Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 8 ліпеня: штраф за белыя аркушы, 1,5 года «хатняй хіміі» за абразу намесьніка міністра


Абражаны Генадзь Казакевіч

У Беларусі працягваецца крымінальны перасьлед грамадзян за выказваньне палітычнай пазыцыі і пратэсты супраць уладаў. Свабода сочыць за прысудамі і разглядам справаў у судах.

1450 рублёў за белы аркуш паперы на акне 12 паверха

Суд Савецкага раёну Менску 8 ліпеня разглядаў справу 36-гадовай Анастасіі Емяльянавай. Пратакол паводле арт. 24.23 КаАП на яе склалі яшчэ 15 чэрвеня.

Тады да жанчыны прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, канфіскавалі ўпрыгожаньні і прапанавалі праехаць зь імі ў Савецкае РУУС. Пасьля складаньня пратаколу зноў адвезьлі дадому, дзе забралі яшчэ і аркушы паперы.

Абвінавацілі Анастасію ў «пікетаваньні шляхам разьмяшчэньня на акне 12 паверха белага аркуша паперы». Жанчына сьцьвярджае, што ён не вісеў ужо 9 траўня, калі яго ўбачылі супрацоўнікі міліцыі. Белыя аркушы яна разьмяшчае, каб вывучыць ангельскую мову — піша пераклад слоў, каб хутчэй іх запомніць. Яна працуе дома, бо трэба сядзець зь дзіцем. Паколькі стол з кампутарам стаіць на бальконе, там і вешае пераклад на паперы, каб глядзець у перапынку паміж працай.

Судзьдзя Савецкага раёну Аляксандар Воўк падчас суду прачытаў усе словы на тых аркушах паперы, але палічыў віну цалкам даказанай і аштрафаваў жанчыну на 1450 рублёў (50 базавых велічыняў).

Намесьнік міністра ўнутраных спраў засудзіў жанчыну

У судзе Менскага раёну 8 ліпеня агучылі прысуд у крымінальнай справе супраць жыхаркі Ждановічаў Алены Новікавай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле артыкула 369 КК, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Справу разглядала судзьдзя Анжаліка Казлова, дзяржабвінаваўца — памочніца пракурора Крысьціна Касінская.

Згодна з матэрыяламі сьледзтва, 5 сакавіка Алена Новікава ў тэлеграм-канале «Типичная Беларусь» пакінула зьняважлівы камэнтар пад матэрыялам пра намесьніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча. Там быў зьмешчаны артыкул пра мітынгі, дзе міліцэйскі чыноўнік назваў пратэстоўцаў наркаманамі, алькаголікамі, дармаедамі.

Жанчыну затрымалі 27 красавіка і праз тры дні адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

«Новікава спрабавала сваім камэнтаром перашкодзіць мне выконваць абавязкі», — напісаў Казакевіч у заяве, папрасіўшы суд разгледзець справу ў яго адсутнасьць. Таксама заявіў кампэнсацыю маральнай шкоды на 1000 рублёў.

У справе — вынікі экспэртызы, у якой зроблены агляд усіх допісаў да артыкулу. Выснова: у камэнтары Новікавай дадзена нэгатыўная ацэнка Казакевіча, у тым ліку слова «сука».

У выніку судзьдзя вынесла прысуд: адзін год і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу з абавязковым працаўладкаваньнем. Тэлефон канфіскаваны як сродак ажыцьцяўленьня злачынства.

Таксама задаволены матэрыяльны пазоў у памеры 1000 рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG