Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайканаўты ўпершыню за 13 гадоў выйшлі ў адкрыты космас


Члены экіпажа новай кітайскай арбітальнай касьмічнай станцыі Лю Бамін і Тан Хунбо ў нядзелю правялі першую для сваёй краіны за 13 гадоў вылазку ў адкрыты космас.

Яны падрыхтавалі да працы рабатызаваны маніпулятар, выносную кабіну для будучых місій і ўсталявалі панарамную камэру за межамі асноўнага модуля станцыі. Трансьляцыю ў прамым эфіры вяло Цэнтральнае тэлебачаньне Кітаю.

Выхад тайканаўтаў у космас стаў другім у гісторыі кітайскай касманаўтыкі. Першы быў зроблены ў 2008 годзе ў ходзе пілятаванай місіі «Шэньчжоў-7». Лю Бамін быў членам экіпажу на той экспэдыцыі, але ў космас тады не выходзіў.

Вылазка працягвалася 7 гадзін, перадае афіцыйная кітайская газэта «Хуаньцю Шыбаеў». За час экспэдыцыі экіпажу спатрэбіцца яшчэ адзін выхад у космас.

Кітай актыўна разьвівае сваю касьмічную праграму, імкнучыся канкураваць у гэтай галіне з ЗША. Базавы модуль новай касьмічнай станцыі «Цяньгун» ( «Нябесны палац») быў разьмешчаны на арбіце ў красавіку. У ім разьмешчаныя жылыя памяшканьні для трох тайканаўтаў, сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня, кіраваньня, навігацыі і руху. Мяркуецца, што на працягу двух гадоў да модулю будуць далучаныя дзьве лябараторыі. Тады агульная маса станцыі дасягне ста тон.

На борце станцыі працуе вайфай, хуткасьць доступу да сеткі на зямлі перавышае 1,2 гігабіта ў сэкунду, што прыкладна адпавядае ніжняй плянцы мабільнай сувязі пакаленьня 5G.

У выпадку посьпеху праграмы кітайская станцыя стане трэцяй у сьвеце шматмодульной пастаянна пілятаванай касьмічнай станцыяй пасьля савецкага «Миру» і МКС. Тэрмін службы «Цяньгун» можа аказацца даўжэйшым, чым у МКС, працу якой плянуецца завяршыць да 2030 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG