Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбыліся ператрусы ў офісах прынамсі 19 няўрадавых арганізацый. Больш за дзясятак пацьверджаных затрыманьняў па крымінальных справах. Сьпісы

абноўлена

Супрацоўнікі і валянтэры «Вясны». Архіўнае фота
Супрацоўнікі і валянтэры «Вясны». Архіўнае фота

Раніцай 14 ліпеня сілавікі прыйшлі зь ператрусам да праваабаронцаў і ў іншыя няўрадавыя арганізацыі. Вядома пра затрыманьне больш дзясятка чалавек.

Агулам ператрусы праходзілі як мінімум у 19 арганізацыях:

  1. Праваабарончы цэнтар «Вясна»;
  2. Праваабарончая арганізацыя Lawtrend;
  3. Беларускі Хэльсынскі камітэт;
  4. Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»;
  5. Дабрачынны праект «Имена»;
  6. Праваабарончая пляцоўка «Тэрыторыя правоў»;
  7. Праваабарончая арганізацыя «Гендэрныя пэрспэктывы»;
  8. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ);
  9. Саюз беларускіх пісьменьнікаў;
  10. Партыя БНФ;
  11. Рух «За свабоду»;
  12. Цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC;
  13. Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацый;
  14. ГА «Цэнтар „Трэці сэктар“» з Горадні;
  15. Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя»;
  16. Грамадзкае аб’яднаньне «Фонд імя Льва Сапегі».
  17. Адукацыйны цэнтар «ПОСТ».
  18. Менскі офіс сацыялягічнай лябараторыі Novak.
  19. Аб'яднаная грамадзянская партыя

Ператрусы ў праваабаронцаў «Вясны»

Ператрусы ў праваабаронцаў адбываюцца ў рамках распачатай крымінальнай справы №21128310008 па ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленьне ад выплаты падаткаў).

Пасьля ператрусаў затрыманыя сябры ПЦ «Вясна»:

  • Старшыня «Вясны» Алесь Бяляцкі. Тэлеграм-канал «Вясны» паведаміў, што крымінальную справу вядзе цэнтральны апарат Сьледчага камітэту. Пазьней стала вядома, што Бяляцкі затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы і заходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна.
  • сябра Рады арганізацыі, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч (затрыманы на 72 гадзіны),
  • Уладзімер Лабковіч і ягоная жонка Ніна Лабковіч (абое затрыманыя на 72 гадзіны ў рамках крымінальнай справы),
  • Сяргей Сыс (затрыманы на 72 гадзіны),
  • Віктар Сазонаў (Горадня, затрыманы на 72 гадзіны),
  • Алег Мацкевіч (Барысаў), увечары яго вызвалілі,
  • Алена Лапцёнак (затрыманая на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы),
  • Ігар Казьмерчак (Орша), пад вечар стала вядома, што яго адпусьцілі,
  • каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» Андрэй Палуда (затрыманы на 72 гадзіны),
  • а таксама праваабаронца Яўгенія Бабаева (затрыманая на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы).

Апрача праваабаронцаў затрыманыя:

  • Старшыня суполкі Беларускага свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах з Полацку (затрыманы на 72 гадзіны).
  • Сяргей Мацкевіч (Цэнтар Супольнасць, затрыманы на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы).
  • Жыхар Менска Аляксандар Харытон.
  • Актывісты Аляксандар Руткевіч і Арыша Каршунова. «Вясна» паведамляе, што іх затрымаў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі (вызвалілі позна ўвечары).
  • Алесь Міноў (адпушчаны, пад падпіскай аб невыдаваньні)
  • Яўгенія Субот (адпушчана, пад падпіскай аб невыдаваньні)

10 красавіка пра атаку на грамадзянскую супольнасьць Беларусі папярэджваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Ён заяўляў, што яе разгром стане адказам афіцыйнага Менску на заходнія санкцыі.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў гэтай сытуацыі».

Як перасьледвалі праваабаронцаў

Каля 7 гадзіны раніцы 14 ліпеня сілавікі прыйшлі з пастановай на ператрус да юрыста Праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімера Лабковіча. Пасьля амаль 8 гадзін ператрусу Ўладзімера і ягоную жонку Ніну павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт.

Падчас ператрусу дома ў намесьніка старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» ​Валянціна Стэфановіча сілавікі забралі тэхніку, а самога юрыста павялі з сабой, паведаміла яго жонка Аліна Стэфановіч. Ператрус скончыўся ў 10:30. Стэфановічавай сястры паведамілі, што яго павезьлі на допыт у СК і затрымліваюць на 72 гадзіны.

У 8:15 раніцы супрацоўнікі ДФР прыйшлі зь ператрусам да горадзенскага праваабаронцы Віктара Сазонава.

Зь ператрусам прыйшлі і да дырэктаркі Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend Вольгі Смалянкі. Яна паведаміла, што ператрус адбудзецца і ў офісе праваабарончай арганізацыі. Зьвяілася інфармацыя пра яе затрыманьне, але пазьней праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская паведаміла, што Вольга Самалянка дома.

Юрась Губарэвіч паведаміў, што прадстаўнікі Сьледчага камітэту прыйшлі ў менскі офіс руху «За свабоду», што на сталічнай вуліцы Кульман у адным зь бізнэс-цэнтраў. Ператрус скончыўся, Губарэвіч на волі. У ліку канфіскаванага — бел-чырвона-белыя сьцягі, у тым ліку з надпісам «Рух За Свабоду», буклеты пра арганізацыю, перадвыбарчая агітацыя, некалькі пасьведчаньняў сяброў арганізацыі.

Каля 10-й гадзіны стала вядома, што ў Менску затрымалі журналіста і праваабаронцу «Вясны» ​Сяргея Сыса. Зьнікла сувязь і з кіраўніком «Вясны» Алесем Бяляцкім, пра гэта Свабодзе паведамілі ягоныя калегі і жонка Натальля Пінчук.

У 7:30 раніцы прайшоў ператрус у праваабаронцы «Вясны» Алены Лапцёнак. У пастанове на ператрус значыліся: ч. 1 і 2 арт. 342 і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу. Алену павезьлі ў Сьледчы камітэт. Невядома, у якім яна статусе.

Ператрус таксама прайшоў у каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакараньня» Андрэя Палуды. Затым яго павезьлі для ператрусу ў прастору «Тэрыторыя правоў» ва Ўруччы. Таксама ў сталіцы затрымалі праваабаронцу Яўгенію Бабаеву. Яе павезьлі ў Сьледчы камітэт. Прыйшлі сілавікі і ў офіс праваабарончай арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы».

Больш за 2 гадзіны няма сувязі з кіраўніком мазырскай філіі «Вясны» Ўладзімерам Целепуном. У Барысаве затрымалі праваабаронцу Алега Мацкевіча, піша ex-press.by. Чацьвёра супрацоўнікаў ДФР павезьлі яго ў Сьледчы камітэт у Менск, правёўшы перад тым вобшук у доме ў вёсцы. Забралі тэхніку і грошы. Раней Мацкевіча ўжо некалькі разоў выклікалі ў Барысаўскі раённы аддзел СК.

Правялі ператрус і затрымалі праваабаронцу і былую актывістку «Вясны» Марыну Статкевіч. Таксама сілавікі прыйшлі да праваабаронцы «Вясны» са Смаргоні Аляксандра Дзергачова. У яго адбываецца вобшук.

Стала вядома, што 14 ліпеня таксама два вобшукі прайшлі ў былога сябры «Вясны» з Оршы Васіля Леўчанкава.

Ранейшы перасьлед «Вясны»

У сакавіку 2021 году па факце працы Праваабарончага цэнтру «Вясна» была заведзеная крымінальная справа. У праваабарончым цэнтры заявілі, што крымінальную справу пачалі паводле арт. 342 КК (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Паводле афіцыйных камэнтароў Сьледчага камітэту, «Вясна» нібыта аказвала фінансаваньне і іншую матэрыяльную падтрымку «незаконным масавым мерапрыемствам», якія «груба парушаюць грамадзкі парадак».

Раней пасьля аналягічных абвінавачаньняў арыштавалі праваабаронцаў і валянтэраў «Вясны» Марыю Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу, усіх іх прызналі палітвязьнямі.

Іншыя ператрусы і затрыманьні 14 ліпеня

  • У офісе лябараторыі Novak Андрэя Вардамацкага прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка. Прыходзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК, паведамілі чытачы Свабоды.
  • Праваабаронцы паведамілі пра ператрус ў старшыні праўлення адукацыйнага цэнтра «ПОСТ» Сафіі Емельянавай. У яе, акрамя кампутара і тэлефону, забралі зборнік апавяданняў «Жанчыны выходзяць з-пад кантролю». Арганізацыя працуе ў сфэры нефармальнай і грамадзянскай адукацыі.
  • Праваабаронцы таксама паведамілі ператрус у палітыка Анатоля Лябедзькі.
  • Паводле тэлеканалу «​Белсат», у Полацку затрымалі паэтку Леру Сом, у яе дома правялі ператрус, забралі тэхніку і павезьлі на допыт у Следчы камітэт у Віцебску. Па якой справе – пакуль невядома. Потым яе адпусьцілі.
  • У невядомым кірунку павезьлі галоўнага рэдактара Orsha.eu Ігара Казьмерчака. Увечары 14 ліпеня яго адпусьцілі. Казьмерчака ўжо затрымлівалі 8 ліпеня, тады ў яго дома адбыўся ператрус. Праз трое сутак журналіста тады выпусьцілі з ізалятара.
  • Кацярына Сінюк з праекту «Имена» паведаміла, што ў офісе зьявіліся нейкія людзі, якія назваліся супрацоўнікамі ДФР. Паводле інфармацыі на 14.45 у офісе прайшоў ператрус, на які не пусьцілі адваката. На месцы знаходзіліся дырэктар Кацярына Сяргеева і бухгальтар Тацяна Аднавол. Тацяна зараз дома, яна пад падпіскай пра неразгалошваньне. Офіс апячатаны. Увечары Кацярына Сінюк паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ператрус завяршыўся, з офісу забралі ўсе дакумэнты, а зь яе ўзялі падпіску пра неразгалошваньне.
  • Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што сілавікі выламалі дзьверы ў яе офіс. Сёлета на офіс БАЖ ужо прыходзілі зь ператрусам, гэта было 16 лютага, затым арганізацыі вярнулі сэйф і пячатку, разблякавалі рахунак.
  • Прайшоў ператрус на офісе Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».
  • Адбыўся ператрус і ў офісе Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Тэлефоны старшыні арганізацыі Барыса Пятровіча і сакратаркі Сюзанны Паўкштэла не адказвалі. Потым стала вядома, што офіс апячатаны, тэхніка канфіскаваная, а Пятровіч і Паўкштэла знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошваньні.
  • У Полацку прыйшлі да старшыні Беларускага Свабоднага прафсаюзу Міколу Шараха, ператрус праводзіцца ў рамках заведзенай 29 сакавіка крымінальнай справы па арт. 341 Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці». Каля 14-й гадзіны вобшук скончыўся, на ім забралі тэхніку. Далей міліцыя паехала зь Мікалаем у яго офіс установы Цэнтар інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя» для ператрусу. У выніку Шараха затрымалі на 72 гадзіны.
  • Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак паведаміў, што сілавікі прыбылі ў офіс БХК і ламаюць дзьверы там.
  • Ператрус праходзіў у берасьцейскага праваабаронцы Кірылы Кафанава з Human Constanta, паведамілі «Медиазоне» ў арганізацыі.
  • Вобшук адбыўся ў Тамары Мацкевіч (Таварыства беларускай школы) і Сяргея Мацкевіча (Цэнтар «Супольнасьць»). Пасьля гэтага Сяргея Мацкевіча затрымалі на 72 гадзіны.
  • Сілавікі прыйшлі ў цэнтар эканамічных дасьледаваньняў BEROC і ў сядзібу БНФ, піша тг-канал Антона Матолькі.
  • Вобшук праходзіў і ў эканаміста Яраслава Раманчука, ягоны цэнтар Мізеса быў нядаўна закрыты ўладамі. Таксама ператрус пачаўся ў Офісе эўрапейскай экспэртызы і камунікацый.
  • У горадзенскай грамадзкай арганізацыі «Трэці сэктар» праходзіць ператрус.
  • Пра ператрус паведамілі ў Фондзе імя Льва Сапегі, які займаецца разьвіцьцём гарадзкога самакіраваньня.
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што вобшук адбываецца ў кватэры актывісткі з Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Вольгі Беляўцовай.
  • Дырэктарка школы маладых мэнэджараў і публічнага адміністраваньня SYMPA Натальля Рабава паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што яе кватэра апячатаная.
  • Адбыўся ператрус у намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Віктара Янчурэвіча. Канфіскавалі тэхніку, сьцягі і паперы. Цяпер ён на волі.

Адпусьцілі бухгальтара «Сильных новостей»

Бухгальтарку гомельскага інтэрнэт-парталу «Сильные новости» Ганну Стрэльчанку вызвалілі пасьля допыту ў РАУС; падчас ператрусу ў яе канфіскавалі тэхніку, нататнікі і пячаткі, паведаміла БелаПАН рэдакцыя парталу. З бухгальтаркай не было сувязі 11 гадзін.

9 ліпеня прайшлі ператрусы і канфіскацыя кампутараў і тэлефонаў у іншых супрацоўнікаў «Сильных новостей». Стваральнік парталу Пятро Кузьняцоў сказаў, што агулам было 15 пастаноў на ператрус — на дзесяць супрацоўнікаў. Сьледчыя дзеяньні праходзілі ў работнікаў парталу як па месцы рэгістрацыі, так і жыхарства, а таксама на лецішчах і ў аўтамабілях, а падставай для ператрусу стала крымінальная справа аб масавых беспарадках, распачатая ў верасьні 2020 году ў дачыненьні да жыхароў Гомлю, сужэнцаў Сьняжковых. Сьледзтва выказала здагадку, што на носьбітах інфармацыі журналістаў можа быць інфармацыя, карысная для расьсьледаваньня.

Ператрусы прайшлі па адрасах пражываньня і рэгістрацыі Пятра Кузняцова, галоўнага рэдактара Ганны Якштас і яе мужа Дзяніса Якштаса, які таксама працуе ў «СН», у супрацоўнікаў парталу Юрыя Глушакова, Натальлі Суславай, Ірыны Вольскай, Паўла Кузьняцова, Яўгеніі Крашчук, Аляксея Атрошчанкі, Кацярыны Тэліман. Усе засталіся на волі, але ва ўсіх канфіскавалі тэхніку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG