Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неверагодны 2020-ы». Валер Карбалевіч: «Пасіянарны выбух 2020 году — форма нацыянальна-вызвольнага руху»


Дэманстранты нясуць параненага Рамана Зайцава, які моцна пацярпеў пасьля выбуху сьвятлашумавой гранаты, Менск, ноч з 9 на 10 жніўня, 2020

Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?». Сёньня прапануем вашай увазе адказы палітоляга Валера Карбалевіча

Пасіянарны выбух 2020 году

1. Галоўная прычына рэвалюцыйнага выбуху палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагодзьдзя таму, вычарпала свой рэсурс, стала тормазам разьвіцьця. Больш за тое, разьвіцьцё — пагроза яе выжываньню.

2. «Беларуская вясна» 2020 года — гэта рэвалюцыя чаканьняў, якія растуць. За 26 гадоў кіраваньня Лукашэнкі адбылася зьмена пакаленьняў. Памянялася структура эканомікі і сацыяльная структура грамадзтва. Пабольшала людзей, якія працуюць у прыватных структурах. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларусы сталі адным з самых прарынкавых народаў Эўропы. А антырынкавая сацыяльная мадэль засталася старой.

Новыя тэхналёгіі, стварыўшы сучасныя сэктары эканомікі, у прыватнасьці ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў зь іншымі каштоўнасьцямі і ладам жыцьця. Тэхгалёгіі стымулявалі канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сфэры, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінантнай у краіне аўтарытарнай, герархічнай кіроўнай вэртыкальлю.

Валер Карбалевіч, палітоляг, палітычны аглядальнік Радыё Свабода
Валер Карбалевіч, палітоляг, палітычны аглядальнік Радыё Свабода

3. У Беларусі сёньня мы маем мадэрнізаванае грамадзтва, арыентаванае на перамены, якое хоча вызваліцца ад дзяржаўнага патэрналізму, і ўладу, якая кансэрвуе status quo. Грамадзтва перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яе рамках.

4. Беларуская сацыяльная мадэль была заснаваная не на даверы грамадзтва да палітычных інстытутаў, а на даверы да Лукашэнкі. Легітымнасьць рэжыму шмат у чым грунтавалася на асабістай харызьме кіраўніка дзяржавы. А крызіс даверу да яго прывёў да вострага палітычнага крызісу.


5. Вынікам апошніх падзеяў стала дэсакралізацыя ўлады як такой. Яна страціла маральны аўтарытэт. У Беларусі дасюль дзяржаўныя інстытуты былі адзінай змацоўкай, якая аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыюм. Іншыя мэханізмы — кшталту нацыі, грамадзянскай супольнасьці — былі слабыя. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадзтва, папраўдзе абвясьцілі грамадзянскую вайну большасьці сваіх грамадзянаў. Цяпер дзяржава, уключыўшы на поўную магутнасьць мэханізм рэпрэсіяў, большасьцю грамадзтва ўспрымаецца як небясьпека.

Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і Віктар Бабарыка
Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і Віктар Бабарыка

6. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадзтва. Абываталі раптам ператварыліся ў грамадзянаў. Народ стаў палітычным суб’ектам, чаго ніяк ня хоча прызнаваць рэжым.

7. За некалькі месяцаў у Беларусі была створаная гарызантальная інфраструктура грамадзянскай супольнасьці. Мадэль карпаратыўнай дзяржавы зазнала моцную эрозію. Карпарацыі, створаныя дзяржаваю (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь» і інш.), у момант вострага крызісу выявіліся недзеяздольнымі. Замест іх стыхійна паўсталі самаарганізаваныя супольнасьці дамоў, мікрараёнаў, прафэсійныя супольнасьці («Белыя халаты», чаты спартоўцаў і інш.). Гэты працэс у значнай меры адбываецца на базе лічбавых плятформаў.

8. Пратэсты 2020 году сталі важнай праявай завяршэньня працэсу станаўленьня беларускай нацыі. У процівагу рэжыму, які апэлюе да савецкай традыцыі, пратэставае грамадзтва ўзяло на ўзбраеньне традыцыйныя нацыянальныя сымбалі: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». На іх аснове фармуецца новая (несавецкая) беларуская ідэнтычнасьць. Пасіянарны выбух беларускага соцыюму — гэта своеасаблівая форма нацыянальна-вызвольнага руху.

Страйкоўцы МАЗа, 17 жніўня 2020
Страйкоўцы МАЗа, 17 жніўня 2020

9. Беларускі пратэставы выбух нанёс скрышальны ўдар па апошняй постсавецкай утопіі. Ён разбурыў праект, заснаваны на ілюзіі, што можна забясьпечыць разьвіцьцё краіны без дэмакратычнай трансфармацыі, кансэрвуючы асноўныя элемэнты савецкага мінулага. Яго можна разглядаць як апошняе рэха рэвалюцыяў 1989–1991 гадоў.

10. Ранейшымі мэтадамі Лукашэнка ўлады не ўтрымае. Складаецца сытуацыя, якую клясык рэвалюцыі апісаў формулай: вярхі ня могуць кіраваць па-старому. Гэта азначае, што аўтарытарны рэжым у Беларусі, каб выжыць, павінен стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней.

11. Культ голага гвалту больш за ўсё характарызуе няздольнасьць кіроўнага рэжыму адаптавацца да новай рэальнасьці. Рэжым ня мае ніякага наратыву будучыні, акрамя захаваньня status quo, заснаванага на гвалце і страху. Лукашэнка нават не разумее неабходнасьці такога наратыву.

Затрыманьні, Менск, 28 жніўня 2020
Затрыманьні, Менск, 28 жніўня 2020

12. Цана навядзеньня парадку сілавым спосабам ужо вельмі высокая і надалей расьце.

У супрацьстаяньні рэжыму з пратэстамі адбыўся дэфолт дзяржаўных функцыяў. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы перасталі выконваць свае абавязкі.

Фактычна разбураецца замежная палітыка Беларусі, краіна губляе сваю міжнародную субʼектнасьць.

Цалкам разбураная прававая сыстэма і інстытуты правасудзьдзя, без чаго немагчымае існаваньне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы.

У краіне пасьлядоўна руйнуюцца структуры бізнэсу, культуры (Купалаўскі тэатар), спорту, падазраваныя ў неляяльнасьці кіроўнаму рэжыму. Улады ахвяравалі міжнацыянальным мірам у краіне, пачаўся перасьлед польскай нацыянальнай меншасьці.

Такім чынам, дзяржава пазбаўляецца ад уласных функцыяў, пакідаючы толькі тыя, якія забясьпечваюць захаваньне ўлады, то бок карныя. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.

Вельмі паказальна, што многія прадстаўнікі сілавых структураў дзейнічаюць ананімна. Гэта значыць, яны не падобныя да людзей, што дзейнічаюць ад імя дзяржавы, якая валодае манаполіяй на гвалт. Гэтыя людзі больш нагадваюць нейкую прыватную вайсковую кампанію (кажучы расейскай моваю, ЧВК) Лукашэнкі.

Картэж Аляксандра Лукашэнкі едзе на інаўгурацыю, 23 верасьня 2020
Картэж Аляксандра Лукашэнкі едзе на інаўгурацыю, 23 верасьня 2020

13. Аляксандар Лукашэнка, які чвэрць стагодзьдзя быў гарантам стабільнасьці, цяпер, як гэта ні парадаксальна, стаў адным з асноўных фактараў дэстабілізацыі беларускага грамадзтва.

14. Дагэтуль Лукашэнка апэляваў да народу паўзьверх усіх дзяржаўных інстытутаў і намэнклятуры, і яго рэжым аднаасобнай улады трымаўся на народнай падтрымцы. Цяпер, калі грамадзкае падтрыманьне зьнікла, ён вымушаны спадзявацца на дзяржаўны апарат. Гэта азначае, што роля, палітычная вага намэнклятуры ўзрастае. Яна можа ператварыцца ў субʼект палітыкі. Пра гэта сьведчаць, напрыклад, крокі Лукашэнкі да падвышэньня ролі і паўнамоцтваў Савету бясьпекі.


15. Беларусь увайшла ў пэрыяд пэрманэнтнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які няможна вырашыць рамках існага палітычнага рэжыму. Мы атрымалі расколаты, траўмаваны соцыюм.

16. Перанасычэньне аўтарытарызмам лукашэнкаўскага тыпу прывяло да таго, што ківач грамадзкіх настрояў моцна хіснуўся ў іншы бок. За 27 гадоў кіраваньня Лукашэнкі ў краіне адбылася антыаўтарытарная вакцынацыя, выпрацаваліся «антыцелы» супраць дыктатуры, праўнай сваволі, патэрналісцкай дзяржавы. Беларусь дасьпела да паўнавартаснай рынкавай эканомікі і дэмакратыі лібэральнага тыпу. На парадку дня перазаснаваньне дзяржавы на новых прынцыпах.

Юры Дракахруст аб праекце «Неверагодны 2020-ы»

Падзеі 2020 году, як іх ні называй і чым ні лічы — рэвалюцыяй, паўстаньнем, забурэньнямі, мяцяжом, калектыўнай аблудай ці калектыўным прасьвятленьнем — былі вялікімі падзеямі беларускай гісторыі.

Магчыма, час для канчатковых ацэнак не прыйшоў. Але пэўны этап палітычнага працэсу скончыўся, скончыўся прыкладна на мяжы 2020 і 2021 гадоў, і натуральнай уяўляецца спроба асэнсаваць, зразумець гэты этап, адрэфлексаваць ня толькі і ня столькі палітычнае, колькі антрапалягічнае і нацыянальнае значэньне, вымярэньне «неверагоднага 2020-га».

Усе аўтары (жыхары Беларусі і замежжа, жанчыны і мужчыны, пісьменьнікі і палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі), даючы розныя адказы, зыходзяць усё ж з пастуляту, што леташнія падзеі былі найперш вынікам і этапам унутранага разьвіцьця беларускага грамадзтва.

Як укладальнік я прапанаваў аўтарам 7 пытаньняў наконт «неверагоднага 2020-га», але пазначыў, што выбар формы артыкулу — за імі. Яны маглі проста адказаць на прапанаваныя пытаньні. Іншыя альбо ўскосна адказвалі на тыя 7 пытаньняў, альбо выкладалі сваё бачаньне як адказы на свае пытаньні наконт леташніх падзеяў.

На мой погляд, самымі важнымі пытаньнямі, такімі, якія выклікалі найбольш гарачыя завочныя спрэчкі паміж аўтарамі, былі два — пра раскол грамадзтва і пра цану пратэсту.

  • 2020 год засьведчыў, што Беларусь — адзіная, адзіная супраць Лукашэнкі і яго касталомаў і прыслужнікаў, ці леташнія падзеі прадэманстравалі наяўнасьць дзьвюх Беларусяў зь вельмі адрознымі каштоўнасьцямі, інтарэсамі і памкненьнямі?
  • Тое, што адбылося ў 2020 годзе — ці варта яно было сьмерцяў, пакутаў, зьняволеньняў, зламаных лёсаў?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG