Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога палітвязьня Паўла Вінаградава арыштавалі на 15 сутак


Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

Суд Бярэзанскага раёну Менскай вобласьці на выязным пасяджэньні ў Бярэзінскім РАУС 7 ліпеня пастанавіў арыштаваць былога палітвязьня Паўла Вінаградава на 15 сутак, паведаміла БелаПАН яго жонка Сьвятлана Вінаградава.

Паводле яе, Вінаградава прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 24.23 КаАП (заклік да масавага мерапрыемства з парушэньнем парадку яго арганізацыі або правядзеньня) за пост у Фэйсбуку.

Сьвятлана Вінаградава таксама паведаміла, што ў РАУС ёй расказалі пра новае вядзеньне па ч. 1 арт. 24.23 КаАП у сувязі з канфіскаванай таблічкай з нумарам дома ў бел-чырвона-белых тонах.

«Таблічку адправілі на экспэртызу. Калі экспэрт угледзіць парушэньне, то гэта будзе расцэнена як адзіночны пікет, калі ня ўгледзіць — то не», — сказала яна.

Увечары 5 ліпеня блогер і аўтар перадачы «Гэта ж Вінаград!» на тэлеканале «Белсат» Павал Вінаградаў, які жыве ў Бярэзані, напісаў у Фэйсбуку, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для «агляду памяшканьня».

Пазьней родныя Паўла паведамілі пра яго затрыманьне. «Затрыманы за пост у ФБ ад 8 траўня. Там, на думку міліцыі, утрымліваецца заклік да выхаду на акцыю. Заўтра суд, канфіскавалі тэхніку, налепку „Пагоня“, якую нейкія злыдні павесілі на нашу паштовую скрыню, і таблічку з нумарам дома ў БЧБ-тонах», — напісала ў Фэйсбуку яго жонка.

  • Вінаградава арыштавалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і асудзілі на чатыры гады пазбаўленьня волі, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 14 верасьня 2011 году ён выйшаў на волю на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні, за ім быў устаноўлены прэвэнтыўны нагляд на тры з паловай гады. Некалькі гадоў таму Вінаградаў пераехаў зь Менску ў Бярэзань, дзе жыве з жонкай і малым дзіцем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG