Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнікі Гітлера, дыгітальны акіян, кроў Гусэйна. З нататак кнігалюба


Cтарадрук “Часоўнік”, выдадзенs для рэлігійных патрэбаў старавераў у магілёўскай друкарні пры Багаяўленскай царкве (каля 1773 году)
Cтарадрук “Часоўнік”, выдадзенs для рэлігійных патрэбаў старавераў у магілёўскай друкарні пры Багаяўленскай царкве (каля 1773 году)

Недзе да восені леташняга году я яшчэ трымаўся і не набываў электронных кніг. Аднак восеньню перастала хапаць месца для папяровых кніг ня толькі на паліцах, але і на падлозе пад пісьмовым сталом.

І тады я сказаў сабе — досыць! Завязваю гэты мяшок…

Прыйшла таксама рэфлексія: наўрад ці меў рацыю Ўмбэрта Эка, які неяк сказаў, што значэньне кнігі для чалавецтва ня меншае, чым значэньне кола… То бок людзі нібыта будуць карыстацца кнігамі да канца сваёй гісторыі, як і коламі…

А мы ж сёньня акунуліся па макаўкі ў дыгітальнай эпосе, у акіяне лічбавых тэкстаў! Каму, акрамя дасьледнікаў і бібліяманаў, яшчэ ахвота хадзіць у бібліятэку з папяровымі кнігамі, калі ў сеціве дасхочу электронных кнігазбораў і тэкставых рэсурсаў, платных і на халяву?

Безумоўна, я шкадую, што так яно здарылася, але ж і разумею, што народ тлумна паімчаў у лічбавыя прасьцягі, і спыніць гэты рух ужо немагчыма. Можа быць, нічога радыкальна страшнага не адбылося, проста зьмянілася вызначэньне кнігі. Але мне вельмі журботна, што дыгітальная кніга не шалясьціць і ня пахне паперай. Крыху перафразаваўшы Купалавы словы, падсумую свой цяперашні настрой так:

Як сон і смутны, і жаданы,
Сыходзіш, кніга, зь яснай явы,
А твой народ вернападданы
Імкнецца, скінуўшы кайданы,
Да новай долі, новай славы.

«Акіянскі праект»

Колькі папяровых кніг выйшла на сьвеце да цяперашняга часу? У 2002 годзе спэцкаманда кампаніі Google пачала сакрэтны праект пад кодавай назвай Ocean Project. Яны вырашылі правесьці аблічбоўку кожнай папяровай кнігі, якая існуе ў гэтым сьвеце. І пачалі праект з ацэнкі, колькі такіх кніг маецца ў наяўнасьці. Праз два гады яны рассакрэціліся і абвясьцілі лічбу — 129 864 880 кніг. Можаце верыць або і не, але, паводле заяваў выканаўцаў гэтага праекту, з таго часу ім удалося перавесьці ў электронную форму больш за 40 мільёнаў загалоўкаў!

Існуе інтэрнэтавы сэрвіс поўнатэкставага пошуку ў кнігах, аблічбаваных кампаніяй Google — Google Books (books.google.com). Зайдзіце і праверце, у якіх кнігах, напрыклад, згадваецца вашае імя. Спачатку праект Google Books займаўся пераважна аблічбоўваньнем ангельскамоўных кніг ды кніг, надрукаваных лацінскім альфабэтам, потым уключылі і кірылічныя выданьні. Там розныя опцыі прагляду тэкстаў — full text, preview, snippet view.

Адчуваньне такое, што з рэсурсам Google Books ня выйграе ніякі іншы кнігазбор у сьвеце, што тычыцца наведвальнасьці…

Акрамя «транснацыянальных» праектаў аблічбаваньня кніг — такіх як Google Books ці Gutenberg Project — існуе процьма «нацыянальных» ініцыятыў, прысьвечаных дыгіталізацыі выданьняў на адной нацыянальнай мове (ці некалькіх). З увагі на захаваньне аўтарскіх правоў аблічбоўваецца пераважна клясыка, у якой юрыдычныя абмежаваньні аўтарскімі правамі ўжо ня дзейнічаюць.

Зь беларускіх лічбавых бібліятэк я найчасьцей заглядваю на «Палічку» (knihi.com) і «Камунікат» (kamunikat.org).

Але сёньня мне хочацца напісаць не пра сучасныя лічбавыя кнігі, а пра кур’ёзныя папяровыя выданьні зь мінулага…

«Бібліятэка вар’ята»

Гэта (пакуль) апошняя папяровая кніга, якую я сабе набыў: Edward Brooke-Hitching, The Madman’s Library, The Strangest Books, Manuscripts and Other Literary Curiosities From History, Simon & Schuster UK, 2020. Мяшок ужо быў завязаны, але я неяк зайшоў на брытанскі Amazon, каб разьвітацца, і кніга мне кінулася ў вочы.

Шалі ў бок закупу схіліла папярэджаньне, што з 2021 году кніга для маёй краіны пражываньня (Чэхія) можа каштаваць болей, бо Вялікая Брытанія ўжо будзе па-за Эўразьвязам, і на брытанскія кнігі хутчэй за ўсё пабольшыцца падатак. Ну дык я замовіў, пераступіўшы дадзенае самому сабе абяцаньне і нічога не сказаўшы жонцы...

І заадно, каб грэх быў толькі аднаразовы, замовіў яшчэ дзьве кнігі гэтага аўтара: The Sky Atlas, The Greatest Maps, Myths and Discoveries of the Universe; The Golden Atlas, The Greatest Explorations, Quests nad Discoveries on Maps. Вы мяне зразумелі б, калі б пагарталі гэтыя кнігі і пабачылі, як шыкоўна яны напісаныя і ілюстраваныя…

З кнігі «Бібліятэка вар’ята» я выбраў некалькі прыкладаў выдавецкіх асаблівасьцяў мінулага, каб і прыхільным чытачам гэтага дыгітальнага тэксту крыху пагрэць душу згадкамі пра эпоху папяровага кнігадрукаваньня…

Кнігі-забойцы

Магчыма, помніце сюжэт дабротнай кнігі Ўмбэрта Эка «Імя ружы»? Касьцяком гэтага сюжэту зьяўляецца крымінальная загадка — у адным сярэднявечным кляштары немаведама чаму паміраюць манахі. Нехта іх наўмысна забівае? Герой, якога ў экранізацыі бэстсэлеру Эка грае Шон Конэры, знаходзіць разгадку — забіваюць манахаў старыя (і забароненыя) кнігі, якія манахі гартаюць потайкам, сьлінячы пальцы, і такім чынам уводзяць у свой арганізм атруту (ня толькі інтэлектуальную, але і фізычную).

Справа ў тым, што ў тыя даўнія часы да пэргаміну, на якім пісаліся рукапісы і друкаваліся кнігі, а таксама да кніжных пераплётаў дадаваўся мыш’як — моцна атрутнае рэчыва. Навошта ён дадаваўся, тлумачыць тут ня буду, адзначу толькі, за Брук-Гітчынгам, што гэтая мыш’яковая практыка, хоць і не паўсюдная, трывала ажно да ХІХ стагодзьдзя. «Мяркуецца, што яшчэ шмат такіх неапазнаных кніг у сьмяротных пераплётах ляжыць у кнігазборах па ўсім сьвеце», — піша брытанскі аўтар.

Кнігі зь «цела і крыві»

У гэта цяжка паверыць, тым ня менш гэта так. То бок лёгка паверыць у тое, што ёсьць кнігі ў пераплётах са скуры жывёл (сьвіней, кароў ці сабак, напрыклад), але каб кнігі ў пераплётах з чалавечай скуры?! А гэткія пераплёты, аказваецца, былі нечым накшталт пікантнай моды сярод некаторых кнігалюбаў XVIII i XIX стагодзьдзяў у Францыі і Англіі. Асабліва ў Францыі эпохі якабінскага тэрору, калі на гільятыны пасылалі тысячы людзей, практыка «аблупліваньня са скуры» ахвяраў і выкарыстаньня скуры, пасьля апрацоўкі гарбаром, для пераплёту кніг, была даволі распаўсюджанай. Некалькі тамоў нованапісанай Францускай канстытуцыі пераплялі ў чалавечую скуру…

У 1997 годзе ірацкі дыктатар Садам Гусэйн на свой 60-ы дзень народзінаў загадаў майстру каліграфіі, каб той перапісаў увесь Каран, ужываючы ягоную (Гусэйнаву) кроў. Каліграф з дапамогай сына працаваў над гэтай замовай два гады (трэба было запісаць 336 тысяч словаў), падчас якіх з дыктатара «спусьцілі» больш за 25 літраў крыві…

Кнігі-містыфікацыі

Напішу толькі пра адну са згаданых Брук-Гітчынгам кніжных фальсыфікацый і падробак, незвычайна ўражальную і маштабную. У пачатку 1980-х нехта Конрад Куяў са Штутгарту ўхітрыўся прадаць часопісу Stern ажно 60 (шэсьцьдзесят!) тамоў нібыта дзёньнікаў Гітлера за суму 9,3 мільёна нямецкіх марак (3,7 мільёна даляраў). Ён пісаў гэтыя дзёньнікі атрамантам і на паперы з эпохі Гітлера, а сам стыль падробкі быў настолькі верагодны, што спатрэбілася не абы-якая экспэртыза ў Фэдэральным архіве Нямеччыны, каб выявіць фальсыфікацыю.

Куява, разам з суўдзельнікам, які быў пасярэднікам паміж ім і часопісам Stern (ды забіраў больш за палову ганарару за падробленыя дзёньнікі), прысудзілі да турэмнага тэрміну за махлярства. Куяў адседзеў тры гады, а потым стаў тэлезоркай, экспэртам у фальсыфікацыях, ды займаўся жывапісам і ладзіў выставы сваіх карцін.

«Партугальска-ангельскі размоўнік»

У 1855 годзе ў Парыжы выйшла кніжка пад загалоўкам «Новы дапаможнік для размовы па-партугальску і па-ангельску». «Найзнакамітшы партугальска-ангельскі размоўнік, які пабачыў гэты сьвет», — піша Брук-Гітчынг. Рэч у тым, што яго аўтар, партугалец Пэдра Караліна, ня ведаў ангельскай мовы ні ў зуб. Для напісаньня гэтай кнігі ён скарыстаў тагачасныя партугальска-францускі размоўнік і француска-ангельскі слоўнік.

Пераход праз два этапы перакладу прынёс неверагодна блытаны (і адначасова фантастычна-камічны) вынік. Кніга адразу стала, як мы кажам сёньня, культавай і была перавыдадзеная ў Лёндане і Бостане пад зьмененым загалоўкам — «English as She is Spoke» (камізм загалоўка цяжка перадаецца па-беларуску, нешта накшталт: «Ангельскі як ім было кажуць»).

Каб ацаніць знакамітасьць размоўніка Пэдра Караліны, трэба крыху ведаць ангельскую мову («Каб знайсьці багацьце, можна разгарнуць кніжку ў любым месцы… Гэты знакаміты малы размоўнік не памрэ, пакуль будзе трываць ангельская мова», — напісаў Марк Твэн ва ўводзінах да амэрыканскага выданьня).

Прыклады ангельскіх фразаў з размоўніка Пэдра Караліны:

At which is this hat? / All trees have very deal bear. / Take care to dirt you self. / Yours parents does exist yet? / He refuse to marry one-self. / Here is a horse who have a bad looks. / Your pistols are its loads?

Дзіўныя загалоўкі

У другой палове кнігі Брук-Гітчынга такія разьдзелы, як: «Творы пра звышнатуральнае», «Кур’ёзы навукі», «Кнігі незвычайных памераў», «Дзіўныя загалоўкі». На заканчэньне працытую некалькі загалоўкаў:

  • «Першы ўдар гукам трубаў у пачварны полк жанчын» (1558);
  • «Сонечныя промні можна здабываць з агуркоў, але гэта ўтомны працэс» (1779);
  • «Неба: дзе яно, яго жыхары і як туды патрапіць» (1881);
  • «Качкі і як прымусіць іх плаціць» (1890);
  • «Падручнік вешаньня» (1928);
  • «Капуста і злачынства» (1945);
  • «Атамнае агародніцтва для неспэцыялістаў» (1960);
  • «Людзі, якія ня ведаюць, што яны памерлі: як яны прыстаюць да даверлівых мінакоў і што з гэтым робіць» (2005).

Кніга «Бібліятэка вар’ята» дыхтоўна ілюстраваная. Я не ўяўляю, як магчыма ацаніць гэтае выданьне, чытаючы ці гартаючы яго на электроннай чыталцы, хай сабе і з каляровым экранам. Сыходзіш, кніга, зь яснай явы…

Тэкст ілюструюць фатаграфіі старонак кнігі Edward Brooke-Hitching, The Madman’s Library, The Strangest Books, Manuscripts and Other Literary Curiosities From History, Simon & Schuster UK, 2020.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG