Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Студэнтаў забіраюць проста з заняткаў, выкладчыкаў звальняюць». На судзе над студэнтамі гучыць іх перапіска


У Савецкім раённым судзе працягваецца працэс па «справе студэнтаў», на якім 12 чалавек вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў у менскіх ВНУ восеньню 2020 году.

Сьведак апыталі. Ужо некалькі дзён, як суд вывучае матэрыялы справы. 22 чэрвеня пракуроры пачалі зачытваць матэрыялы 19-га тома справы і за дзень дабраліся да 25-га. Паводле прадстаўніка абвінавачваньня, усяго ў справе 36 тамоў. У судовай залі назіраюць за працэсам больш за 30 чалавек. У асноўным гэта сваякі і сябры падсудных. Сёньня паназіраць за працэсам прыходзілі і замежныя дыпляматы. З пачутых матэрыялаў яны маглі скласьці ўражаньне пра тое, што падштурхнула падсудных да пратэстаў, пра іх намеры і магчымасьці.

«Мы, студэнты БДПУ, ня хочам заставацца ўбаку»

Першымі 22 чэрвеня вывучаліся матэрыялы, сабраныя адносна падсуднай Яны Арабейкі, студэнткі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Вывучаўся яе мабільны тэлефон. Увагу сьледчых у тэлефоне дзяўчыны прыцягнуў канал «Студэнцкая ініцыятыўная група», там на адным з фота нібыта зьнятая Яна Арабейка. Але з гэтым доказам ня згодны адвакат студэнткі. Ён заўважае, што такое ж фота ўжо ёсьць у справе з прозьвішчамі іншых студэнтаў.

Таксама агледжаны канал «Салідарнасьць БДПУ», паведамленьне за 14 жніўня, якое, меркавана, належыць падсуднай Яне Арабейцы. «Мы, студэнты БДПУ, ня хочам заставацца ўбаку», — піша Яна. Далей ідуць запісы пра важнасьць страйкаў рабочых і шахтароў.

За 8 верасьня фігуруе паведамленьне ініцыятывы «Честные люди» і фота ініцыятыўнай групы. Пракурор: «Устаноўлена зьнешняе падабенства асобы на фота з Арабейкай».

19 кастрычніка ў групе «Салідарнасьць БДПУ» Яна піша пра ціск на студэнтаў БДПУ.

«Рэчы, якія пужаюць: студэнтаў забіраюць проста з заняткаў, выкладчыкаў звальняюць». У паведамленьні — папярэджаньне, што імя рэктара БДПУ трапіць у санкцыйны сьпіс. Таксама зьявіліся зьвесткі пра падрыхтоўку страйку студэнтаў.

Запіс Яны Арабейкі: «Няма сэнсу атрымліваць вышэйшую адукацыю і заводзіць сям’ю ў краіне, дзе не паважаюць правы чалавека».

Цытуецца зварот дзяўчыны да студэнтаў: «Калі на вас чыняць ціск, пішыце сюды».

12 лістапада Яну Арабейку затрымалі супрацоўнікі КДБ, у яе прайшоў вобшук. У студэнткі забралі кампутарную тэхніку і тэлефон. Неўзабаве ёй выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі пратэстаў.

Адвакат Яны Арабейкі заўважыла суду, што ў пратаколах агляду матэрыялаў з кампутара студэнткі не пазначаны час стварэньня файлаў. Паводле абаронцы, Яна Арабейка скардзілася на гэтую хібу ў пракуратуру, але безвынікова. Абаронца лічыць, што такія файлы нельга лічыць рэчавымі доказамі ў справе.

Яна рэгулярна праглядала старонкі Тut.by, «Нашу Ніву» і Радыё Свабода.

Фігуруе перапіска з чалавекам па імені Раман Грыгор’еў. Словы пракурора: «Выказваньні чалавека па прозьвішчы Лукашэнка» выклікалі нягучны сьмех у залі.

Праслухоўваньне Яніных тэлефонаў утрымлівае 9 файлаў. Абаронца зьвяртае ўвагу на памылкі ў афармленьні пратаколаў, кажа, што ёсьць сумненьні ў аб’ектыўнасьці матэрыялаў.

«Не змагу забыць гэты жнівень»

Пасьля Яны Арабейкі суд агледзеў матэрыялы, якія тычацца Марыі Каленік, былой студэнткі Акадэміі мастацтваў.

Згадваліся відэазапісы з пратэстаў на тэрыторыі Акадэміі, на якіх фігуруе «дзяўчына ў цёмнай куртцы і мэдычнай масцы». Сьледзтва мяркуе, што гэта Марыя Каленік.

Таксама згадваўся фатаздымак, на якім зьнятая група з 45 студэнтаў з плякатамі ў руках. Адзін з плякатаў у руках у Марыі Каленік (апісаньне адзежы супадае зь відэа).

Тэлефонныя размовы Марыі Каленік таксама старанна праслухоўваліся. Выключэньне не рабілася і для прыватных размоваў.

Пракурор зачытвае адну з размоваў Марыі Каленік і, не саромеючыся, на поўны голас прамаўляе матнае слова зь яе выказваньня. Ажыўленьне, ціхі сьмех у залі і на лаве падсудных. Людзі пераглядаюцца. Марыя таксама ўсьміхаецца, але захоўвае спакой.

Гучаць іншыя размовы Марыі Каленік. Дзяўчына кажа суразмоўцу, што яе выклікаюць у дэканат, і паведамляе, што потым у яе заплянаваная акцыя.

12 лістапада — пратакол затрыманьня Марыі Каленік. На допытах Марыя прызнала, што была адміністратарам чату, належала да «Студэнцкай ініцыятыўнай групы», удзельнічала ў відэаканфэрэнцыі пра навучаньне за мяжой. Таксама прызнала, што заклікала да ўдзелу ў акцыях пратэсту і тым самым парушала «нармальнае функцыянаваньне навучальнай установы».

У дзяўчыны забралі самаробны плякат з тэкстам «Я не змагу забыць гэты жнівень». Паводле матэрыялаў справы, Марыя ўсьведамляла, што плякат можа быць выкарыстаны як доказ яе віны.

Вяртаюцца да тэлефонных размоваў. «Нам казалі, што мы адлічаныя, але загаду не было», — заўважае Марыя ў адной размове. Потым разважае пра тое, чаму актыўнасьць студэнтаў Акадэміі падае. Адна з прычын, паводле Марыі, — тое, што студэнты ня хочуць, каб звольнілі рэктара і замянілі на больш ляяльнага ўладам, як адбылося ва Ўнівэрсытэце культуры.

Яшчэ Марыя абмяркоўвала ў размовах пытаньні самакіраваньня ў ВНУ, стварэньне незалежнага прафсаюзу студэнтаў, магчымасьці студэнтаў кантраляваць адлічэньні.

«Нас яшчэ ня так шмат, але і не адзінкі», — прызнае Марыя і дадае: «Каб была масавасьць, яе трэба спачатку падштурхнуць».

Марыя ўдзельнічала ў відэаканфэрэнцыі, на якой абмяркоўвалі, як вучыцца дыстанцыйна. Таксама абмяркоўвалі выхад студэнтаў з БРСМ, але Марыя заўважае, што гэтая тэма для Акадэміі ня вельмі актуальная, бо сяброў БРСМ у іх мала. Пра сябе Марыя адзначае, што цяпер ведае значна больш студэнтаў Акадэміі. Прызнавала, што ўдзельнічала ў акцыях студэнтаў БДУ і рабіла плякат у падтрымку звольненай выкладчыцы.

Цытуюцца запісы ў ТГ-канал, якія, паводле сьледзтва, зрабіла Марыя Каленік: «Прыйшоў час аб’яднацца». «Ні ў якім разе не вяртайцеся ў аўдыторыю». «Працягваем сядзячы страйк» (падаюцца месца і час).

Адвакат Каленік робіць заўвагу на словы пракурора пра тое, што Марыя зьмяшчала заклікі да акцый пратэсту.

«Гэтыя заклікі пазначаныя 17 лістапада, а мая падабаронная была затрыманая 12 лістапада», — заўважыў абаронца.

Налічылі каля ста адлічаных студэнтаў

Наступнымі гучаць матэрыялы справы пра Тацяну Якельчык, студэнтку БДУ. У тым ліку гучаць зьвесткі пра падрыхтоўку страйку на мэхмаце БДУ і пра тое, што адбывалася на факультэце 26 кастрычніка, калі праходзіла спроба ўсеагульнага страйку. Паводле матэрыялаў, сабраных сьледчымі, Тацяна Якельчык зьмяшчала зьвесткі аб затрыманьнях студэнтаў, навіны пра акцыі і паведамленьні пра чаяваньні.

Пракурор агучыў перапіску Тацяны Якельчык з падсудным студэнтам БДУ Ільлём Трахтэнбэргам. Маладыя людзі абмяркоўвалі затрыманьні студэнтаў, яны падлічылі, што ў менскіх ВНУ на той момант было ўжо ня меней за 100 адлічаных студэнтаў.

Цытуецца паведамленьне ў чаце ад 26 кастрычніка: «Страйку быць» і названы паверх і дакладнае месца, дзе зьбірацца.

«Для сябе я даўно вызначыў, чым буду займацца ў вязьніцы»

Пасьля перапынку на абед пачалі з матэрыялаў справы адносна студэнта БДУ Ільлі Трахтэнбэрга. Неўзабаве судзьдзя Фёдарава зрабіла падсуднаму заўвагу за ягоныя прэтэнзіі на адрас пракурора. Спрэчка паміж імі ўзьнікла пасьля таго, як Ільля абурыўся выбарачнасьцю зачытаных пра яго матэрыялаў. Ільля мяркуе, што ягоныя выказваньні «вырываюць з кантэксту размоваў», і патрабуе, каб альбо зачытвалі дыялёгі цалкам, альбо нічога. Судзьдзя на гэта запярэчыла, што раней нібыта ва ўсіх падсудных пыталіся, як зачытваць матэрыялы. Ільля Трахтэнбэрг на гэта адказаў, што такога пытаньня ня чуў і што настойвае на сваім патрабаваньні.

Пракурор згадвае зварот студэнтаў супраць гвалту, у якім браў удзел Ільля Трахтэнбэрг. У звароце кожны з удзельнікаў вымаўляе па адным сказе, а ў канцы гучыць заклік вызваліць усіх палітычных вязьняў. Ільля Трахтэнбэрг сьцьвярджае, што да затрыманьня ня быў знаёмы зь фігурантамі гэтай жа справы Ксеніяй Сырамалот, Марыяй Каленік і Аланай Гебрэмарыям.

Потым пракурор агучвае запісы Ільлі, зробленыя падчас абмеркаваньня студэнцкіх пратэстаў. Паводле гэтых запісаў, Трахтэнбэрг прапаноўваў рыхтавацца ў тым ліку да затрыманьняў і казаў, што «даўно вызначыў, чым будзе займацца ў вязьніцы». Сэнс некаторых размоваў застаецца незразумелы. Падсудны Ільля Трахтэнбэрг паўтарае сваё патрабаваньне зачытваць дыялёгі цалкам, і пракурор далей мусіць прытрымлівацца гэтага правіла.

Клетка, але шкляная. Непадалёк кандыцыянэр

А ў якіх умовах былі сёньня падсудныя, калі ўдзень слупок тэрмомэтра пераадолеў адзнаку плюс 30?

Нагадаем, працэс цяпер адбываецца ў новым будынку суду на вуліцы Францыска Скарыны. Судовая заля тут значна большая, чым у Доме правасудзьдзя, і «клетка» для падсудных выглядае інакш. Але гэта па-ранейшаму менавіта клетка. Тры сьцяны вакол падсудных са шкляных панэляў, а столь — краты. Непадалёк пад стольлю працуе кандыцыянэр, у залі — прахалода. 12 фігурантаў «справы студэнтаў» сядзяць па 4 чалавекі на трох лаўках, паміж імі адлегласьць у палову мэтра. Яшчэ пра пандэмію каранавірусу нагадваюць мэдычныя маскі на тварах падсудных, але некаторыя ці здымаюць іх зусім, ці апускаюць на шыю. Затое гэта дазваляе шырока ўсьміхацца ў напрамку залі, дзе кожны позірк падсудных ловяць бацькі, сваякі ці сябры. Усе 12 падсудных выглядаюць годна.

Кожны судовы дзень пачынаецца з актыўных кантактаў падсудных з адвакатамі каля «клеткі». На гэта ідзе 10–15 хвілін.

Маці аднаго з падсудных хлопцаў патлумачыла: «Цяпер сын ня піша, дый навошта? Праз адваката ўсё паведамляем яму, а ён нам. Бледны, але кажа, што сілы ёсьць, хоць ведаем, што за дзень усё ж стамляецца. Бо раньні пад’ём, пераезд, чаканьне, потым пакуль адвязуць у СІЗА на вячэру. Мы больш за яго перажываем, чым ён сам», — сказала маці фігуранта «справы студэнтаў».

23 чэрвеня працэс адновіцца. Засталося вывучыць яшчэ прыкладна 10 тамоў справы, потым — допыт абвінавачаных.

Што вядома пра фігурантаў «студэнцкай справы»

Анастасія Булыбенка

Былая студэнтка машынабудаўнічага факультэту БНТУ. Затрымалі 12 лістапада 2020 году, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Вікторыя Гранкоўская

Былая студэнтка архітэктурнага факультэту БНТУ. Вікторыя страціла бацькоў у вельмі малым узросьце. Яе і старэйшага брата гадавала бабуля. Скончыла Горадзенскі каледж мастацтваў, працавала ў школе мастацтваў у Дзятлаве. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 24 гады.

Алана Гебрэмарыям

Выпускніца Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту. Як актывістка «Моладзевага блёку» брала ўдзел у выбарчай кампаніі 2019 году ў Палату прадстаўнікоў. Летась Алана стала сябрам Каардынацыйнай рады. Сьвятлана Ціханоўская прызначыла яе сваёй прадстаўніцай у справах моладзі. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 24 гады.

Глеб Фіцнер

Студэнт чацьвёртага курсу Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту. Скончыў прэстыжную лінгвістычную гімназію-каледж № 24, цікавіцца эканомікай і фінансамі. Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 22 гады.

Тацяна Якельчык

Студэнтка 2-га курсу мэхмату БДУ, займаецца паўэрліфтынгам і спартовымі танцамі. Затрымалі супрацоўнікі КДБ 27 лістапада летась.

Ягор Канецкі

Студэнт біялягічнага факультэту БДУ, сябра «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», актывіст «Вольнага прафсаюзу». Ягор — выпускнік хіміка-біялягічнага профілю Менскага дзяржаўнага абласнога ліцэю, актывіст Вольнага прафсаюзу БДУ. Быў затрыманы летась 12 лістапада, з таго часу ўтрымліваецца пад вартай. 21 год.

Яна Арабейка

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, актывістка, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 20 гадоў.

Ксенія Сырамалот

Студэнтка факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ, прэс-сакратарка «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў», валянтэрка праваабарончага цэнтру «Вясна». Затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу знаходзіцца пад вартай. 21 год.

Кася Будзько

Студэнтка 3-га курсу факультэту эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, прыхільніца «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў». Мастачка, ілюстратарка. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 19 гадоў.

Ільля Трахтэнберг

Былы студэнт матэматычнага факультэту БДУ. Ільлю адлічылі з другога курсу летась у канцы кастрычніка, хоць ён атрымліваў павышаную стыпэндыю, і ўручылі позву ў ваенкамат. Прадзед Ільлі — знакаміты савецкі архітэктар Навум Трахтэнберг, паводле праекту якога была ўзноўленая цэнтральная частка Менску. Ільлю затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу ён пад вартай. 19 гадоў.

Марыя Каленік

Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вывучае экспазыцыйны дызайн. Была затрыманая летась 12 лістапада, з таго часу пад вартай. 22 гады.

Вольга Філатчанкава

Выкладчыца БДУІР, удзельнічала ў страйку супрацоўнікаў унівэрсытэту і была адной з удзельніц відэазвароту да беларусаў супраць гвалту. На прэзыдэнцкіх выбарах 2020-га была незалежнай назіральніцай. Вользе 42 гады. Яна адна выхоўвае 7-гадовую дачку. Яе старэйшаму сыну 18 гадоў, ён студэнт. Яе затрымалі летась 12 лістапада, з таго часу Вольга знаходзіцца пад вартай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG