Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацелася б пабачыць доказы». На працэсе ў «справе студэнтаў» дапыталі ўсіх 12 абвінавачаных


Падсудныя ў крымінальнай справе супраць студэнтаў і выкладчыкаў
Падсудныя ў крымінальнай справе супраць студэнтаў і выкладчыкаў

7 ліпеня пасьля пяці дзён перапынку аднавіўся працэс у «справе студэнтаў», які праходзіць у Савецкім раённым судзе Менску зь сярэдзіны траўня.

На апошнім паседжаньні выдалілі больш за 20 наведнікаў, якія, паводле суду, парушылі парадак слуханьняў. Тады ў залі суду людзі сустрэлі воплескамі словы падсуднай Тацяны Якельчык пра тое, што яна «выступае за мірную і квітнеючую Беларусь».

7 ліпеня на працэс прыйшло ўдвая больш наведнікаў. У тым ліку назіраць за разглядам «справы студэнтаў» пажадалі два замежныя дыпляматы.

Суд адразу перайшоў да допыту студэнткі БДУ Ксеніі Сырамалот.

Дзяўчына не прызнала віны і адмовілася адказваць на пытаньні, але падрабязна расказала пра тое, як ставіцца да абвінавачаньня ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Адразу Ксенія зазначыла, што з 11 падсудных ведала да затрыманьня толькі дваіх, таму, на яе думку, пра ўдзел у змове няма гаворкі. Пра навіны ў студэнцкім асяродку Ксенія даведвалася з чатаў, яе хвалявалі пытаньні бясьпекі студэнтаў і тое, што супраць мірных пратэстоўцаў ужывалі гвалт. «Пра гэта і была перапіска ў чатах», — заўважыла падсудная. Свой намер дапамагаць адлічаным студэнтам яна патлумачыла звычайнай чалавечай спагадай.

Ксенія Сырамалот зьняпраўдзіла зьвесткі сьледзтва, што яна нібыта брала ўдзел у студэнцкім страйку 26 кастрычніка.

«Ні на адным фота мяне няма, я нічога не арганізоўвала і нічога не камэнтавала. Увогуле ніякіх пастоў у чатах пра гэтую падзею не разьмяшчала», — сказала падсудная Сырамалот.

Ксенія прызнала, што толькі адзін раз брала ўдзел у сустрэчы студэнтаў, якую некаторыя называюць акцыяй. Гэта было 6 кастрычніка, у дворыку ўнівэрсытэту студэнты сустрэліся, пілі гарбату. «Мы стаялі, размаўлялі, дзяліліся навінамі. Сымболікі не было. Гэта быў звычайны збор студэнтаў, як на вялікім перапынку», — кажа Сырамалот. Паводле Ксеніі, яе фота на гэтай сустрэчы — адзіны доказ таго, што яна ўдзельнічала хоць у якой акцыі. Але сама яна тую сустрэчу акцыяй ня лічыць.

Ксенія Сырамалот не адмаўляе, што брала ўдзел у відэаканфэрэнцыях, на якіх абмяркоўвалі розныя пытаньні студэнцкага жыцьця. Паводле сьледзтва, на гэтых канфэрэнцыях рыхтаваліся масавыя акцыі, але Ксенія Сырамалот гэта абвяргае. Паводле дзяўчыны, на першай канфэрэнцыі «гаварылі пра навучаньне за мяжой, нічога пра арганізацыю акцыі там не было». На другой канфэрэнцыі сапраўды абмяркоўвалі падзеі ў БДУ і акцыі студэнтаў, але яна асабіста нікога да акцый не заклікала, а толькі давала ім ацэнку: што «шмат студэнтаў БДУ ад акцый стаміліся», а таксама, «што пратэсты не павінны парушаць грамадзкі парадак».

Паводле Ксеніі Сырамалот, яна не абмяркоўвала ў чаце «БДУ-97» пытаньняў страйку студэнтаў. «А да іншых чатаў, згаданых у справе, наагул ня маю дачыненьня, ніколі ў іх ня ўдзельнічала і не адміністравала», — заявіла Сырамалот. Паводле Ксеніі, сьледзтва яе вінаваціць у адміністраваньні чату, які распаўсюджваў інфармацыю пра студэнцкія акцыі. «Хацелася б бачыць доказы. Хто гэтак гаворыць? Бо я настойваю, што гэта няпраўда», — заявіла суду Ксенія Сырамалот.

Ксенія Сырамалот зьнялася ў відэазвароце студэнтаў і выкладчыкаў БДУ супраць гвалту. Ад словаў, агучаных на запісе, яна не адмаўляецца. «Вывучэньне гуманітарных навук, чым я займалася, немагчымае без дыскусій і выказваньня асабістых думак», — сказала студэнтка.

Паводле Ксеніі, аднойчы яна разьмясьціла ў чаце абвестку пра тое, што шукае працу адміністратара, і ня лічыць гэта парушэньнем закону.

«За вольную і мірную Беларусь»

Пасьля паказаньні суду дала студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ Вікторыя Гранкоўская.

Вікторыя нагадала, як у жніўні-верасьні 2020 году студэнты абурыліся гвалтам з боку сілавікоў і спрабавалі наладзіць дыялёг з рэктарам БНТУ. Вікторыя зьбірала подпісы пад зваротам да адміністрацыі ВНУ, каб студэнтам дазволілі праводзіць акцыі ў час, калі няма заняткаў. Яна асабіста сабрала больш за 100 подпісаў, але неўзабаве яе затрымалі і асудзілі на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Яна адбыла арышт, але не была адлічаная, атрымала вымову і працягвала вучыцца.

25 кастрычніка яе і яшчэ 10 студэнтаў запрашалі на сустрэчу ў рэктарат БНТУ. Пасьля той сустрэчы, успамінае Вікторыя, да яе прэтэнзій ніхто не выказваў. У акцыі 26 кастрычніка Вікторыя ўдзелу ня брала. У той дзень было вольнае наведваньне, яна прыехала ў ВНУ на кансультацыю і ўбачыла каля галоўнага ўваходу групу студэнтаў, але ў акцыі ўдзелу ня брала.

27 кастрычніка яе выклікалі ў рэктарат і азнаёмілі з загадам аб адлічэньні. Дзяўчына гэтым абураная: «Я добра вучылася і мела 100% наведвальнасьць, атрымлівала павышаную стыпэндыю». Паводле Гранкоўскай, пасьля адлічэньня яна ва ўнівэрсытэце не была. «Нікога да страйку не заклікала», — сказала суду Вікторыя Гранкоўская. Таксама яна адхіліла абвінавачаньне ў распальваньні палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, бо выступае за вольную і мірную Беларусь.

«Я ўсяго толькі займала актыўную грамадзянскую пазыцыю», — сказала ў канцы выступу Вікторыя Гранкоўская.

Кіраўніка сьледчых у суд не пазавуць

Абаронцы падсудных заявілі апошнія хадайніцтвы.

Абаронца Аланы Гебрэмарыям хадайнічала аб далучэньні да матэрыялаў справы грамат і дыплёмаў, атрыманых дзяўчынай як вучаніцай гімназіі і студэнткай БДМУ. Алана Гебрэмарыям закончыла гімназію з залатым мэдалём, у мэдунівэрсытэце была старастай групы, ня толькі вучылася, але і займалася навуковай дзейнасьцю — мае тры навуковыя працы і шэраг перамог у навуковых конкурсах. Суд пастанавіў далучыць гэтыя матэрыялы. Таксама суд далучыў матэрыялы, якія характарызуюць на падсуднага Ягора Канецкага.

Вольга Філатчанкава хадайнічала аб тым, каб яе сыну вярнулі ноўтбук, які забралі падчас вобшуку. Паводле падсуднай, сьледзтва высьветліла, што гэты ноўтбук ня мае дачыненьня да справы, яго абяцалі вярнуць, але так і не вярнулі. Судзьдзя Фёдарава сказала, што гэтае хадайніцтва разгледзяць падчас вынясеньня прысуду.

Таксама суд адхіліў хадайніцтва падсуднага Ільлі Трахтэнберга, які прасіў дапытаць у судзе кіраўніка сьледчай групы.

У працэсе абвешчаны перапынак да 9 ліпеня, калі пачнуцца судовыя спрэчкі.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG