Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 9 ліпеня: 1 год калёніі за зьнявагу Лукашэнкі, 3 гады «хатняй хіміі» за абразу сілавікоў

абноўлена

Клетка ў магілёўскім судзе. Ілюстрацыйнае фота.
Клетка ў магілёўскім судзе. Ілюстрацыйнае фота.

У Беларусі працягваецца крымінальны перасьлед грамадзян за выказваньне палітычнай пазыцыі і пратэсты супраць уладаў. Свабода сочыць за прысудамі і разглядам справаў у судах.

Яшчэ адзін вырак за абразу Лукашэнкі

38-гадовы Павал Гулідаў ноччу тэлефанаваў у міліцыю і рэзка выказваўся пра Лукашэнку. Даставалася і міліцыянту, які прымаў паведамленьне. Мужчыну прысудзілі 1 год калёніі агульнага рэжыму і 870 рублёў штрафу.

Гулідава ўзялі пад варту ў зале суду Ленінскага раёну Магілёва і будуць утрымліваць у турме нумар 4. Прысуд яму ўступіць у сілу праз 10 дзён, калі ён не абскардзіць. Яму далі 30 дзён на выплату штрафу.

Гулідава суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў вінаватым у «публічнай зьнявазе прэзыдэнта» (ч. 1 арт. 368 КК) і «незаконным продажы маёмасьці, прызнанай рэчавым доказам ды перададзенай на адказнае захоўваньне» (арт. 409 КК).

Абвінавачаньне ў зьнявазе прадстаўніка ўлады падчас выкананьня службовых абавязкаў (369 арт. КК) суд скасаваў, бо такая правіна болей не зьяўляецца злачыннай і за яе няма крымінальнай адказнасьці.

Крымінальную справу разглядала судзьдзя Натальля Панасенка. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляў памочнік пракурора гораду Раман Парфёнаў.

Згодна з абвінавачваньнем, Гулідаў у студзені 2021 году, быўшы п’яным, двойчы тэлефанаваў на спэцыяльны нумар 102 і з ужываньнем ненарматыўнай лексыкі публічна прыніжаў гонар і годнасьць Лукашэнкі. Зьняважлівымі словамі падсудны, адзначана ў абвінавачаньні, выказваў нэгатыўную ацэнку дзейнасьці асобы Лукашэнкі, а ягоныя фразы «зьмяшчалі лжывыя думкі, прымітыўныя пажаданьні … ды былі накіраваныя на падрыў аўтарытэта кіраўніка дзяржавы і фармаваньня яго нэгатыўнага вобразу».

Апрача таго, пакуль вялося сьледзтва, Гулідаў прадаў мабільны тэлефон, зь якога званіў у міліцыю. Ён быў прызнаны рэчавым доказам і сьледчым пакінуты абвінавачанаму пад пісьмовы абавязак захоўваць яго.

Сваю віну Гулідаў прызнаў цалкам, а свае дзеяньні патлумачыў тым, што быў нападпітку і не асэнсоўваў, што рабіў. Аб учыненым даведаўся ад участковага міліцыянта, які прыйшоў яго апытваць. У судзе настойваў, што супраць палітыкі Лукашэнкі ня мае нічога супраць і яго ў Беларусі ўсё задавальняе. У пратаколе допыту адзначана, што ён тэлефанаваў у міліцыю, каб выказаць пратэст. Свой учынак падсудны назваў дурнотаю і сьцьвярджаў, што мэты зьняважыць некага ня меў. У пратэставых акцыях 2020 году ён не ўдзельнічаў, але чуў пра іх.

Прысуд мадэратару чату «Жодино для жизни»

Вынесены прысуд палітзьняволенай мадэратарцы чату «Жодино для жизни» Лідзіі Коршун. Жанчыну абвінавачвалі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак» і «абразе прадстаўніка ўлады».

Нібыта Коршун каардынавала «дваровы пратэставы рух у горадзе, заклікала да актыўных дзеяньняў, пры гэтым сама заўсёды заставалася дома», а таксама «публікавала абразы ў адрас міліцыянтаў у чаце групы „Карнікі“».

Судзьдзя Іван Грынкевіч палічыў віну жанчыны даказанай і прысудзіў ёй 3 гады «хатняй хіміі».

Мастака Данілу Ганчарова асудзілі на 2 гады калёніі

Ён не прызнаў віны і адмовіўся ад паказаньняў у судзе. Судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Дзьмітры Карсюк вынес прысуд, не зважаючы на выяўленыя памылкі сьледзтва і слабыя доказы таго, што Даніла парушаў грамадзкі парадак.

Даніла Ганчароў — мастак па сьвятле, раней яго звольнілі з Новага драматычнага тэатру за ўдзел у страйку.

«Хімія» за абразу прадстаўніка ўлады

У судзе Першамайскага раёну Віцебску на 1,5 года «хіміі» асудзілі Аляксандра Мацьвеева, абвінавачанага паводле арт. 369. КК.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у «публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ёй службовых абавязкаў». Судзьдзя Натальля Карабліна цалкам задаволіла патрабаваньне пракуратуры, даўшы Мацьвееву тэрмін, які быў запрошаны.

У суполцы «Типичный Витебск» у Instagram ён напісаў «крытычны камэнтар з эмацыйнай афарбоўкай і ўжываньнем неўнармаванай лексікі адносна дзеяньняў старшага сяржанта ППС Віталя Шнявіна».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG