Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як змагацца з дрэнным пахам ног? Парады лекараў


Дрэнны пах ад ног і абутку шмат каму ўскладняе жыцьцё. На думку экспэртаў, у гэтым, хутчэй за ўсё, вінаватая сумесь бактэрый і поту. Шмат хто з нас ня ведае, як з гэтым змагацца. Тым часам нават невялікія зьмены могуць дапамагчы пазбавіцца ад такіх праблем.

Газэта The New York Times пагутарыла зь лекарамі і падрыхтавала рэкамэндацыі, як пазбавіцца ад непрыемнага паху.

Чаму ногі такія сьмярдзючыя?

Лекары сьцьвярджаюць, што дрэнны пах ад ног — гэта нармальна, асабліва для людзей, якія моцна пацеюць падчас фізычных практыкаваньняў, у гарачае надвор’е або ў шчыльным абутку. Для дрэннага паху лекары нават прыдумалі спэцыяльны тэрмін — бромгідроз. Гэта азначае непрыемны пах ног і агульны пах цела ад поту і бактэрый. Каб ад яго пазбыцца, трэба лепш глядзець за нагамі.

Потавыя залозы дапамагаюць чалавеку рэгуляваць тэмпэратуру цела, і іх больш у такіх месцах, як падпахі, далоні і падэшвы ног. Але сам па сабе пот ня мае паху. Бактэрыі сілкуюцца потам і вырабляюць кіслоты, якія спараджаюць дрэнны пах ног.

Чаму некаторыя ногі пахнуць мацней за іншыя

Нечыя ногі могуць увесь час быць вільготныя, нават без актыўнага ладу жыцьця. Часам чалавек, ходзячы басанож, пакідае на падлозе мокрыя плямы. Гэта можа быць прыкметаю падэшвеннага гіпэргідрозу — стану, пры якім гіпэрактыўныя потавыя залозы выклікаюць празьмерную патлівасьць ног.

Вільготныя ступні ствараюць ідэальнае асяродзьдзе для грыбковых інфэкцый, такіх як мікоз ступні або грыбок пазногцяў на нагах. Некаторыя грыбковыя інфэкцыі выклікаюць непрыемны пах, але многія людзі, у якіх яны ёсьць, маюць справу адначасова з грыбкамі і бактэрыямі. У такіх выпадках лячэньне толькі грыбковай інфэкцыі не дапаможа пазбавіцца ад дрэннага паху.

Таксама ногі больш пацеюць у тых, хто перажывае гарманальныя зрухі, напрыклад, у падлеткаў і цяжарных жанчын.

Як можна пазбавіцца ад паху

Паводле апытаных The New York Times экспэртаў, калі ў чалавека няма сымптомаў інфэкцыі, такіх як сьверб, пачырваненьне, сухая або патрэсканая скура, то нават невялікія карэкціроўкі ў паводзінах і доглядзе за нагамі могуць дапамагчы.

Вось парады экспэртаў:

Сачыце за чысьцінёй ступняў і пазногцяў

Многія людзі, асабліва дзеці і падлеткі, часта ня трацяць час на тое, каб пачысьціць ногі. Лекары-дэрматолягі рэкамэндуюць мыць ногі хаця б раз на дзень, у тым ліку паміж пальцамі. Таксама лекары раяць выкарыстоўваць мыла без араматызатараў. Араматызаванае мыла можа маскіраваць пах, але яно з большай верагоднасьцю можа і раздражняць скуру.

Бруд і бактэрыі, якія трапляюць пад пазногці на нагах, таксама могуць выклікаць непрыемны пах, таму трэба рэгулярна падстрыгаць пазногці.

Таксама трэба добра сушыць ногі пасьля мыцьця, перш чым надзяваць шкарпэткі.

Выкарыстоўвайце антыпэрсьпіранты або дэзадаранты для ног

Лекары раяць наносіць камбінаваныя стык-антыпэрсьпіранты-дэзадаранты проста на ступні ног. Лепш выкарыстоўваць цьвёрдыя сродкі, каб зьнізіць рызыку раздражненьня.

Рэгулярна мяняйце шкарпэткі і абутак

Насіць абутак з закрытым наском без шкарпэтак — «рэцэпт для вельмі непрыемнага паху ног», — сказаў адзін з экспэртаў The New York Times.

Калі на працягу дня мяняць шкарпэткі, а таксама насіць шкарпэткі з бавоўны або воўны, то вільгаць можа ўбірацца лепш.

Чаргуйце абутак

Чаргаваньне абутку кожны дзень таксама можа мець вялікае значэньне.

«Калі ў вас адна і тая ж пара абутку — дзень пры дні, дзень пры дні — у яе няма часу нармальна высахнуць», — сказала газэце артапэд са штату Агаё Джэсіка Міліман.

Таксама важна рэгулярна мяняць спартовы абутак, напрыклад, для язды на ровары і выбіраць для трэніровак абутак зь сеткаватым верхам ці з адкрытым наском. Усё гэта спрыяе цыркуляцыі паветра, і ногі могуць застацца сухімі.

Дэзынфікуйце абутак

Лекары рэкамэндуюць мыць абутак, абпырскваць яго дэзынфікуючым сродкам, напрыклад лізолам, і даваць яму высахнуць, каб у бактэрый не было магчымасьці размножвацца.

Трэба таксама, калі гэта магчыма, мяняць вусьцілкі ў абутку кожныя некалькі месяцаў.

Калі трэба зьвяртацца да лекара

Калі пасьля некалькіх тыдняў стараннага догляду за нагамі ў вас яны ўсё яшчэ дрэнна пахнуць, трэба ісьці да артапэда ці дэрматоляга.

Відочныя зьмены скуры, такія як сып, невялікія ўвагнутасьці, пастаяннае лушчэньне або сьверб, — таксама падстава, каб зьвярнуцца да лекара. Гэта можа аказацца сымптомамі розных захворваньняў скуры або пазногцяў, якія выклікаюць непрыемны пах. Напрыклад, кропкавага кератолізу — бактэрыяльнай інфэкцыі, якая выклікае невялікія паглыбленьні на скуры і лечыцца антыбіётыкамі мясцовага прымяненьня.

Калі ж прычына потных ног — падэшвенны гіпэргідроз, лекар можа парэкамэндаваць такія варыянты, як рэцэптурныя аптэчныя антыпэрсьпіранты, прызначаныя для ног. Часам лекары рэкамэндуюць іньекцыі ботаксу або іёнафарэз — узьдзеяньне на скуру ног электрычным токам.

Так ці іначай, трэба ведаць галоўнае: чыстыя і сухія ногі — гэта пазытыўны крок наперад.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG