Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён не баіцца быць сьмешным». Калегі Аляксандра Івуліна расказваюць пра арыштаванага журналіста


Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

Пасьля месяца адміністрацыйнага арышту аўтар самага папулярнага відэаблогу пра беларускі футбол застаўся за кратамі. Яму пагражае крымінальны артыкул.

Журналіст «Трибуны» і аўтар ютуб-каналу «ЧестнОК» Аляксандар Івулін мусіў вызваліцца ў суботу 3 ліпеня пасьля 30 сутак на Акрэсьціна. Паводле афіцыйнай вэрсіі, туды ён трапіў за вывешаны на бальконе бела-чырвона-белы сьцяг. За дзень да вызваленьня Івуліна стала вядома, што на свабоду ён ня выйдзе, журналісту пагражае ўжо крымінальны артыкул. Дырэктар «Трибуны» Максім Беразінскі і галоўны рэдактар выданьня Алег Гаруновіч расказалі Свабодзе пра свайго арыштаванага супрацоўніка.

«Сьпярша ня мог 2-3 сказы сфармуляваць»

«Да нас у рэдакцыю Аляксандра Івуліна прывёў Мікіта Мелказёраў. Тады яшчэ гэта быў Goals.by, — успамінае галоўны рэдактар Алег Гаруновіч. — Саша сьпярша, шчыра скажам, ня вельмі ўражваў. У яго толькі адна моцная якасьць была — безадмоўнасьць. Браўся за ўсё, што скажаш. Як у камэдыі Гайдая, літаральна заўсёды казаў „Я!“. Быў гатовы і рэпартажы рабіць, і інтэрвію браць. Гэта было жахліва. І тэксты, і інтэрвію ў Івуліна спачатку былі вельмі дрэннымі. Ня мог 2-3 сказы сфармуляваць, прыходзілася сядзець гадзінамі самому ўсё перапісваць. Памятаю, як Івулін прынёс тэкст з загалоўкам „Мір, Чыж, май“ (Юры Чыж, былы ўладальнік менскага „Дынама“, рэгулярна звальняў галоўных трэнэраў каманды ў траўні. — РС). І з гэтага тэксту пасьля маёй рэдактуры застаўся толькі загаловак. І тое толькі таму, што ён вельмі падабаўся самому Івуліну. Фармат Goals.by дазваляў такое рабіць».

У дадатак, згадвае Гаруновіч, Івулін на пачатку сваёй кар’еры пастаянна ўсё блытаў.

«Да Івуліна адразу мянушка „Тапор“ прыклеілася, бо пісаў ён, так скажам, спэцыфічна, прамалінейна, — расказвае дырэктар „Трибуны“ Максім Беразінскі. — Гэта не ўнікальная рэч. Шмат хто з тых, хто прыходзіць да нас, маюць сьціплыя ўменьні. Журфак мала чаму вучыць. Але Івулін праявіў імпэт. Яго самымі моцнымі рысамі былі самаадданасьць і мэтанакіраванасьць. Гатоўнасьць аддаць усяго сябе нейкай справе. Ён хутка спрабаваў усё выправіць, зрабіць лепш, пастаянна працаваў над сабой. З часам узровень Івуліна прыкметна вырас, ён хутка ўліўся ў наш асноўны склад».

Па словах Беразінскага, у Івуліна хутка назьбіралася шмат сувязяў і кантактаў. Ён заняў вольную нішу асьвятленьня беларускага футболу — запісваў відэа, аўдыё, усё што заўгодна. Івулін змог наладзіць добрыя адносіны нават з такім няпростым чалавекам, якім быў былы генэральны мэнэджар БАТЭ Анатоль Капскі. Вельмі добра кантактаваў з былым кіраўніком фэдэрацыі футболу Беларусі Сяргеем Румасам.

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

«Яго тэксты маглі б выклікаць цікавасьць праваахоўнікаў, калі б яны займаліся сваёй справай»

«Яго рэпартажы пра БАТЭ вельмі моцныя былі, — расказвае Алег Гаруновіч. — Я памятаю яго рэпартаж з чэмпіёнскага матчу БАТЭ ў Віцебску, які ён паглядзеў разам з Анатолем Капскім. Ён таксама рабіў вельмі крутыя тэмы, якія, мне здаецца, маглі б выклікаць цікавасьць у органаў правапарадку. Калі б яны займаліся сваёй справай. Напрыклад, такімі былі публікацыі Івуліна пра справы ў салігорскім „Шахтары“. Хто стаіць за гэтай камандай, пра вельмі мутныя рэчы, пра вялікія грошы, якія ідуць невядома куды зь дзяржаўнага бюджэту праз гэты клюб. Саша называў прозьвішчы, якія з усім гэтым зьвязаныя».

Адной з самых незвычайных прыдумак Івуліна стаў яго паход на сустрэчу заўзятараў БАТЭ з удзелам футбалістаў і кіраўніцтва клюбу. Незадоўга да гэтага адносіны ў «Трибуны» з БАТЭ часова сапсаваліся да ўзроўню недапушчэньня на мерапрыемствы з удзелам клюбу. Таму Івулін, каб трапіць у залю, пераапрануўся ў заўзятара «жоўта-сініх» і нават прыклеіў сабе вялізныя вусы. На сустрэчы супрацоўнікі БАТЭ і футбалісты яго так і не пазналі.

«Гэтая гісторыя потым сама па сабе абрасла мэмамі, — успамінае Максім Беразінскі. — Капскі гаварыў, што Івулін ледзьве не ў стрынгах прыйшоў. І вось выраз „стрынгі Івуліна“ за ім дагэтуль замацаваўся. Але гэтая гісторыя паказальная. Саша правярнуў тады такое, на што ніхто ў рэдакцыі не адважыўся б. А яму ў кайф было. Івулін любіць ставіць сябе ў нязручнае становішча, пераадольваць цяжкасьці. Рабіць тое, чаго ад цябе ніхто не чакае. Таму ягоны посьпех у ютубе і заканамерны. Івулін любіць увагу да сябе, не баіцца быць сьмешным. Але пры гэтым ён можа быць сур’ёзным. Івулін можа задаваць важныя пытаньні Румасу ці Базанаву».

Аляксандар Івулін (у цэнтры)
Аляксандар Івулін (у цэнтры)

«„ЧестнОК“ — гэта вынік працы выключна Івуліна»

Да заняткаў журналістыкай Аляксандар Івулін спрабаваў стаць прафэсійным футбалістам. Ён пачынаў трэнавацца ў сваёй роднай Воршы і нават праходзіў прагляд у пасьпяховай на той час футбольнай школе МТЗ-РІПА, але атрымаў цяжкую траўму, пасьля якой аб прафэсійным футболе давялося забыць. Часова, бо ў 2020 годзе Івулін падпісаў прафэсійны кантракт з «Крумкачамі», прайшоў з клюбам перадсэзонную падрыхтоўку і нават забіў адзін гол падчас таварыскага матчу. Паралельна здымаў пра разьвіцьцё сваёй кар’еры відэаблог на канале «ЧестнОК».

«Канал „ЧестнОК“ — гэта выключна Сашаў імпэт, — расказвае Алег Гаруновіч. — У нас у рэдакцыі лунала думка, што нешта трэба рабіць для ютубу. Але ў нас такі падыход, што мы можам толькі дапамагчы, калі чалавек хоча нешта рабіць. Калі ня хоча, то прымусіць цяжка. Цікавіліся ў супрацоўнікаў, хто штосьці хацеў бы. Саша загарэўся сам, пачаў. Напачатку гэта было паралельна з асноўнай працай, здымаў на тэлефон, у свае выходныя. Палёгкі ніхто асабліва не рабіў. Але Івулін знаходзіў час, рабіў экспэрыменты зь відэа».

Гаруновіч расказвае, што першымі вынікамі працы Івуліна зь відэа мала хто захапляўся, але ён не апускаў рук і паступова стаў рабіць прыстойны праект. У рэдакцыі таксама пачалі падтрымліваць, зьявіліся нават рэклямадаўцы.

«Гэтага нічога не было б без імпэту Івуліна, — кажа Гаруновіч. — Тут роля нашай рэдакцыі ня вельмі істотная была. Адназначна меншая за палову. Толькі дзякуючы харызьме Івуліна, ягоным высілкам гэты праект адбыўся. Цяпер гэта самы папулярны спартовы праект у беларускім ютубе. У Івуліна заўсёды было гэтае імкненьне да публічнасьці, да артыстызму. Ён нават у КВЗ гуляў калісьці, гэта таксама адбілася, знайшло сваё ўвасабленьне ў гэтым праекце».

Аляксандар Івулін
Аляксандар Івулін

«Ведаў загадзя, што яго ня выпусьцяць»

Аляксандра Івуліна ўжо затрымлівалі ўвосень 2020 году, тады для журналіста гэта скончылася штрафам. На пачатку траўня 2021 Івуліна забралі проста зь ягонай кватэры. На судзе ён заявіў, што не вывешваў на бальконе сьцягоў, аднак усё адно атрымаў 30 дзён арышту.

«За кратамі Івулін стараўся не губляць настрою, — гаворыць Алег Гаруновіч. — Ад яго сукамэрніка Анатоля Лябедзькі вядома, што ён усіх падтрымліваў там, трымаўся добра, упэўнена і аптымістычна. Ужо пасьля таго, як у суботу стала вядома, што Івуліна ня выпусьцяць, нейкі чалавек перадаў ад яго вітаньні. Ён быццам бы ведаў загадзя, што яго ня выпусьцяць. Перадаваў нам усім, каб мы тут не раскісалі. Думаю, гэты мэсэдж быў найперш накіраваны ягонай маці, за якую ён заўжды перажывае найбольш».

У чым канкрэтна абвінавачваюць Аляксандра Івуліна і дзе ён знаходзіцца, стане вядома ў найбліжэйшыя дні. Адвакат журналіста чакае званка ад сьледчага і магчымасьці пабачыць свайго падабароннага. Калегі Аляксандра лічаць, што затрыманьне і крымінальны перасьлед зьвязаны выключна зь дзейнасьцю Івуліна як журналіста і блогера.

«Я думаю, гэта агульны трэнд для блогераў любой скіраванасьці, — кажа Максім Беразінскі. — Гэта адзінае, што прыходзіць у галаву. А што канкрэтна „знайшлі“ ў Івуліна, можна толькі здагадвацца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG