя, што не паўтараюцца. Падрыхтоўка да такіх момантаў і падзеяў можа быць толькі тэарэтычная. Антытэарэтычная ўстаноўка, распаўсюджаная ў нашым грамадзтве, прывяла нас да паразы.

Падзеі 2020 году прыцягнулі да сябе агульную ўвагу, але гэта толькі бачная частка працэсаў, якія пачаліся раней за 2020 год і яшчэ ня скончыліся. Тэктанічны зрух у беларускім грамадзтве закрануў глыбокія пласты і пакуль выклікаў толькі палітычны крызіс.

Наступствы гэтага тэктанічнага зруху будуць праяўляцца паступова, і гэта зойме не адзін год. Але пакуль не атрымаў вырашэньня нават палітычны крызіс. Якім чынам павінен быў вырашацца палітычны крызіс на працягу 2020–21 году, я прапісаў у «Дарожнай мапе». Але калі ён зацягнецца, то трэба будзе шукаць нейкія іншыя шляхі.

Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»

Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.

Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».

Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.

На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.

  • 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG