Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкавы ‘Oumuamua. Астрафізык з Гарварду расказаў, як да нас завітаў госьць з космасу


Месяцы два таму ў ЗША і Вялікай Брытаніі выйшла кніга, у якой аўтар апісвае, як нашу Сонечную сыстэму ў 2017 годзе наведаў аб’ект, створаны пазаземнай цывілізацыяй.

Кніга называецца «Extraterrestrial. The First Sign of Intelligent Life Beyond Earth» (прыблізна: «Іншаплянэтнік. Першы знак разумнага жыцьця па-за Зямлёй»). Яе аўтар — Аві Лэйб (Avi Loeb), вядомы ў навуковым асяродзьдзі амэрыканска-ізраільскі астрафізык, прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

Са сьцьвярджэньнем Лэйба — з тым менавіта, што аб’ект быў створаны разумнымі істотамі зь іншай зоркавай сыстэмы — не пагаджаецца большасьць фізыкаў. Агульны навуковы кансэнсус палягае ў тым, што згаданы лятучы аб’ект фактычна прыбыў да нас зь іншай зоркавай сыстэмы, але ён меў «натуральнае» паходжаньне, то бок быў нечым накшталт камэты або астэроіда, якія сустракаюцца і ў нашай Сонечнай сыстэме. Лэйб думае інакш.

  • Камэта — невялікае нябеснае цела, якое кружыць вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце. Пры набліжэньні да Сонца камэта ўтварае кому (воблака з пылу і газу вакол свайго ядра) і часам хвост (таксама з пылу і газу). Чалавецтва зарэгістравала да гэтага часу каля 7 тысяч камэтаў.
  • Астэроід — невялікае нябеснае цела Сонечнай сыстэмы, якое рухаецца па арбіце вакол Сонца. Астэроіды значна саступаюць паводле масы і памераў плянэтам, маюць няправільную форму і ня маюць атмасфэры, хоць пры гэтым і ў іх могуць быць спадарожнікі. Раней астэроіды называлі малымі плянэтамі.

Прапаную чытачам агляд гэтай навуковай спрэчкі, зроблены мною паводле кнігі Аві Лэйба, аўтара, які, на маю думку, расказвае пра Космас і магчымыя пазаземныя цывілізацыі ў ім значна больш цікава і захапляльна, чым найбольш прызнаныя аўтары навуковай фантастыкі. Кніга вартая шырэйшай увагі яшчэ і таму, што апавяданьне і гіпотэзы Лэйба маюць пад сабой навуковы грунт, а ня чыстую фантазію.

Факты (тое, з чым пагаджаюцца ўсе)

19 кастрычніка 2017 году канадзкі астраном Робэрт Ўэрык, які працаваў пры магутным тэлескопе Pan-STARRS на Гаваях, зарэгістраваў таямнічы лятучы аб’ект, які знаходзіўся на адлегласьці 33 мільёнаў кілямэтраў ад Сонца. Пасьля адкрыцьця Ўэрыка тэлескопы ў іншых пунктах Зямлі таксама нацэліліся на гэты аб’ект. Разьлікі траекторыі і хуткасьці зарэгістраванага аб‘екта выявілі, што 40 дзён раней (9 верасьня 2017) ён знаходзіўся ў пункце, найбліжэйшым да Сонца, пасьля чаго «ўключыў» паскарэньне і пачаў аддаляцца ад нашай зоркі. Аб’ект выйшаў па-за абсяг тэлескопнай рэгістрацыі зь Зямлі напрыканцы лістапада 2017.

Аб’ект, як і прынята ў астрафізыцы, быў спачатку пазначаны бухгальтарскім сымбалем 1I/2017 U1, але потым, з увагі на сваю асаблівасьць, атрымаў экзатычна-паэтычную назву ‘Oumuamua (па-гавайску слова азначае прыблізна «выведніка»; Міжнародны астранамічны зьвяз пераклаў гэтую назву як «пасланьнік, які прыбыў здалёк першы»).

Разьлікі траекторыі ‘Oumuamua выявілі, што аб’ект ня мог знаходзіцца на сонечнай арбіце (эліптычнай), а рухаўся па гіпэрбале, то бок прыбыў зь міжзоркавай прасторы, найбольш імаверна — з боку Вэгі, зоркі на адлегласьці 25 сьветлавых гадоў ад Сонца, і накіраваўся таксама ў міжзоркавую прастору (то бок ён ужо ніколі ня вернецца да Зямлі).

  • Сьветлавы год — адзінка адлегласьці, роўная шляху, які праходзіць прамень сьвятла ў вакуўме за 1 год (каля 9,5 більёна кілямэтраў).

Усе навукоўцы таксама пагаджаюцца, што ‘Oumuamua характарызаваўся «анамальнымі» паводзінамі і выглядам, якія не назіраліся раней у выпадку вядомых людзям камэтаў і астэроідаў.

Асноўнай анамаліяй было тое, што гэта быў наагул першы аб’ект зь міжзоркавай прасторы, які зарэгістравалі на Зямлі (значыць, гэта была гістарычная падзея, ні больш ні менш).

Нікому не ўдалося сфатаграфаваць аб’ект (ён быў проста задалёка, калі яго заўважылі), але пра ягоную форму навукоўцы зрабілі высновы на падставе рэгістрацыі адбітага ад яго паверхні сьвятла.

Яркасьць аб’екта рэгулярна мянялася цягам кожных васьмі гадзін, узрастаючы дзесяцікротна, з чаго навукоўцы зрабілі дзьве высновы: а) аб’ект круціўся вакол уласнай восі, і пэрыяд гэтай ратацыі быў роўны васьмі гадзінам; б) даўжыня аб’екта была сама менш 10 разоў большая, чым яго шырыня. Такога не бывала зь вядомымі камэтамі і астэроідамі.

Да таго ж яркасьць адбітага ад аб’екта сьвятла была ў 10 разоў мацнейшая, чым у выпадку звычайных камэтаў і астэроідаў. Усё гэта дазволіла навукоўцам выказаць здагадку, што ‘Oumuamua меў форму цыгары.

Яшчэ адна вельмі важная анамалія — ‘Oumuamua, аддаляючыся ад Сонца, пачаў паскараць свой рух, і гэтае паскарэньне мела «негравітацыйны» характар.

Кансэнсус большасьці

Паўтару тое, што адзначыў ужо на самым пачатку. Большасьць астрафізыкаў лічаць, што ‘Oumuamua, нягледзячы на свае асаблівасьці, — усё ж натуральны аб’ект зь іншай зоркавай сыстэмы. Магчыма, астэроід або камэта. Літаральна ў гэтым месяцы зьявілася яшчэ дапушчэньне, што ‘Oumuamua можа быць малой экзаплянэтай.

  • Экзаплянэта — плянэта, якая рухаецца вакол зоркі за межамі Сонечнай сыстэмы. Першую экзаплянэту адкрылі ў 1992 годзе, на гэты момант вядома пра існаваньне больш як 4,5 тысячы экзаплянэт у амаль 3,5 тысячы зоркавых сыстэмаў.

Аргумэнты Лэйба за «апарат іншай цывілізацыі»

Аві Лэйб усе згаданыя анамаліі інтэрпрэтуе на карысьць сваёй гіпотэзы, што ‘Oumuamua — гэта апарат, створаны разумнымі істотамі зь іншай зоркавай сыстэмы і «закінуты» ў нашую сыстэму немаведама калі і немаведама адкуль.

Паводле Лэйба, самая незвычайная асаблівасьць аб’екта пад назвай ‘Oumuamua (і адначасова самы моцны аргумэнт у падтрымку ягонай гіпотэзы) — факт (пацьверджаны без сумневу ўсімі назіральнікамі) паскарэньня аб’екта пры яго аддаленьні ад Сонца.

Звычайна прыцягненьне Сонца значна паскарае аб’ект па меры яго набліжэньня, пасьля чаго, мінуўшы Сонца, абʼект замаруджвае свой рух, аддаляючыся ад зоркі. Аднак ‘Oumuamua, адыходзячы ад Сонца, паскараўся — нязначным, але статыстычна істотным чынам.

Лэйб лічыць, што, акрамя гравітацыі Сонца, на аб’ект узьдзейнічала (штурхала яго) дадатковая сіла. Разам са сваімі супрацоўнікамі з Гарварду Лэйб разгледзеў дадзеныя з назіраньня астрафізыкаў за ‘Oumuamua і праінтэрпрэтаваў іх па-новаму. Паводле яго, зьвесткі з рэгістрацыі дазваляюць меркаваць, што аб’ект меў форму не цыгары, а хутчэй налісьніка ці драніка. Інакш кажучы, гэта мог быць і дыск таўшчынёй менш за мілімэтар з прапорцыямі, падобнымі да ветразя.

Калі ‘Oumuamua быў «сьветлавым ветразем» (арыгінальная ідэя Лэйба наконт таго, як можна падарожнічаць у Космасе, выкарыстоўваючы сьвятло зорак), дык адбіцьцё сонечных промняў ад яго бліскучай паверхні (якое, дарэчы, тлумачыць незвычайную яркасьць такога малога аб’екта) магло быць прычынай яго паскарэньня пры аддаленьні ад Сонца.

Лэйб прадстаўляе таксама некалькі іншых важкіх аргумэнтаў за тое, што ‘Oumuamua ня можа быць камэтай ці астэроідам. Ну, напрыклад, ніхто не назіраў ніякага газава-пылавога воблака ці хваста за ім, як бывае са звычайнымі камэтамі. Або тое, што астэроіды ня могуць мець такіх «расьцягнутых» ці «прыплюснутых» памераў, як ‘Oumuamua. Але я ня буду мучыць чытача гэткай дадатковай інфармацыяй. Напішу яшчэ толькі пра адну справу.

Чаго яны завіталі да нас?

Адказ Лэйба на гэтае пытаньне паказвае як найлепш нестандартнасьць мысьленьня гарвардзкага астрафізыка.

Калі мы думаем пра гіпатэтычныя адведзіны касьмічных гасьцей, дык маем на ўвазе наагул нейкі апарат, карабель ці зонд, які прылятае адмыслова ў нашу Сонечную сыстэму. Але ж усё на гэтым сьвеце адноснае, а ў фізыцы перш за ўсё — рух. Зямля круціцца вакол Сонца, але ж само Сонца знаходзіцца ў руху ў адносінах да іншых зорак і сузор’яў. Увесь сусьвет пашыраецца, усе аб’екты ў ім у руху, калі не ў адной сыстэме каардынатаў, дык у іншай.

Справа можа быць у тым, што гэта не касьміты прыляцелі да нас, а мы — да іх, дапускае Аві Лэйб. Нейкая разумная цывілізацыя пакінула ў акрэсьленым пункце сусьвету аб’ект, які мы цяпер угледзелі і назвалі ‘Oumuamua, як своеасаблівы «касьмічны буй» (для камунікацыйных мэтаў, напрыклад), і ён «стаяў на месцы» паводле іхнай сыстэмы каардынатаў, а гэта якраз наша Сонечная сыстэма празь немаведама колькі стагодзьдзяў ці тысячагодзьдзяў «наляцела» на яго. І ў той момант, калі аб’екту пагражала сутыкненьне з Сонцам, ён уключыў «паскарэньне» пры дапамозе «сьветлавога ветразя» і пазьбег анігіляцыі.

Ну, спадзяюся, вы ўжо адчуваеце, чаму кнігу Аві Лэйба варта прачытаць на дадатак да таго, што вы чыталі, напрыклад, у Станіслава Лема, братоў Стругацкіх або Артура Кларка…

Толькі пра літаратуру: Як стаць кніжным наркаманам і пачаць чытаць на 14 мовах
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:27 0:00

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG