Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай упершыню пасадзіў касьмічны апарат на Марс


Фатаздымак Марса, зроблены апаратам «Цяньвэнь-1»

Кітайскае нацыянальнае касьмічнае кіраўніцтва паведаміла аб першай у гісторыі краіны пасьпяховай пасадцы касьмічнага апарата на іншую плянэту.

Модуль апарата «Цяньвэнь-1» у аўтаматычным рэжыме апусьціўся ў паўднёвай частцы раўніны Ўтопія ў паўночным паўшар’і Марса ў ноч на 15 траўня.

На борце знаходзіцца першы кітайскі марсаход «Чжужун». Мяркуецца, што марсаход на шасьці колах масай 240 кіляграмаў прапрацуе на плянэце 90 марсіянскіх дзён, гэта значыць каля 92 зямных.

Марсаход абсталяваны дзьвюма аптычнымі і адной мультыспэктральнай камэрамі, мэтэастанцыяй, аналізатарам грунту, геарадарам і магнітамэтрам. Электраэнэргіяй ён павінен забясьпечваць сябе з дапамогай сонечных батарэй, а сувязь зь Зямлёй весьці праз арбітальны зонд, які павінен правесьці на арбіце каля трох гадоў.

Кітай стаў трэцяй краінай у сьвеце, якая здолела дасягнуць паверхні іншай плянэты. У 1970 годзе мяккая пасадка ўпершыню ўдалася Савецкаму Саюзу з апаратам «Венэра-7». Першая пасьпяховая пасадка ЗША атрымалася ў 1976 годзе, на Марс, з апаратам «Вікінг-1».

Цяпер на Марсе працуе амэрыканскі апарат Perseverance, які высадзіўся на плянэту ў лютым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG