Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая расейская авіякампанія стала аблятаць Беларусь з прычыны санкцый


Расейскі авіяпарк, ілюстрацыйнае фота
Расейскі авіяпарк, ілюстрацыйнае фота

Найбуйнейшая авіягрузавая група «Волга-Днепр» больш ня лётае празь Беларусь з прычыны санкцый і патрабаваньняў брытанскіх уладаў. Гэта пакуль ня тычыцца пасажырскіх авіякампаній.

Гэта адбылося пасьля таго, як Эўразьвяз, Вялікая Брытанія і ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускіх кампаній, уключна з прадпрыемствам «Белаэранавігацыя», а таксама пасьля забароны ўправы грамадзянскай авіяцыі Вялікай Брытаніі супрацоўнічаць з гэтым правайдэрам аэранавігацыйных паслугаў.

«Волга-Днепр» мусіць падпарадкоўвацца распараджэньню брытанскіх авіяўладаў, бо «няўхільна выконвае ўсе міжнародныя правілы». Галаўная структура групы Volga-Dnepr Logistics B.V. зарэгістраваная ў Нідэрляндах.

«Мы сапраўды вырашылі часова не выкарыстоўваць для палётаў сваіх самалётаў паветраную прастору Беларусі», — пацьвердзіў расейскаму тэлеканалу РБК прадстаўнік групы «Волга-Днепр».

ЗША і Вялікая Брытанія сьледам за Эўразьвязам увялі санкцыі супраць Беларусі пасьля інцыдэнту з самалётам ірляндзкай авіякампаніі Ryanair, які 23 траўня накіроўваўся з Атэнаў у Вільню, але з прычыны паведамленьня беларускіх дыспэтчараў пра бомбу прызямліўся ў Менску. Пакуль лайнэр знаходзіўся ў Беларусі, з рэйса зьнялі і затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і студэнтку Соф’ю Сапегу.

21 чэрвеня кіраўніцтва цывільнай авіяцыі Вялікай Брытаніі разаслала міжнародным авіякампаніям ліст, у якім гаворыцца пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва зь «Белаэранавігацыяй». Згодна з санкцыямі, актывы беларускага прадпрыемства замарожваюцца, забаронена рабіць аплату збораў на яго рахункі за суправаджэньне палётаў і пасадку ў аэрапортах. Любая юрыдычная асоба, якая гэта робіць, парушае палажэньні аб санкцыях і падпадае пад крымінальны перасьлед, удакладняецца ў дакумэнце.

Паводле сэрвісу FlightRadar24, самалёты групы «Волга-Днепр», у якую таксама ўваходзяць кампаніі AirBridgeCargo і «Атран», перасталі выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі на наступны дзень пасьля атрыманьня ліста. Так, Boeing 737-400 авіякампаніі «Атран» 21 чэрвеня лётаў з Масквы ў нямецкі Нюрнбэрг празь Беларусь (працягласьць рэйсу 2 гадзіны 47 хвілін), а ўжо 22 чэрвеня выкарыстаў паветраную прастору краін Балтыі (працягласьць неістотна вырасла да 3 гадзін 3 хвілін).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG